Понедельник, 2 декабря 2024

22 снежня энергетыкі адзначаць сваё прафесійнае свята!

411
Электраслесары міні-ЦЭЦ Андрэй Луцкевіч і Уладзімір Субота.

Рыхтуючы святочны стол ля ззяючай агеньчыкамі ёлкі або зараджаючы гаджэты, каб фатаграфаваць урачыстасць, мы нават не задумваемся аб той дапамозе, якую нам аказваюць у гэты момант сотні людзей. Маем на ўвазе энергетыкаў, чыя нястомная праца, штодзённа і кругласутачна, гарантуе стабільнае энергазабеспячэнне.

22 снежня работнікі Пружанскіх электрасетак разам з тысячамі спецыялістаў энергетычнай сферы краіны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята. Сярод іх — і электраманцёр Мікалай Ніпарка, сапраўдны прафесіянал сваёй справы (на здымку).

Зразумела, пры падвядзенні вынікаў працы ў бягучым годзе філіяла РУП «Брэст-энерга» Пружанскія электрычныя сеткі варта пацікавіцца чарговымі здабыткамі і дасягненнямі.

Пра іх мы даведаліся ў дырэктара філіяла Аляксандра Усіка.

— Калектыў Пружанскіх электрасетак робіць усё дзеля бесперапыннага забеспячэння прадпрыемстваў, арганізацый і жылога сектара электраэнергіяй, дзякуючы чаму стабільна працуе эканоміка Пружаншчыны, а кожны яе жыхар мае доступ да зручнасцей. Трэба сказаць, што такая работа штогод удасканальваецца, — звяртае ўвагу кіраўнік. — У прыватнасці, толькі за той час, што я ўзначальваю філіял, адбыліся кардынальныя змены. Напрыклад, каля 20 гадоў таму пачалася замена індукцыйных лічыльнікаў на электронныя, а сёлета рэалізацыя гэтай праграмы заканчваецца і тысячы абанентаў карыстаюцца новымі магчымасцямі, пачынаючы ад выбару тарыфаў на электраэнергію і заканчваючы дыстанцыйнымі разлікамі за спажыванне.

Старшы майстар Пружанскага ўчастка Аляксандр Місюля і электраманцёр Ігар Мацкевіч.

Трэба адзначыць, што ў снежні свой 20-гадовы юбілей адзначае разлікова-касавы цэнтр ПЭС, які зараз штодня наведваюць дзясяткі кліентаў, аператыўна і спрошчана вырашаючы самыя розныя пытанні.

Каля пяці гадоў таму быў уведзены сацыяльны тарыф на электрычнасць, спажытую на ацяпленне жылля. І сёння такой магчымасцю скарысталіся ўжо 530 сем’яў раёна, пры гэтым статыстыка штогод прагрэсіўна прырастае.

У нашай скарбонцы дасягненняў ёсць і такія накірункі, якія знешне застаюцца нябачнымі. Маю на ўвазе рамонт і мадэрнізацыю электрычных сетак па населеных пунктах раёна. Для вясковага спажыўца ўсё роўна, якія правады вісяць над яго галавой. А нам трэба правесці надзейныя лініі, што і робім кожны год. За бягучы год у рамках праграмы перспектыўнага развіцця сетак 0,4 кВ абноўлена амаль 30 км паветраных ліній у вёсках Ялова, Семянча, Стаі, Галасяціна, Алішавічы, Далкі, Кацёлкі, Ліхасельцы, Росахі, Хідры, Краснік, аграгарадках Роўбіцк, Сухопаль. Паміж населенымі пунктамі капітальна адрамантаваны больш за 35 км ВЛ 35-110 кВ і амаль 200 км — ВЛ 0,4-10 кВ. Пры гэтым у лясных масівах выкарыстоўваем ізаляваны провад.

Вядучы інжынер Сяргей Крац.

Паралельна праводзім абнаўленне абсталявання падстанцый, сёлета такія работы былі выкананы на ПС-110 кВ у аг. Харава, яшчэ на 10 падстанцыях праведзены бягучы рамонт, у тым ліку ў аг. Клепачы, Сухопаль і в. Аранчыцы.

