Воскресенье, 19 января 2025

17 верасня 1939-га: што змяніла гэтая дата?

342

Пра дзень 17 верасня 1939 года да гэтага часу можна пачуць абсалютна розныя меркаванні. Але якія б довады ні прыводзілі праціўнікі і скептыкі адносна вызваленчага паходу Савецкага Саюза, для мяне зразумела адно: гэты паход адцягнуў амаль на два гады акупацыю нашых тэрыторый гітлераўскай Германіяй. Аб‘яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, раздзеленай згодна з умовамі Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, стала фактычна першым крокам на шляху да пабудовы адзінай незалежнай дзяржавы.

Зразумела, такое хуткае, амаль рэвалюцыйнае пераўтварэнне грамадства не магло быць лёгкім і простым. Тым не менш, звычайнымі людзьмі яно ўспрымалася з радасцю. Сведка вераснёўскіх падзей народны паэт Максім Танк узгадваў: «Ніякім зводкам, рэляцыям, больш познім сведчанням гісторыкаў не пад сілу перадаць тыя энтузіязм і радасць, з якімі працоўныя Заходняй Беларусі віталі Чырвоную армію».

Што змянілася ў жыцці беларускага насельніцтва Пружаншчыны пасля гэтай даты?

Вось урыўкі з «Гісторыі вёскі Шані», якую склаў у 1988 годзе Аляксандр Венядзіктавіч Петрык.

Зразумела, што як настаўніка, у першую чаргу, яго цікавілі адукацыйныя працэсы.

Варта адзначыць, што Шані ў плане адукацыі знаходзіліся не ў самым дрэнным становішчы. Тут, таксама як і ў Кацёлках, Чахцы, напачатку 1920-х гадоў была адкрыта пачатковая школа. Але сістэма школьнай адукацыі, зразумела, была падпарадкавана дзяржаўнай машыне.

«У Шанях першай настаўніцай была Гушча Марыя Пятроўна родам з вёскі Дабучын. Яна заўзята вучыла па-польску, карала тых, хто імкнуўся гаварыць па-руску.

За ёй прыйшла палячка Яніна Тамашэўская, якая да беларускіх людзей ставілася прыязна. Школа размяшчалася ў старым будынку на «Курэлі» ў цэнтры вёскі, там налічвалася ўжо 4 класы публічнай школы паўшэхнай. У 1926 годзе, калі ў Шанях была ліквідавана (перанесена ў горад) гміна, то школа перасяляецца ў яе будынак».

«Далей 4-х класаў дзеці сялян не вучыліся: трэба было працаваць, здабываць хлеб, рэдка хто заканчваў 7 класаў школы паўшэхнай. А далей навучацца трэба было за плату, таму пасля — у гімназіі ці семінарыі — наогул мала хто вучыўся».

«Шаняўцы вельмі хацелі вучыцца… Падчас бежанства ў Расію першую сусветную вайну ўсе нашы людзі імкнуліся асвоіць веды і амаль усе гэтага дасягнулі. У 1947 годзе, калі я працаваў настаўнікам у вёсцы Кацёлкі, пры праверцы пісьменнасці насельніцтва высветлілася, што ўсе пажылыя людзі, якія выязджалі ў свой час у Расію і не скончылі ні адзінага класа, умелі чытаць і пісаць».

«Рэзкі ўздым у народнай адукацыі адбыўся ў 1939 годзе пасля ўз‘яднання Заходняй і Усходняй. Беларусі. Тады ўсе рынуліся ў вучобу: для нашых людзей гэта была ўжо родная навука, родная мова.
Арганізуюцца школы ва ўсіх вёсках. У Пружанах з‘яўляецца сярэдняя школа, а таксама аддзел народнай адукацыі».

«Школа ў вёсцы Шані пераўтвараецца ў рускую. Дырэктарам яе становіцца Якіменка Вольга Дзянісаўна. Ва ўсіх вёсках Шаняўскога сельсавета адкрываюцца рускія школы. У многіх пачынаюць працаваць старыя царскія настаўнікі, якія ў польскія часы былі не пры справе. З нашых шаняўскіх людзей Іван Клім становіцца школьным інспектарам, Яўгенія Волас — настаўніцай у вёсцы Чахец».

«Адкрываюцца настаўніцкія трохмесячныя, а потым шасцімесячныя курсы, куды паступілі многія з моладзі в.Шані. Гэта Барыс Клім, Аляксандр Засім з жонкай, Ганна Ляўковіч, Пётр Волас і іншыя. У новым 1940/1941 навучальным годзе ўжо ўключаюцца ў навучальную работу тыя ўсе маладыя сілы, якія закончылі гэтыя педкурсы».
Сам Аляксандр Петрык, дарэчы, таксама становіцца слухачом і выпускніком гэтых курсаў, а пасля шмат гадоў працуе на Пружаншчыне.

Падрыхтавала Ірына Сядова.

На здымку: школа ў Шанях, 1938 год.