Воскресенье, 15 марта 2026

2 тысячы тон — не мяжа для вадзіцеля ААТ «Жураўлінае» Мікалая Аблавушкі

500

На мінулым тыдні чарговую перамогу на ўборцы 2022 года святкавалі ў ААТ «Жураўлінае». Першым дзве тысячы тон зерня ў раёне перавёз вадзіцель гэтай гаспадаркі Мікалай Аблавушка на «МАЗе 6501».

Як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаставарыства Зінаіда Усік, хоць у раёне гэта не першая перамога на сёлетнім жніве, але ў гаспадарцы вельмі рады за свайго работніка. Усё таму, што Мікалай Васільевіч — чалавек сумленны, працуе з запалам і заслугоўвае толькі добрых слоў у свой адрас. Ад таварыства вадзіцелю быў уручаны падарункавы сертыфікат. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Жураўлінае» Аксана Цімановіч падзякавала Мікалаю за шчырую працу, значны ўнёсак у жытнёвую скарбонку роднай гаспадаркі. Цёплых слоў не пашкадаваў і старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі, які прыехаў на палетак з каштоўным падарункам і пажадаў віноўніку ўрачыстасці, каб хапала сіл, маральных і фізічных, на ўсе яго добрыя пачынанні.

А дома Мікалая заўсёды чакаюць жонка і трое сынкоў, якія, мы ўпэўнены, парадаваліся перамозе мужа і бацькі. Што можа быць прыемней, як адзначыць такую падзею сярод самых блізкіх людзей?!

Дарэчы, за некалькі мінулых дзён, як бачна са зводкі перадавікоў, Мікалай Аблавушка дабавіў да свайго паказчыка яшчэ амаль 1000 тон.

Вадзім Раўнейка. Фота Уладзіслава Шпарлы