Суббота, 12 октября 2024

17 граняў адзінства

163

На гэтым тыдні ў вялікай зале аграрна-тэхнічнага каледжа ў рамках святкавання Дня народнага адзінства прайшоў грамадска-палітычны марафон «17 граняў адзінства», пад час якога раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» арганізавала дыялогавую пляцоўку «Адзінства ў мінулым актуальна ў сучаснасці».

На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы старшых курсаў каледжа, члены РГА «Белая Русь» школ і гімназіі нашага горада, прадстаўнікі маладзёжнага парламента і некаторых пярвічных арганізацый раёна. Таксама ўдзел у мерапрыемстве прынялі чатыры спікеры, кожны з якіх раскрыў сэнс адной з тэм, вынесеных на дыялогавую пляцоўку.

Так, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Дзямідаў расказаў прысутным пра гісторыю нашай краіны. У сваю чаргу, дырэктар Шчарчоўскай сярэдняй школы Дзяніс Цямчык закрануў тэму грамадзянскай супольнасці. Наступную тэму «Нацыянальны лідэр аб адзінстве» раскрыла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, якая вельмі арыгінальным чынам расказала пра нашага Прэзідэнта і тое, як ён заўсёды імкнуўся захаваць адзінства нашага народа. Акрамя гэтага, Таццяна Канстанцінаўна звярнула ўвагу на вялікую колькасць яго моцных бакоў характару, дзякуючы якім Аляксандр Рыгоравіч доўгі час з’яўляецца лідарам нашай краіны.

Вынікі абмеркавання тэмы сучаснасці падсумаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец:
— Нам пашанцавала нарадзіцца і жыць у гэтай цудоўнай краіне. Мы заўсёды імкнуліся да захавання міру на нашай зямлі, а на першым месцы заўсёды стаяў клопат пра чалавека і яго здароўе. Вялікі дзякуй хочацца сказаць і нашаму Прэзідэнту, які ўзначаліў краіну ў вельмі няпросты перыяд, але пры гэтым цудоўна справіўся з усімі пастаўленымі перад ім задачамі.

Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік