Пятница, 18 апреля 2025

22 марта начнется третий этап репетиционного тестирования. Собрали важную информацию

469

Трэці, заключны, этап рэпетыцыйнага тэсціравання стартуе ў Беларусі. Сёлетнія абітурыенты нашага раёна могуць праверыць свае веды па вучэбных прадметах на базе СШ №3 г. Пружаны, якая з’яўляецца пунктам правядзення РТ у Пружанскім раёне.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы адукацыі В.Ф.Каробка, пачатак трэцяга этапу РТ – у наступную нядзелю, 22 сакавіка. Прайсці яго ў СШ №3 могуць выпускнікі ўсіх школ раёна, каледжа, а таксама выпускнікі былых гадоў. Праводзіць тэсціраванне Рэгіянальны цэнтр тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі БрДТУ. Што да заданняў, то яны распрацоўваюцца Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў і з’яўляюцца аднолькавымі ва ўсіх пунктах правядзення РТ.

Трэба адзначыць, што з гэтага вучэбнага года змяніўся парадак рэгістрацыі на тэсціраванне. Цяпер, каб трапіць на яго, неабходна спачатку стварыць асабісты кабінет на сайце reg.rikc.by, там жа выбраць пункт праходжання тэста і аплаціць удзел у ім. Кошт тэсціравання па адным прадмеце складае 7 рублёў. Пасля аўтарызацыі аплаты ўладальніку асабістага кабінета на электронную пошту прый-дзе пропуск для праходжання тэсціравання. З яго раздрукоўкай неабходна адпраўляцца ў аўдыторыю РТ. Яшчэ адзін варыянт – паказаць пропуск у электронным выглядзе на экране свайго тэлефона. Пры сабе абавязкова неабходна мець пашпарт і чорную гелевую ручку. Апошні тэрмін рэгістрацыі на той ці іншы прадмет – 23.59 серады, бліжэйшай да дня правядзення РТ.

Ужо 22 сакавіка будучыя абітурыенты змогуць праверыць свае сілы па матэматыцы, біялогіі, грамадазнаўстве і геаграфіі.  29 сакавіка  будзе магчымасць прайсці РТ па беларускай і рускай мовах. Рэпетыцыйнае тэсціраванне па замежных мовах, фізіцы, хіміі, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі адбудзецца 5 красавіка. Пачатак РТ па ўсіх прадметах у — 10.00 гадзін.

Паводле слоў Валянціны Фёдараўны, выпускнікі раёна заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у РТ.  Сёлета падчас першага этапу яны выканалі  251 тэст, а падчас другога –  308 тэстаў.  Дарэчы, даследаванні інстытута кантролю ведаў сведчаць: чым больш этапаў   РТ праходзяць выпускнікі, тым больш высокія балы яны атрымліваюць па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.