Традыцыйная сустрэча кіраўніцтва Пружанскага райвыканкама з моладдзю адбылася 18 лістапада.

Як паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік, які адкрыў сустрэчу, у 2021 годзе ў Пружанскі раён прыбыло 212 маладых спецыялістаў у 42 арганізацыі, з іх 69 (33%) з вышэйшай адукацыяй, 94 (44%) з сярэдняй спецыяльнай і 49 (23%) маладых рабочых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Найбольшая колькасць іх – гэта спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі – 109 чалавек. Астатнія будуць працаваць у вобласці аховы здароўя, будаўнічай і дарожнай галіны, адукацыі, прамысловасці, установах культуры, міліцыі, райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, лясгасе, спажывецкім таварыстве, КУВП «Камунальнік», падатковай інспекцыі, спартыўнай школе і інш.

Сустрэчу з моладдзю праводзілі і прапанавалі весці жывы дыялог, задаваць пытанні старшыня райвыканкама Юрый Бісун, яго намеснікі – Руслан Супрыновіч, Сяргей Гук і Святлана Ханавец.

З напрамкамі работы прафесійных саюзаў азнаёміла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Таццяна Гаманчук.

Для моладзі адным з галоўных пытанняў для добрага настрою і працаздольнасці з’яўляецца атрыманне жылля. Пра магчымасці прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду расказаў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Бушук.

Якія можна атрымаць ільготныя крэдыты, паведаміла галоўны спецыяліст цэнтра банкаўскіх паслуг №122 ААТ «ААБ Беларусбанк» Алена Мартынюк.

Пытанні забеспячэння страхавой аховай маладых спецыялістаў асвяціла начальнік аддзела страхавання прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Пружанскім раёне Іна Пекач.

Аб асаблівасцях прызыву, а таксама пра магчымасці атрымання адтэрміноўкі на праходжанне вайсковай службы ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь расказаў начальнік аддзялення прызыву ваеннага камісарыята Пружанскага раёна Андрэй Якімовіч.

Маладыя спецыялісты задавалі і дадатковыя пытанні па прадастаўленні жылля і вайсковым прызыве. Адказы на іх яны таксама атрымалі. Дарэчы, больш падрабязна папоўніць свае веды па тым ці іншым пытанні можна на сайце райвыканкама.

Сёння маладым спецыялістам дадзены вялікія магчымасці зрабіць кар’еру, гучна заявіць пра сябе ў прафесійным плане. Засталося толькі ўсё гэта ажыццяўляць.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік