Некалькі гадоў у раённым таварыстве ДТСААФ дзейнічае гурток мотакартынгу, які з ахвотай наведваюць усе апантаныя аўтамабільнай гонкай ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў.
Як расказвае старшыня таварыства В.М.Гарахавіцкі, выхаванцам разам з настаўнікамі ўдалося аднавіць два карты, на якіх яны зараз і спасцігаюць складаную навуку ваджэння. Прычым настолькі паспяхова, што на мінулагодніх спаборніцтвах у вобласці Аляксандр Бармута заняў другое месца, а ўвогуле каманда Пружанскага раёна стала чацвёртай. Хаця і ўпершыню прымала ўдзел у падобным мерапрыемстве.
Такое імкненне да перамогі, жаданне навучацца настолькі ўразіла арганізатараў спаборніцтваў, што было вырашана сёлетнія заезды правесці ў Пружанах. Заўтра гарадскі мотадром напоўніцца ровам гэтай невялікай, але вельмі хуткай тэхнікі. Таму запрашаем усіх падтрымаць сваю каманду.
На працягу зімы і лета выхаванцы гуртка старанна вывучалі ўстройства картынгаў, шліфавалі свае ўменні кіраваць імі па планах і на ўмоўных макетах.
А летам напярэдадні спаборніцтваў дзеці разам са сваім настаўнікам В.А.Рэчыцам прыступілі да практычных трэніровак на мотадроме.
На здымку: да заезду гатовы картынгісты Аляксандр Бармута і Андрэй Панасевіч, іх падтрымліваюць Сяргей Сідаровіч, Сяргей Міцін разам з трэнерам В.А.Рэчыцам; Аляксандр Бармута.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).