У 2023 годзе наш філіял быў уключаны ў пілотны праект па ўкараненні праграмнага тэхнічнага комплексу аўтаматызаванай сістэмы дыспетчарскага кіравання, што зноў павысіць аператыўнасць рэагавання.

А яшчэ працягваюць належным чынам працаваць нашы аб’екты выпрацоўкі электраэнергіі. З пачатку года міні-ЦЭЦ выпрацавала амаль 14 тысяч мегават, а міні-ГЭС — 314 тысяч кілават.

— Аляксандр Аляксандравіч, ці варта спадзявацца, што і наступны год будзе не менш насычаным на такія станоўчыя вынікі?

— Больш таго, ужо складзены планы, да рэалізацыі якіх прыступім адразу з першых дзён 2024 года. І задуманы даволі сур’ёзны аб’ём работ, уключаючы рэканструкцыю больш за 20 км ліній у в. Еськаўцы, Непамацынаўка, Чахец, Перадзельск, Асятніца, Варотнае, Зарэчча, Поланск, Ласасін, Гарадняны, Навадворцы. Тры кабельныя лініі 10 кВ будуць заменены ў Пружанах і 1 — у Ружанах. У дадатак будуць праведзены работы па рэканструкцыі ВЛ 0,4 кВ у райцэнтры, Шарашэве, ВЛ 10 кВ па Пружанскім раёне, а таксама ў Хараве. У планах на 2024 год капітальны рамонт ПС-110 кВ у г. Пружаны.

— Складаная энергасістэма і сур’ёзныя задачы патрабуюць прафесійнага кіравання, а значыць, і адпаведных кадраў. Раскажыце пра людзей, ад якіх залежыць энергазабеспячэнне нашага раёна.

Інжынер па падрыхтоўцы кадраў Крысціна Даўгарукая.

— У нас практычна ўсе — прафесіяналы, доказам чаму з’яўляецца штогадовы спіс узнагароджаных. Сёлета ён не менш значны, толькі рэспубліканскімі і абласнымі граматамі адзначаны шэсць спецыялістаў — электраманцёры Андрэй Кетрык, Андрэй Гарустовіч і Ігар Мацкевіч, вядучы інжынер Сяргей Крац, машыніст Аляксей Тупакоў, электраслесар Уладзімір Субота. Шэраг работнікаў адзначаны граматамі філіяла. Прыемна адзначыць, што ў нас павялічваецца колькасць тых, хто мае важкі працоўны стаж. У прыватнасці, больш за 30 гадоў адпрацавалі дыспетчары Міхаіл Баран, Юрый Мархель і Аляксандр Чарнак, старшы майстар Шарашэўскага ўчастка Канстанцін Залеўскі, майстар аўтатранспартнага ўчастка Міхаіл Засім, электраманцёры Міхаіл Крац, Яўген Мелех і Ігар Мацкевіч, машыніст Міхаіл Жэгуць.

З нагоды набліжэння прафесійнага свята зычу калегам і падначаленым выдатнага здароўя, памнажэння сіл і энергіі для новых здзяйсненняў. Ветэранам дзякую за добрыя парады і яскравы прыклад належнай работы. А яшчэ жадаю ўсім нам мірнага неба, каб можна было і далей спакойна працаваць для росквіту Пружаншчыны і Беларусі.

У адпаведнасці з Комплексам мерапрыемстваў па рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па рашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва» зараз вядзецца актыўная работа па замене вулічных свяцільняў на святлодыёдныя аналагі ў шэрагу сельскіх населеных пунктаў. Жыхары многіх ужо карыстаюцца святлом больш яркіх ліхтароў, а хутка такая ж магчымасць з’явіцца ў вяскоўцаў са Смалян. Зараз тут вядуцца адпаведныя работы брыгадай электраманцёраў, у якой працуе і Андрэй Гарустовіч (на здымку ўверсе). Да ведама: з пачатку бягучага года заменена 1490 свяцільняў, а ў 2024 годзе абнаўлення чакаюць яшчэ 1394 ліхтары.


Гутарыў Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны Масік