Згодна са статыстыкай, на Пружаншчыне пераважная большасць пажараў здараецца ў сельскай мясцовасці. Менавіта таму наш раён лідзіруе ў вобласці па колькасці пажарных аварыйна-выратавальных пастоў. Днямі мы пабывалі на адным з іх — ПАВП №18 у г.п.Ружаны, каб пазнаёміцца са што-дзённай службай пажарных падраздзяленняў.
— У нашым падраздзяленні служаць 12 чалавек,— расказвае начальнік паста капітан унутранай службы М.М.Пятрашка.— Дзяжурства вядзецца па зменах, у кожную ўваходзяць тры чалавекі.
Трэба адзначыць, што пуста на пасту не бывае ніколі, бо дзяжурствы арганізаваны круглыя суткі, нават уначы дыспетчар заўсёды на сувязі, а машыны гатовы да выезду. Калі адбываецца надзвычайнае здарэнне, то на яго ліквідацыю выязджае дзяжурная змена, а да яе далучаюцца выкліканыя па трывозе супрацоўнікі. Гэта неабходна, бо бываюць такія пажары, у якіх сіл аднаго падраздзялення бывае недастаткова. Напрыклад, як на пачатку студзеня, калі здарыўся пажар на мехдвары філіяла «Аграэнерга Зеляневічы».
— Загарэлася заправачная калонка, да якой быў падведзены бензаправод,— тлумачыць Мікалай Мікалаевіч.— А побач знаходзіліся ёмістасці, напоўненыя саляркай і бензінам. Калі б не ўдалося ўтрымаць агонь, то наступствы былі б вельмі сур’ёзныя.
Кожны пост мае сваю зону адказнасці, на памеры якой уплывае час рэагавання: падраздзяленні павінны прыехаць найхутчэй, каб ліквідаваць пажар з мінімальным уронам. Тэрыторыя адказнасці ружанскіх выратавальнікаў — паміж Калазубамі і Лыскавам.
Работнікі, акрамя дзяжурстваў на пасту, жывуць па сваім, асаблівым графіку. У многім ён адрозніваецца ад таго распарадку, які наладжаны на цывільным прадпрыемстве. Па-першае, вялікая ўвага надаецца пастаяннай вучобе і трэніроўкам. Гэта вельмі неабходна, бо кожную хвіліну выратавальнікі павінны быць гатовыя праявіць максімальныя чалавечыя здольнасці. Тое ж патрабуецца і ад тэхнікі. Па-другое, спланаваны тактыка-спецыяльныя вучэнні, якія праводзяцца штомесяц, часцяком з выездамі на аб’екты, патэнцыяльна небяспечныя ў плане пажараў і гібелі людзей.
Ёсць час і для гаспадарчых работ. Сваімі сіламі ружанскія пажарныя зрабілі рамонт будынка, падрыхтавалі вучэбны клас, пакой адпачынку. Такім чынам ствараюцца належныя ўмовы для службы.
Нягледзячы на нялёгкі хлеб пажарнага, прыходзіць служыць маладое папаўненне. Але трапіць у пажарныя таксама няпроста. Напрыклад, зараз стажыруецца малады супрацоўнік С.А.Пянко: яму пакуль забараняецца ўдзельнічаць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Ён асвойвае тэхніку, вывучае абавязкі пажарнага. Потым паедзе на далейшую вучобу і здачу іспытаў. І толькі пасля медыцынскай і спецыяльнай камісій атрымае допуск.
Недасведчанаму чалавеку можа падацца, што ўзімку пажарным больш спакойна. Але і зімой хапае трывог. У першую чаргу, гэта няспраўныя печы, якія становяцца прычынай кожнага трэцяга ўзгарання. А яшчэ асобы, якія злоўжываюць спіртным: тут традыцыйны алгарытм «выпіў-закурыў-заснуў».
— Спакойных дзён у нас увогуле не бывае,— зазначае начальнік паста.— У дадатак мы праводзім абследаванні жылога сектара, каб папярэдзіць пажар, данесці людзям інфармацыю аб тым, што выкананне простых правілаў захавае ім жыццё і маёмасць.
На здымку: прапаршчык П.Б.Левізаровіч, вадзіцель В.П.Бароўскі, камандзір аддзялення 1 змены А.В.Матусевіч і малады супрацоўнік А.А.Пянко.
Алег Сідарэнка.