Суббота, 18 января 2025

235 молодых специалистов приступили к работе в нашем районе в этом году

1 273

На мінулым тыдні прайшла традыцыйная сустрэча прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і маладых спецыялістаў. Сёлета наш раён папоўніўся 235 маладымі кадрамі. Найбольшая колькасць працаўнікоў прыбыла ў сельскую гаспадарку – ажно 130 юнакоў і дзяўчат атрымалі сваё першае працоўнае месца на сельгаспрадпрыемствах Пружаншчыны. 45 чалавек будуць працаваць ва ўстановах аховы здароўя, 21 – у адукацыі.
З прывітальным словам да маладых людзей звярнуўся старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун. Юрый Юр’евіч падкрэсліў, што юнакі і дзяўчаты могуць разлічваць на рознабаковую падтрымку, у тым ліку і на вопыт старэйшых калег. Але тое, як складзецца іх працоўны і жыццёвы шлях, залежыць толькі ад іх саміх: уласных ведаў і намаганняў.


— Мы прывыклі казаць, што моладзь – гэта наша будучыня, — працягнуў старшыня райвыканкама. – Але ж, у першую чаргу, гэта наша сучаснасць, таму мы ўсе зацікаўлены, каб у нашым раёне былі ўсе ўмовы для годнага станаўлення і развіцця маладых спецыялістаў.
Многія з іх трапілі ў Пружанскі раён з іншых рэгіёнаў краіны. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С.Ю. Дзямідаў падрыхтаваў для прысутных гістарычную даведку. Цяпер маладыя людзі маюць пэўнае ўяўленне пра раён не толькі ў разрэзе сённяшняга дня.
Для маладых спецыялістаў, тым больш, для немясцовых, вельмі важным застаецца жыллёвае пытанне. Аб усіх нюансах прадастаўлення жылля расказаў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В. Бушук. Спецыяліст “Беларусбанка” С.Ф. Стэпусь пракансультавала маладых людзей па пытаннях атрымання льготных крэдытаў і іншай фінансавай падтрымкі.

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук зазначыла, што 96% эканамічна актыўнага насельніцтва з’яўляюцца членамі прафсаюза. Таццяна Юр’еўна звярнула ўвагу і на даплаты для маладых спецыялістаў, іх сацыяльную абарону, магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторый, а таксама заклікала ўдзельнічаць у конкурсах, якія праводзіць прафсаюз.

З рознымі відамі страхавання азнаёміла прадстаўніца “Белдзяржстраху” І.В. Пекач.
Сваім, пакуль яшчэ небагатым, вопытам падзяліліся і тыя, хто год-два таму таму таксама пачаў свой прафесійны шлях на Пружаншчыне. Для Ілоны Андрушкевіч ААТ “Шані-аграпрадукт” стала другім месцам працы, а вось настаўніца інфарматыкі Вікторыя Сямашка адразу прыйшла ў СШ №1.

Дзяўчаты расказалі і пра першыя цяжкасці, і пра першыя поспехі.
Сустрэча скончылася святочным канцэртам, які падрыхтавалі работнікі Палаца культуры. Дарэчы, культурная сфера раёна папоўнілася чатырма новымі кадрамі.


На здымку: ветфельчары ААТ “Эксперыментальная база “Белавусаўшчына” Вольга і Яўген Скробаты, тэхнік-механік ААТ “Велікасельскае Агра” Ілья Лысевіч, майстар вытворчага навучання Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Вадзім Студзянічнік вядуць гутарку з першым сакратаром ГА “БРСМ” А.М. Бабігорцам.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).