«Знайдзі сабе справу па душы, і табе не давядзецца працаваць ні дня ў сваім жыцці», — напэўна ўсе чулі гэты крылаты выраз. Але, на жаль, далёка не ва ўсіх гэтыя словы супадаюць з рэальнасцю. Валянціне Шапавал, як прызнаецца сама кіраўнік народнага ансамбля танца «Спадчына», пашанцавала: з мноства заняткаў, якія існуюць у свеце, яна выбрала той, што вось ужо шмат гадоў прыносіць ёй непадробнае задавальненне.
Я пабывала на рэпетыцыі калектыву і акунулася ў яго творчую атмасферу…
На вуліцы пранізлівы восеньскі вецер, а ў зале ўтульна. Магчыма, з-за душэўнай атмасферы? Прыйшла якраз у разгар рэпетыцыі і атрымала магчымасць паназіраць за працэсам стараннага адточвання танцавальных рухаў, які папярэднічае выступленню перад гледачамі. Хлопцы і дзяўчаты займаюцца пад акампанемент Дзмітрыя Аляксеевіча Кавалевіча і дакладна выконваюць каманды і заўвагі, якія дае Валянціна Іванаўна. Пасля рэпетыцыі танцоры збіраюцца вакол мяне і… пачынаюць успамінаць. Няма сумнення, што «Спадчына» — гэта не проста танцавальная суполка, гэта жыццё.
«Вясёлка» — так спачатку называўся калектыў, створаны ў 1979 годзе пры заводзе радыёдэталей. У 1981 годзе яго кіраўніком стала В.І.Шапавал. Валянціна Іванаўна ўспамінае, які нялёгкі гэта быў час.
— Склад ансамбля часта мяняўся, а з прыходам новых людзей, зразумела, даводзілася пачынаць усё спачатку. З цягам часу справа наладзілася, з’явіўся «касцяк» з тых, хто застаўся надоўга, задаваў тон навічкам. У творчым працэсе былі заняты і маладыя работнікі завода, і навучэнцы сельгастэхнікума, і школь-нікі. Замест фанаграмы пачалі практыкаваць жывое музычнае суправаджэнне.
Сёння пружанскую «Спадчыну» ведаюць і любяць нават за мяжой. Часта запрашае калектыў на розныя фестывалі і святы ў Люблінскі павет бурмістр Быхава Януш Урбан — польская публіка заўсёды рада бачыць на сцэне нашых танцораў. Не так даўно, у жніўні, пружанцы далі паўтарагадзінны канцэрт у гэтым мястэчку. «Усе хлопцы і дзяўчаты малайцы, — гаворыць кіраўнік. — Выдатна тады справіліся з пазаштатнай сітуацыяй: падчас выступлення знікла святло і танцоры засталіся без музыкі, але ніхто не разгубіўся, танцавалі пад баян».
За амаль чатыры дзясяткі гадоў на сцэне народнаму ансамблю танца «Спадчына», без сумнення, ёсць чым ганарыцца: што ні конкурс — узнагарода. Асобна варта сказаць пра перамогу на міжнародным фестывалі песні і танца «Muszelki Wigier-2011», які прайшоў у польскім горадзе Сувалкі. Выступіўшы ўсяго з адным танцам — «Пружанскія гульні», танцоры настолькі зачаравалі польскую публіку, што журы прызнала іх пераможцамі ў намінацыі «Народны танец» і атрымалі ганаровы прыз «Залатая ракавінка».
Задаюся пытаннем: у чым сакрэт поспеху «Спадчыны»? Верагодна, у тым, што ансамбль не здраджвае свайму творчаму крэда — нясе ў масы народны танец (хаця ў рэпертуары іншы раз з’яўляюцца і эстрадныя). Немалаважна, што «Спадчына» — гэта сям’я: вялікая, таленавітая, у якой вырасла не адно пакаленне артыстаў. Да слова, у свой час тут танцавала дачка Валянціны Іванаўны, цяпер — унук, і такая пераемнасць у многіх танцораў. І ўсё ж жыве «Спадчына» ў многім дзякуючы кіраўніку: рэдка сустрэнеш чалавека, які так падтрымлівае сваіх падапечных, клапоціцца пра іх, дапамагае раскрыцца, які так радуецца перамогам выхаванцаў. Чалавека, які так адданы сваей справе.
Анастасія Дудко