Пятница, 22 сентября 2023

24 чорна-белыя фота адлюстравалі гісторыю Пружаншчыны

261

На тэрасе музея-сядзібы «Пружанскі палацык» падчас святкавання 590-годдзя Пружан была арганізавана выстава копій фотаздымкаў горада. Дзякуючы ім можна было паназіраць на Пружаны мінулых гадоў.

Фотадакументы – гэта адна з самых шматлікіх калекцый Пружанскага палацыка. Яна налічвае больш за 900 фатаграфій. Фотакалекцыя ўзнікла ў першыя дні стварэння музея і пастаянна папаўняецца. Фотаздымкі паступаюць у  музей з розных крыніц: з асабістых архіваў жыхароў горада, з архіваў прадпрыемстваў і ўстаноў, з прыватных калекцый і г.д. Большая частка гэтых фота адлюстроўвае гісторыю Пружаншчыны.

Каштоўнасць фотадакументаў звязана з тым, што яны ўзнікаюць у момант падзей і на месцы падзей. Фатаграфія можа «перанесці» нашчадкаў праз стагоддзі і расказаць, як выглядаў наш горад у той ці іншы перыяд.

Падчас святкавання юбілею горада 24 чорна-белыя фота дазволілі яго жыхарам больш сталага ўзросту ўспомніць час, адлюстраваны на фотаздымках. У многіх гэта выклікала настальгію па мінулым. Прадстаўнікі маладога пакалення з усмешкамі разглядалі старыя вуліцы родных Пружан. Прыемна, што фотавыстава спадабалася ўсім без выключэння.

Спецыяльна для гэтай выставы адзінаццацікласнікі сярэдніх школ № 3 і № 5, якія атрымлівалі на базе СШ № 3 прафесію сталяра пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Эдуарда Валасевіча, вырабілі мальберты, а Дзяніс Куталаў упрыгожыў іх гравіроўкай.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Фота Кацярыны Масік