Воскресенье, 19 января 2025

17 лет спустя. Как изменилась жизнь Слобудки после того, как военный городок стал деревней?

1 954

Сямнаццаць гадоў таму — 24 верасня 1998 года ваенны гарадок Слабудка афіцыйна стаў лічыцца вёскай. Дагэтуль догляд жылога фонда, забеспячэнне жыхароў неабходнымі таварамі і многае іншае вырашалася па лініі Міністэрства абароны. Пасля перадыслакацыіі расфармавання вайсковых часцей усе гэтыя клопаты былі ўскладзены на мясцовыя ўлады.

IMG_2548

Што змянілася з таго часу ў Слабудцы і ў які бок?

Сведкам усіх гэтых  змяненняў  з’яўляецца старшыня Пружанскага сельвыканкама У.А.Яцкевіч.

— У дэмаграфічным плане вёска за мінулыя 17 гадоў страціла: насельніцтва скарацілася на чвэрць, зменшылася колькасць дзяцей у мясцовай школе,— расказвае Уладзімір Аляксандравіч.— На гэта ёсць і аб’ектыўныя прычыны, бо са Слабудкі з‘ехала шмат ваеннаслужачых і іх сем’і.

Негатыўна паўплывалі і праблемы, якія давялося вырашаць раённым уладам адразу. У складаным становішчы апынуўся жыллёвы сектар, дзе раптам зніклі многія зручнасці.IMG_2549

Асвятленне было арганізавана хутка (раней вёска забяспечвалася ад вайсковага гарнізона), але патрэбна была газіфікацыя населенага пункта. Праз некалькі гадоў сюды прыйшоў прыродны газ, а разам з ім у частку дамоў быў праведзены водаправод, зручнасцю якога раней карысталіся толькі мясцовыя шматпавярхоўкі.

Звернута была ўвага на стан вуліц у Слабудцы, на транспартныя зносіны з іншымі населенымі пунктамі. Паступова абнаўлялася асфальтаванне, па-новаму ўстанаўліваліся вулічныя ліхтары. Адкрылася аддзяленне банка. Замест трох зачыненых магазінаў было вырашана пабудаваць адзін новы, з больш насычаным асартыментам і сучасным абслугоўваннем. Гэты гандлёвы аб’ект сёння поўнасцю перакрывае запыты слабудчан у прадуктах харчавання. Некалькі гадоў таму ў вёску шэсць разоў на ты-дзень сталі заязджаць прыгарадныя аўтобусы (і гэта ўжо многім зручна, бо да прыпынку на шашы — каля кіламетра), для  якіх пабудаваны прыпыначны пункт і адпаведная развязка.IMG_2553

Як расказвае начальнік участка КУВП «Камунальнік» В.М.Гарбатаў, у кожным двары камунальнікамі ўстаноўлены дзіцячыя пляцоўкі: на парк атракцыёнаў яны, зразумела, не падобныя, але раней для дзятвы не было нават элементарных пясочніц.

Цяпер прыступілі да аднаўлення жылога фонду. У доме №8 поўнасцю заменены дах, вядзецца цеплавая рэабілітацыя дома №324, пасля якога прыйдзе чарга і іншых. На частцы дамоў праве-дзены касметычны рамонт, вырашаюцца пытанні па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для лю-дзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі: зручныя пандусы пабудаваны на ўваходах у дамы №303 і №304.IMG_2556

— Нямала выпрабаванняў нам пакінулі гарнізонныя ўлады ў плане дакументальнага  афармлення гаражных масіваў. Цяпер створаны і афіцыйна зарэгістраваны два гаражныя кааператывы, дзейнасць якіх поўнасцю адпавядае заканадаўству.

Разам з гэтым на вастрыні аказалася і праблема ўтылізацыі смецця. Яшчэ з дзясятак гадоў таму Слабудка была адным з лідараў па колькасці стыхійных смеццязвалак. Сёння ў дварах устаноўлены кантэйнеры, на краі вёскі зроблена пляцоўка часовага ўтрымання адходаў, у планах — адкрыць такую ж на супрацьлеглым канцы.IMG_2563

Зразумела, што гэтыя  пытанні вырашаліся паступова, гадамі, але рух відавочны для саміх вяскоўцаў і тых, хто часта бывае тут.

Калі праблема адтоку насельніцтва з-за неналаджанага быту страціла сваю актуальнасць, на парадку дня паўстала іншая: незапатрабаванасць моладзі на месцы. Маладыя сем‘і імкнуліся перабірацца ў Пружаны, бо ў Слабудцы ўвогуле не было магчымасці працаўладкавацца.

— На сённяшні дзень на тэрыторыі вёскі адкрыты і дзейнічаюць 18 малых прадпрыемстваў, зарэгістраваны індывідуальныя прадпрымальнікі,— кажа старшыня сельвыканкама.— Працуюць дзе фірмы па вырабе вокнаў, два перапрацоўчыя прадпрыемствы, чатыры аўтарамонтныя станцыі, база лясгаса па вырабе шчапы і іншыя. У хуткім часе пачнуць дзейнічаць яшчэ некалькі прыватных арганізацый, якія заканчваюць стварэнне вытворчых баз.

Пералічваць станоўчыя  змены можна і далей, хаця не ўсё так ідэальна, як хацелася б.IMG_2559

Хапае і нявырашаных пытанняў, але іх тэматыка не такая злабадзённая, як раней,  а тычыцца арганізацыі вольнага часу вяскоўцаў. Напрыклад, у Слабудцы жыве звыш тысячы чалавек, а няма нават свайго кафэ. Мяркуецца, што такі від бізнэсу будзе тут прыбытковым, і пэўныя напрацоўкі ў гэтым накірунку ёсць.

Ёсць на тэрыторыі Слабудкі і дастаткова вялікі зялёны сквер, які нядаўна добра вычысцілі: магчыма, і тут будзе зроблена мясцовая зона адпачынку.

Таксама прыйшла пара задумацца аб капітальнай рэканструкцыі, а яшчэ лепш — аб будаўніцтве новага дзіцячага садка. Гэтае пытанне вывучаецца раённымі ўладамі.

— Галоўнае, каб такія перамены не спыняліся,— гаворыць У.А.Яцкевіч.— На маю думку, Слабудка значна змянілася ў лепшы бок  за апошнія гады. І звароты грамадзян, якія паступілі ад слабудчан у адрас сельвыканкама на адной з апошніх сустрэч з вяскоўцамі, тычацца звычайнай паўсядзённасці.

А напрыканцы яшчэ адзін цікавы факт: упершыню за апошнія 17 гадоў летась у Слабудцы зарэгістраваны шэсць нованароджаных.

Алег Сідарэнка,  фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *