Вторник, 18 февраля 2025

1941-1945: штрихи войны. Из воспоминаний ветерана Степана Авдейчика

5 144

Даведка
Сцяпан Аляксандравіч Аўдзейчык пасля заканчэння курсаў партыйна-савецкіх работнікаў ў 1947 годзе быў назначаны загадчыкам аддзела культуры раёна. Прайшоў трохмесячныя курсы па агітацыі і прапагандзе пры ЦК КПБ у горадзе Мінску.
У жніўні 1950 года быў абраны старшынёй калгаса імя Леніна ў в. Галоўчыцы, дзе адпрацаваў 5 гадоў.
У 1955 годзе стаў дырэктарам агароднінасушыльнага завода ў пасёлку Ружаны, а праз паўтара года — старшынёй Зеляневіцкага сельсавета. Праз некалькі месяцаў быў пераведзены на працу ў апарат Ружанскага райкама партыі ў якасці інструктара РК КПБ.
У 1958 годзе па рашэнні бюро РК КПБ паўторна прыняў кіраўніцтва калгасам імя Леніна. Пасля рэарганізацыі гаспадаркі ў сакавіку 1960 года быў назначаны кіраўніком аддзялення саўгаса «Зеляневічы». Праз 5 гадоў быў абраны старшынёй прафкама, дзе і працаваў да пенсіі, на якую пайшоў у 1979 годзе.

«Што мяне заахвоціла напісаць аўтабіяграфічны аповед?  Жаданне расказаць маладым людзям пра беды і нягоды, перажытыя маім пакаленнем. Я сам ваяваў з першага да апошняга дня вайны, перанёс голад і холад на Ленінградскім фронце, шэсць разоў выбываў са строю з-за раненняў і кантузіі — не раз жыццё маё вісела на валаску. Хачу, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі ведалі, што мы кроў сваю пралівалі за іх мірную будучыню. Маладыя людзі, будзьце шчаслівымі, і не дай вам Бог перажыць тыя выпрабаванні, якія перажылі мы».
Сцяпан Аляксандравіч Аўдзейчык, ураджэнец в. Галоўчыцы Пружанскага раёна (гады жыцця: 29.12.1919 — 7.01.2011)
Фрагменты з рукапісу

