
Гісторыя Вялікай Перамогі — гэта не толькі старонкі падручнікаў, але і жывая памяць, якую захоўвае кожнае пакаленне беларускага народа. У азнаменаванне юбілейнай даты на дарогах рэгіёна прайшоў маштабны велапрабег, які аб’яднаў тых, хто шануе подзвіг герояў.

Патрыятычная акцыя прайшла ў Пружанскім раёне, дзякуючы ініцыятыве прафсаюзнага камітэта цэнтральнай раённай бальніцы. Сярод удзельнікаў — медыкі ЦРБ, для якіх «абавязак», «мужнасць» і «выратаванне» не проста словы, а штодзённая праца. Разам са сваімі сем’ямі яны яшчэ раз успомнілі аб подзвігу воінаў-вызваліцеляў.
Маршрут велапрабегу па месцах воінскай і баявой славы склаў 23 кіламетры. Старшыня прафкама Ірына Шэйка падрабязна расказвала ўдзельнікам пра кожны мемарыял, ля якога спыняліся, пра тое, якой цаной дасталася перамога ў гэтых месцах. У памяць аб героях-салдатах, якія аддалі свае жыцці за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзельнікі прабегу ўсклалі кветкі і вянкі ля падножжа мемарыялаў, ушанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання.

— Для сённяшніх маладых людзей Вялікая Айчынная вайна — далёкае мінулае, аб якім яны ведаюць толькі з падручнікаў, фільмаў і рэдкіх сямейных гісторый. Але як перадаць наступным пакаленням сапраўдную памяць аб подзвігу, не ператварыўшы 9 Мая проста ў дату на календары? Як прымусіць сэрца адгукнуцца на тыя падзеі, якія ніколі не павінны паўтарыцца? У тым ліку і праз удзел у такіх акцыях, як аўтапрабегі і велапрабегі памяці. Гэта не проста прыгожая традыцыя ці спартыўнае мерапрыемства — гэта жывая сувязь пакаленняў. Кожны кіламетр шляху, кожны помнік, ля якога мы спыняліся — гэта магчымасць убачыць і адчуць гісторыю, — кажа Ірына Шэйка.
— Можна шмат расказваць пра вайну, але толькі стоячы ў абеліска, на якім высечаны імёны загінуўшых землякоў, маладыя людзі па-сапраўднаму ўсведамляюць, што гэта не абстрактныя героі, а рэальныя асобы, якія жылі на гэтых жа вуліцах, хадзілі ў тыя ж школы, праводзілі на фронт родных… Праехаць па шляху, дзе некалі ішлі баі, — значыць, прайсці яго ўслед за тымі, хто змагаўся за нашу будучыню, — адзначыла галоўны спецыяліст Брэсцкай абласной арганізацыі БПРЗ Аляксандра Варанавец,
У маладых медыкаў атрымаўся найлепшы ўрок гісторыі, які можа быць. Як салдаты Перамогі ішлі наперад праз усе выпрабаванні, так і ўдзельнікі прабегу пераадольваюць свой маршрут, аддаючы даніну павагі стойкасці, мужнасці і гераізму сваіх продкаў.
Ірына Велясевіч
