Менавіта так можна сказаць пра ветэрана пажарнай службы Івана Васільевіча Сінюка з вёскі Кацёлкі. Нарадзіўся ён у той жа вёсцы ў 1927 годзе і, як многія яго равеснікі, пасля вызвалення раёна быў прызваны на ваенную службу.
— Але на фронт мне трапіць не давялося: Перамогу сустрэў у артылерыйскай вучэбнай часці,— успамінае Іван Васільевіч. — У арміі праслужыў да 1951 года, калі атрымаў накіраванне ў ваенкамат для навучання моладзі сваёй вайсковай прафесіі. Там і пазнаёміўся з легендарным пажарным Золманам Майсеевічам Барынгольцам, які прапанаваў мне пайсці служыць у пажарнае падраздзяленне.
У якасці начальніка каравула за 35 гадоў службы пабачыць давялося многае, некаторыя сітуацыі ветэран-пажарны ўспамінае і па сённяшні дзень. Па яго словах, у тыя гады гарэла значна больш дамоў і вытворчых аб’ектаў. Прычыны ўзгаранняў былі розныя, часцей за ўсё крыніцамі бескантрольнага агню станавіліся пячное ацяпленне і кароткае замыканне электраправодкі. Здараліся і лясныя пажары, на тушэнне якіх выходзілі не толькі супрацоўнікі пажарнай службы, але і вясковыя жыхары.
— Думаю, што паўвека таму людзі былі больш згуртаваныя, цікавіліся жыццём адзін аднаго, таму ніхто не заставаўся па-за ўвагай.
А вось умовы службы Іван Васільевіч апісвае зусім інакш: тое, чым забяспечаны сучасныя выратавальнікі, для многіх іх калег паўвекавой даўнасці было толькі ў марах. Напрыклад, на трывожныя выклікі аператыўны нарад выязджаў на службовым аўтамабілі… з адкрытым верхам. Летам яшчэ было нічога, а зімой нават вада ў цыстэрне па дарозе замярзала.
— Даводзілася па прыездзе на пажар браць вядро з вадой, грэць яго на палаючых рэштках дома, каб потым разагрэць помпу і прыступіць да ліквідацыі агню. Гэта зараз падраздзяленням вызначаны час, за які яны павінны прыехаць і патушыць пажар з мінімальным уронам. А што маглі мы, калі ў цыстэрне было максімум паўтары тоны вады?
Здараліся і экстрэмальныя сітуацыі. Аднойчы, напрыклад, давялося на пажары змагацца з узброеным нажом хворым чалавекам: І.В.Сінюку пашчасціла, а напарнік атрымаў нажавое раненне.
Нягледзячы на складанасці, са сваімі абавязкамі пажарныя падраздзяленні спраўляліся паспяхова, за што начальнік каравула меў нямала падзяк і іншых узнагарод. За тры з лішнім дзесяцігоддзі Іван Васільевіч падрыхтаваў нямала маладых супрацоўнікаў, многіх калег успамінае з павагай.
— Аднойчы мне давялося сустрэцца з генералам унутранай службы намеснікам міністра па надзвычайных сітуацыях Б.М.Барынгольцам. Я звярнуўся да яго са словамі «таварыш генерал», а ён мне ў адказ: «Памятаеш, Іван Васільевіч, як ты мяне называў, калі я быў тваім падначаленым? Па імені. Вось так і звяртайся да мяне заўсёды».
З 1987 года І.В.Сінюк на заслужаным адпачынку, хаця яшчэ пэўны час працаваў у мясцовай гаспадарцы. Хапае яму здароўя і зараз трымаць хатнюю гаспадарку, сачыць за агародам. Часта дапамагаюць яму ў гэтым трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і дзевяцёра праўнукаў, якія наведваюць яго.
На здымку: ветэран пажарнай службы І.В.Сінюк і намеснік начальніка РАНС А.В.Міраноўскі.
Алег Сідарэнка.