∎ ∎ ∎
Павестку ў войска я атрымаў 19 жніўня 1940 года. У той дзень з раёна было прызвана 35 чалавек. Пагрузіліся на цягнік і праз суткі прыехалі на станцыю горада Луга Ленінградскай вобласці. Тут у артылерыйскім палку і пачалася мая ваенная служба. Праз два месяцы я прыняў прысягу і быў залічаны ў артылерыйскую разведку штабной батарэі.
∎ ∎ ∎
У суботу 21 чэрвеня 1941 года наша батарэя была выстаўлена ў каравул. У ноч на 22 чэрвеня я нёс дзяжурства ў кантрольна-прапускным пункце ваеннага гарадка. У 6 гадзін раніцы была абвешчана трывога — уся тэхніка і гарматы былі неадкладна выведзены з парка ў лес. У 8 гадзін наш полк ужо быў у стане поўнай баявой гатоўнасці. З 22 на 23 чэрвеня мне давялося са сваімі таварышамі дзяжурыць ля кулямёта, які быў усталяваны на даху нашай казармы…
∎ ∎ ∎
Адступленне… Начальнік разведкі загадаў узяць аднаго сувязіста і звязацца з пяхотным батальёнам, які трымаў абарону прыкладна за тры кіламетры ад нашых агнявых пазіцый. Калі мы прыбылі туды, убачылі пустыя акопы і спаленую вёску, ад якой засталіся толькі цагляныя трубы ды стары сабака. Адкуль ні вазьміся — тры нямецкія танкі: недалёка ад нас разарваўся адзін снарад, другі, трэці, я не адчуў, як па галаве разануў асколак…
∎ ∎ ∎
Нашы войскі здалі горад Луга і пачалі адступленне да Ленінграда. У верасні пачалася яго блакада. З-за перанесенага голаду ў мяне пачалося амярцвенне канечнасцяў: рукі і ногі былі нібы нежывыя. Перажыў я і цынгу. Калі паступаў у шпіталь, узважыўся — 35 кг. Але трэба аддаць належнае ваенным лекарам, якія прынялі ўсе неабходныя меры, каб нас, франтавікоў, хутчэй вылечыць і вярнуць у строй.
∎ ∎ ∎
Пасля лячэння я быў накіраваны ў горад Свярдлоўск у запасны мотаполк, дзе прыступіў да вывучэння матацыклаў новага тыпу М‑72. Калі пачаліся ўзмоцненыя заняткі ў падраздзяленнях часці, у мяне сталі ацякаць ногі, і я быў пераведзены ў 62 стралковую брыгаду, шлях у якую ляжаў праз Маскву. Сталіца ў гэты час была на ваенным становішчы: усюды віселі аэрастаты, на дахах дамоў былі размешчаны зеніткі. У вышыні на ўзроўні аэрастатаў былі працягнуты канаты для таго, каб варожыя самалёты не маглі нізка пікіраваць і бамбіць горад.
Стаянка ў Маскве была нядоўгай, каля дзвюх гадзін. Да нашага вагона падышлі два хлопчыкі, як высветлілася потым, два браты: аднаму — дзевяць гадоў, другому — сямнаццаць. Пачалі плакаць і прасіцца, каб мы іх забралі з сабой на фронт. Калі распыталі юнакоў, адкуль яны, то аказалася, што са Смаленска: бацька і маці загінулі пры бамбёжцы горада, а яны спадарожным цягніком прыехалі ў Маскву. Камандаванне пагадзілася ўзяць гэтых хлопцаў з сабой. Пасля гэтыя «сыны палка» сталі добрымі воінамі.
∎ ∎ ∎
З Масквы да Астрахані мы дабіраліся амаль двое сутак. Калі грузіліся на параходы, то не назапасіліся прэснай вадой, у выніку чаго пілі марскую ваду і захварэлі на дызентэрыю. У цяжкім стане мяне даставілі ў палявы санбат. Вось так за год з лішнім я апынуўся другі раз у ваенным шпіталі. Праз паўтара месяца мяне выпісалі і адправілі ў запасны полк у Арменію.
1943 год застаў мяне на Каўказскім фронце ў раёне Маздока. Я зноў цяжка захварэў: хвароба Боткіна і зноў санбат, у Стаўрапалі. Затым трапіў у стралковы полк. Некалькі дзён мы знаходзіліся на другой лініі абароны, капалі акопы, рыхтавалі агнявыя пазіцыі. У абароне стаялі каля двух месяцаў. У пачатку чэрвеня падышлі да ракі Міус. Відаць было, што баі тут ішлі жорсткія і бесперапынныя: у рацэ плавала мноства трупаў, стаяў страшны смурод. Гэта было сапраўднае пекла. Я і раней быў у жорсткіх баях, але такога яшчэ не бачыў…
