
Два дні — 27 і 28 чэрвеня сталіцай рок-музыкі стануць Пружаны. У гэты час будзе праходзіць рок-фестываль «Сонцастаянне».
Для гэтага на стадыёне «Мухавец» пачаўся мантаж вялікай сцэны, на якой пройдуць асноўныя канцэрты зорак расійскай і сусветнай рок-індустрыі. У гэтым годзе іх будзе дзве. Малая пляцоўка, якую арганізоўвае тэлерадыёкампанія «Мір», размесціцца ў гарадскім парку. На ёй выступяць маладыя рок-групы з нашай краіны.
Сумаваць часу не будзе ні дарослым, ні дзецям. Усім знойдзецца чым заняцца на грандыёзнай падзеі гэтага года — рок-фестывалі «Сонцастаянне» ў Пружанах. Арганізатарам фэсту выступіла Брэсцкая абласная філармонія пры падтрымцы Пружанскага райвыканкама і райсавета дэпутатаў.
Але яшчэ адзін сюрпрыз чакае пружанцаў напярэдадні рок-фэсту. 26 чэрвеня ў 21.30 гадзін з канцэртнай праграмай «Анёл» выступіць фронтмэн групы «Goffman» Алег Арлоў. Група была заснавана разам з сынам Ягорам. З творчасцю Алега, хто быў на мінулагоднім рок-фестывалі, меў магчымасць пазнаёміцца, а яшчэ раней на «Пружаны-фэст». Ад сябе скажу, што Алег абаяльны чалавек, добра ідзе на кантакт. Што яшчэ ведаю, гэта тое, што ён, акрамя музыкі, з’яўляецца рэстаўратарам, мастаком.
Стылістычна групу можна аднесці да готык-электра-року з элементамі электроннага гучання. Першы сольны канцэрт адбыўся ў 2020 годзе. У аснове творчасці групы «Goffman» ляжыць якасная паэзія і меладызм. Дарэчы, усе кампазіцыі Алег і Ягор Арловы пішуць самі.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
