Понедельник, 21 апреля 2025

25 сакавіка —Дзень паштовай карткі

249

Цяжка сабе ўявіць чалавека, які б ніколі не атрымліваў паштовак. Аднак цяперашняму маладому пакаленню наўрад ці шырока вядомы паштоўкі як сродак камунікацыі. А між тым, яны нясуць у сабе вялікі інфармацыйны патэнцыял. На паштоўках могуць быць адлюстраваны творы мастацтва, якія ўжо не захаваліся, архітэктурныя збудаванні, памятныя падзеі, геаграфічныя аб’екты, падзеі тых гадоў, калі была выпушчана паштоўка.

Паштовыя карткі застаюцца адной з нямногіх крыніц, на якіх можна ўсё гэта ўбачыць. У паштоўках мы знаходзім адлюстраванне часу, нярэдка датыкаючыся з гісторыяй сваёй краіны.
Калекцыя паштовак у фондах музея «Пружанскі палацык» адна з самых вялікіх. Яна налічвае каля тысячы адзінак захавання. Самыя раннія з паштовак адносяцца да 1907 года (велікодныя паштоўкі). Самыя трапяткія пачуцці выклікае паштоўка з фронту «Дзякуй, сынок!» 1944 года.

Асаблівую каштоўнасць для музея ўяўляюць фотапаштоўкі (1914-1918 гг.) з відамі Пружан і наваколляў горада. На іх адлюстраваны вуліцы, жылыя дамы і славутасці старога горада. З фотапаштовак глядзяць людзі, якія жылі ў нашым горадзе больш за 100 гадоў таму.
Значнае месца займаюць савецкія віншавальныя паштоўкі, якія выдаваліся вялізнымі тыражамі і разыходзіліся па ўсім свеце.


Марына Каўтунюк,
галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»