∎ ∎ ∎
Я атрымаў загад тэрмінова вынесці з поля бою аднаго забітага па імені Шаўман. Ад месца, дзе ляжала яго цела, да нямецкіх акопаў усяго метраў сорак было. Разам са мной пайшоў толькі адзін чалавек. Вярнуліся змучаныя да смерці: цягнулі Шаўмана па-пластунску, праз метр-паўтара прыкідваліся забітымі, каб нас не выявілі варожыя снайперы. Пасля камандзір батальёна наракаў на камузвода за тое, што ён паслаў нас на немінучую пагібель.
∎ ∎ ∎
Увечары нас папярэдзілі, што на досвітку пойдзем у наступленне, маўляў, павінны без шуму заняць нямецкі супрацьтанкавы роў. Але немцы ў адказ адкрылі ўраганны агонь. Асабліва моцны абстрэл вялі нямецкія танкі, якія знаходзіліся за кіламетр ад нас у лясной паласе. І вось — прамое пападанне снарада ў наш акоп. Зноў кантузія: з вушэй і носа пацякла кроў, камандзір забіты. Падаспелі байцы, узялі мяне пад рукі і пацягнулі ў супрацьтанкавы роў, дзе я ляжаў да наступлення цемры, пазней павезлі ў санбат, адтуль адправілі на стацыянарнае лячэнне ў шпіталь. Я аглух цалкам, алоўкам на лістку паперы запісваў свае просьбы да медперсаналу. Толькі праз два месяцы пайшоў на папраўку.
∎ ∎ ∎
Пасля выпіскі мяне накіравалі ў 5-ы механізаваны корпус, які прымаў удзел у кровапралітных баях на Дняпры. Выпіўшы для бясстрашнасці па 100 грамаў спірту, мы пад ураганным агнём ішлі на ворага. Я памятаю, як каля мяне падалі мае таварышы. Не дайшоўшы да акопаў метраў дваццаць, я быў зноў цяжка паранены ў нагу і з надыходам цемры адпраўлены ў санбат… Пасля выздараўлення быў пераведзены ў 801 артылерыйскі полк у якасці разведчыка: я даволі добра арыентаваўся па стэрэатрубцы, бусолі, карце і ўсім астатнім з «арсенала разведчыка». Са сваёй працай я спраўляўся выдатна.
∎ ∎ ∎
Нашы войскі зламалі супраціўленне і фарсіравалі Днепр. Фашысты страцілі мноства сваіх салдат і тэхнікі, тысячы аўтамашын, гармат і танкаў. Урэзалася ў памяць адно страшнае відовішча. У напрамку да Вазнясенска ўся дарога, кіламетраў 20–25, была ўсланая целамі калмыкаў, якія служылі ў гітлераўскай кавалерыі і былі знішчаны нашымі войскамі…
∎ ∎ ∎
Уелася ў памяць і Днястроўская мяжа. Акрамя штогадзінных абстрэлаў фашыстамі, нас атакавалі камары. На малярыю перахварэла ўся дывізія. Санінструктар дывізіёна вымушаны быў мяняць кожныя два-тры дні сеткі, якія выдаваліся байцам для аховы твару. Але і гэта не ратавала: рукі былі адкрытыя.
∎ ∎ ∎
Аднойчы, на досвітку маскіруючы свой назіральны пункт, я цудам выратаваўся ад кулі нямецкага снайпера: толькі спусціўся ўніз, як прасвістала куля — і мая стэрэатрубка і лінза рассыпаліся ўшчэнт. Варта было мне затрымацца на некалькі секунд — быў бы забіты…
∎ ∎ ∎
Вызвалілі Малдавію, Румынію, фарсіравалі Дунай — і да балгарскай мяжы. Балгары нас сустракалі з кветкамі, як сваіх братоў і сясцёр.
Добра памятаю Сафію. Уся паўночна-ўсходняя частка горада была разбурана амерыканскай авіяцыяй. Пабываў у аднаго селяніна на памінальнай вячэры: прайшло 40 дзён з дня смерці яго сына-камуніста, які разам са сваімі таварышамі мужна змагаўся з фашыстамі, аднак быў смяротна паранены.
∎ ∎ ∎
Тут, на балгарскай зямлі, я сустрэў Вялікую Перамогу: хтосьці з нас песні спяваў, а хтосьці плакаў ад шчасця. Нягледзячы на страшныя страты, у тыя пераможныя майскія дні ніхто з нас не сумаваў.
Балгарыю я пакінуў на пачатку жніўня 1945 года. Атрымаў водпуск і праз сем дзён быў адпушчаны дадому, у вёску Галоўчыцы. Колькі было радасці ў бацькоў, што я застаўся жывы…
P.S. Рукапіс дзядулі даслала ў рэдакцыю ўнучка Юлія Азарка.
Падрыхтавала да друку Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *