Вторник, 22 апреля 2025

250-годдзе храма ў гонар Мікалая Цудатворцы і 15-годдзе з дня заснавання манастырскага падвор’я адзначылі ў Вежным

1 704

Дзясяткі вернікаў прыехалі ў аўторак на хутар Вежнае. Людзей сабрала сапраўды значная падзея. У свята Смаленскай іконы Божай Маці тут адзначылі 250-годдзе храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворцы і 15-годдзе з дня заснавання пры ім манастырскага падвор’я.

Царква Мікалая Цудатворцы пабудавана ў Вежным яшчэ ў 18 стагоддзі. Асаблівым чынам тут шануюць абраз Смаленскай іконы Божай Маці, які называюць «Адзігітрыя», або «Пуцяводніца». Справа ў тым, што ў першыя гады будаўніцтва падвор‘я, больш за 15 гадоў таму, старадаўняя ікона Багародзіцы абнавілася. З тых часоў у свята Смаленскай Богамаці ў Вежным праходзяць урачыстасці.

Сёлета яны супалі з юбілеямі храма і падвор‘я. Святочную літургію з гэтай нагоды адслужыў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Падчас богаслужэння маліліся таксама ігумення Брэсцкага Ражства-Багародзіцкага манастыра Аляксандра разам з сёстрамі і шматлікія паломнікі.

Пасля богаслужэння ўладыка павіншаваў усіх са знамянальнымі датамі. У сваю чаргу ігумення Аляксандра падзякавала архіепіскапу за радасць сумеснай малітвы. У дар уладыку быў паднесены абраз свяціцеля Мікалая і альбом з фотаздымкамі Мікалаеўскага падвор‘я.

default

Затым святары, манахі і вернікі сфарміравалі хрэсны ход. Ён прайшоў да месца будаўніцтва новага манастырскага корпуса з дамавой царквой у гонар свяціцеля Лазара Чатырохдзённага. Архіепіскап Іаан асвяціў крыж і купал будучага храма. А пасля прама на вачах вернікаў купал узнёсся да неба, і яго ўсталявалі на даху новага храма. Сімвалічна, што зрабілі гэта менавіта ў такую ўрачыстасць, каб падкрэсліць веліч падзеі, значнасць гэтага месца і неабходнасць моцнай веры ў жыцці кожнага чалавека.

Уладзіслаў Шпарла.

Фота з сайта monasterium.by, відэа #ВАСЬКАПИЛОТ.