Дзякуючы радыёпрыёмнікам, вестка пра паход Чырвонай арміі “на Захад” маланкай абляцела Пружаншчыну і выклікала шмат розных пачуццяў. Большасць жыхароў з радасцю чакала братоў з усходу, мяркуючы, што адтуль ідзе вызваленне.
Актывісты пачалі ствараць баявыя групы, якія раззбройвалі паліцэйскіх і асаднікаў, вызвалялі з турмаў палітзняволеных.
А 21 верасня 1939 года пружанцы ўжо сустракалі з хлебам-соллю і кветкамі савецкіх салдатаў. Сотні па-святочнаму апранутых гараджан і сялян з навакольных вёсак сабраліся на цэнтральнай плошчы горада на мітынг.
Рэвалюцыянеры, былыя падпольшчыкі дзякавалі савецкаму народу і асабіста таварышу Сталіну за вызваленне ад прыгнёту польскіх паноў…
У наступныя дні была сфарміравана народная гвардыя, якая выконвала ролю міліцыі, створана часовае ўпраўленне, пачатковай задачай якога было “ачышчэнне” павета ад рэшткаў польскага афіцэрства і чыноўнікаў. У вёсках з сялян-беднякоў ствараліся часовыя сялянскія камітэты, якія заняліся падзелам памешчыцкіх і асадніцкіх гаспадарак і надзялілі беднату зямлёй, інвентаром, жывёлай і насеннем.
22 кастрычніка 1939 года адбыліся выбары ў Народны сход, які прыняў Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і г.д. Адметна, што яго дэпутатамі сталі камуністы і актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйнага руху Пружаншчыны, у прыватнасці, С.С.Самайловіч, С.П.Пацяруха, К.Ф.Сухадольскі, А.Р. Свяргун і Я.С.Волас. Апошнія трое ўдзельнічалі нават у рабоце 5-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР.
15 студзеня 1940 г. у заходніх абласцях рэспублікі замест паветаў былі створаны раёны. На тэрыторыі былога Пружанскага павета (у цяперашніх межах) з‘явіліся Пружанскі, Шарашоўскі і Ружанскі раёны.
У гэты час пачалася кааперацыя прамысловасці. У Пружанах адкрыўся райкамбінат, дзе працавалі рамеснікі. Пачалі працаваць масласырзавод, лясгас, лесапільны завод, аднавілася вытворчасць цэглы і кафлі. У раёне меліся электрастанцыя, восем млыноў, тры вінакурныя заводы, былі знойдзены залежы торфу, вапны і гліны.
Райспажыўтаварыства ўзяло на сябе забеспячэнне жыхароў раёна прамысловымі і харчовымі таварамі. Вялікую дапамогу ў гэтым яму аказваў урад БССР.
Ішла (праўда, павольнымі тэмпамі) і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Сяляне з недаверам адносіліся да калгасаў, паколькі баяліся трапіць у яшчэ больш цяжкія ўмовы жыцця, чым пры панах. Толькі з’яўленне на палях трактароў паўплывала на змяненне іх поглядаў.
У лютым 1940 г. была створана першая машынна-трактарная станцыя, якая за год папоўнілася 16 трактарамі. Пры МТС працавалі курсы трактарыстаў, і недахоп у кадрах быў хутка ліквідаваны.
За першы квартал года ў сельгасарцелі аб’ядналіся сяляне вёсак Смаляны, Краснае, Ліхачы, Доўгае, Казлы, Харава, Крыніца, Хвалава, Сухопаль, Непамацынаўка, Клятное, Ялова, Магілёўцы, Асошнікі і Калазубы.
У раёне з‘явілася 24 калгасы, самыя буйныя з іх былі, у прыватнасці, “1 Мая” ў в.Казлы, імя Сталіна ў Крыніцы, імя Леніна ў Хвалаве. У апошняй гаспадарцы, да прыкладу, за год пабудавалі лазню, два кароўнікі і пачалі будаваць свіран.
У гэты час была праведзена значная работа па арганізацыі навучання дарослых і дзяцей. У 52 школах Пружаншчыны навучалася больш за 6000 дзяцей. У 47 установах адукацыйны працэс ішоў на беларускай мове.
У большасці населеных пунктаў былі адкрыты вячэрнія курсы па ліквідацыі непісьменнасці. На Ружаншчыне, напрыклад, імі было ахоплена каля двух тысяч чалавек.
У Пружанах было чатыры школы, для вырашэння кадравага пытання ў якіх былі арганізаваны паскораныя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў.
На жаль, не мінулі жыхароў Пружаншчыны “хібы і недарэчнасці”, якія былі ва ўсёй краіне. Толькі праз паўстагоддзе, ва ўмовах перабудовы грамадства, на былыя падзеі пачалі глядзець праз прызму разумнага сэнсу і агульначалавечых каштоўнасцей.