Суббота, 14 декабря 2024

25 ліпеня — Дзень пажарнай службы

1 047

25 ліпеня святкуецца дзень пажарнай службы. Нездарма гэтая дата амаль супадае са святкаваннем вызвалення Беларусі ў 1944 годзе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Практычна адразу — у тым ліку і на Пружаншчыне — сталі стварацца пажарныя пасты.

Шмат вады ўцякло з таго часу, знікалі і з‘яўляліся многія структуры, арганізацыі. Аднак актуальнасць падобных падраздзяленняў сучаснай сістэмы МНС дагэтуль застаецца неаспрэчнай.

Напярэдадні свята нашы карэспандэнты наведалі Кляпацкі пажарны аварыйна-выратавальны пост.

20160705_0599

Як расказвае камандзір аддзялення В.І.Лапука, дзяжурства на пасту падзелена на змены, на кожную заступае аддзяленне з двух чалавек. Усяго тут служаць, акрамя майго суразмоўцы, шасцёра выратавальнікаў: М.Э. Бура, Б.А.Кавалевіч, А.Л.Севасцьянчык, С.В.Лесік, А.М.Стэльмах і В.В.Бірук. Дзяжурства доўжыцца 24 гадзіны, хаця часта гэты тэрмін большы, бо неабходна загадзя прыняць падрыхтаваную тэхніку і абсталяванне, карэкцівы ўносяць і баявыя выезды. А яны здараюцца, на жаль, не так рэдка. Пра адзін з самых сур’ёзных выпадкаў бягучага года ўспамінае Вадзім Ігаравіч, калі гарэлі сцірты саломы: з агнём выратавальнікі змагаліся з апоўначы да ранку.

20160705_0612

20160705_0627

Самым гарачым сезонам для кляпацкіх пажарных  лічыцца лета, бо навокал нямала лясоў і тарфянікаў: у спёку ім даводзіцца літаральна «пасяляцца» там, каб папярэдзіць пажары, змагацца з якімі вельмі складана.

— Добра, калі людзі гэта разумеюць і выконваюць нашы патрабаванні, але так бывае не заўсёды.

На сённяшні дзень у зону адказнасці Кляпацкага ПАВП уваходзіць тэрыторыя дыяметрам каля 30 кіламетраў. Па нарматывах праз мінуту спецыяльны аўтамабіль павінен ужо быць на шляху да кропкі выкліку. Да самых аддаленых вёсак абслугоўваемай тэрыторыі Стаі і Сілічы больш за паўтара дзясятка кіламетраў. Значыць, праз  дзесяць мінут жыхары гэтых населеных пунктаў абавязкова атрымаюць дапамогу, а тыя, хто жыве бліжэй да паста, і раней.

Як бачна, закрыццё толькі аднаго такога пункта раённай сістэмы абароны ад надзвычайных сітуацый можа прынесці шмат праблем.  Раней, калі паста тут не было, пажарным, па ўспамінах ветэранаў, ставілася задача не патушыць пажар, а не даць агню перакінуцца на суседнія аб’екты. Палаючы дом проста не паспявалі выратаваць…

Практычна ўсё дзяжурства праходзіць у чаканні сігналаў з цэнтра  аператыўнага  кіравання, адкуль у любую мінуту можа паступіць каманда на выезд. Адначасова вядзецца прафілактыка тэхнікі і абсталявання. Але тут наладжаны і адпаведны быт для супрацоўнікаў: пакой адпачынку, душавая і месца харчавання. Як расказвае Вадзім Лапука, знаходзяць выратавальнікі час і на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

20160705_0595

— Трэцяя частка жыцця, можна сказаць, для нас праходзіць на пасту, і хочацца, каб гэта было з камфортам, у чысціні і прыгажосці,— зазначае камандзір аддзялення.

І трэба прызнаць, што мужчынскаму калектыву Кляпацкага ПАВП гэта добра ўдаецца.

На здымках: пажарны аўтамабіль гатовы ў любую мінуту сарвацца з месца на трывожны выклік; праверку абсталявання праводзіць вадзіцель паста М.Э.Бура; дзяжурыць на пульце камандзір аддзялення В.І.Лапука; такі кветнік можа ўдзельнічаць у конкурсе па добраўпарадкаванні.

Алег СІДАРЭНКА,

              Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *