Зусім хутка «Раённым будням» споўніцца 85 гадоў. Менавіта столькі часу ўжо мінула з дня першага выпуску раённай газеты. Незалежна ад таго, як яна называлася — «Новы шлях», «Зара камунізму» або «Раённыя будні», — «раёнка» залежала толькі ад інтарэсу і даверу падпісчыкаў.
Розныя перыяды перажывала пружанская газета: складаныя, калі колькасць чытачоў скарачалася, радасныя, калі ў кіёсках «Белсаюздруку» не хапала экзэмпляраў, каб задаволіць попыт. Разумеем, што многае залежыць ад чытацкай аўдыторыі, яе схільнасцяў і актыўнасці. Вось толькі у многім мы спадзяёмся і на паштавікоў, работа якіх патрэбна як сродкам масавай інфармацыі, так і самім чытачам.
41 год таму. 1983
Усё, пра што гаварылася вышэй, рэгулярна пацвярджаецца старонкамі раённай прэсы. У тым ліку і ў 1983 годзе, калі на вуліцы ў в. Крыніца фотакарэспандэнт сутыкнуўся з паштальёнам Паўлам Пятровічам Красько.

Работнік мясцовага аддзялення паштовай сувязі з 25-гадовым стажам абслугоўваў, акрамя Крыніцы, вёскі Доўгае, Акольнік, Мыльніск, Сухаўшчына, праходзячы за змену амаль 25 кіламетраў. І практычна ва ўсіх населеных пунктах ён разносіць «раёнку» амаль у кожны другі дом.
Фота з архіву рэдакцыі