Чароўны прамень у поўнай цемры — і на белым экране пачынаюць рухацца людзі. Часта, седзячы ў зале кінатэатра, паглядаў на маленькае акенца, адкуль біў яркі прамень кінапраектара. Дзейства здавалася цудам, а той, хто яго ствараў,— сапраўдным чараўніком.
Аказалася, што так у дзяцінстве думала і Жана Уладзіміраўна Зяйрук, кінамеханік кінатэатра «Спадарожнік».— Памятаю, як у Кобрыне, паблізу ад якога я жыла ў дзяцінстве, пабудавалі новы кінатэатр. І ў кожную вольную га-дзіну мы з сяброўкамі бегалі ў кіно. Пасля школы я вырашыла паступаць у Івацэвіцкае вучылішча, дзе тады рыхтавалі кінамеханікаў. Пасля заканчэння вучылішча выйшла замуж і прыехала ў Пружаны.
— Мне здавалася, што гэта мужчынская спецыяльнасць, тут патрэбны чыста тэхнічны склад розуму.
— Ведаеце, за сваю практыку мужчын-кінамеханікаў сустракала не так часта. Нават у Кобрыне ў час майго юнацтва фільмы паказвалі дзве дзяўчыны. На маю думку, жанчына заўсёды адносіцца да сваіх абавязкаў больш дасканала. Кінамеханік павінен быць у напружанні на працягу ўсяго сеанса, і жанчына лепш можа вытрымаць гэта, не расслабіцца.
— Жана Уладзіміраўна, за 20 з лішнім гадоў, што Вы працуеце ў «Спадарожніку», былі мінуты, калі пашкадавалі аб выбары прафесіі?
— У 80-90-х гадах была даволі вялікая цікавасць да кіно: збіраліся поўныя залы, сеансы ішлі па тры разы на дзень. Той час быў «залатым» у маёй практыцы. Пасля былі і змрочныя перыяды: палітычныя і эканамічныя развалы, адсутнасць грошай, калі людзі сталі эканоміць практычна на ўсім, у тым ліку і на наведванні кінапаказаў.
А потым з’явілася шмат тэлеканалаў па тэлевізары, у кожны дом прыйшлі DVD і камп’ютары… Аднак усё роўна не было думкі пераквалі-фікавацца. Усім калектывам распрацоўвалі планы па выжыванні: ездзілі з паказамі па вёсках, прыносілі мультфільмы і дакументальныя стужкі ў дзіцячыя садкі і школы. Спадзяваліся, што сітуацыя зменіцца, кінабізнэс выйдзе з заняпаду.
У бягучым годзе нашы мары пачалі здзяйсняцца. Пасля абнаўлення кінатэатра народ пацягнуўся ў «Спадарожнік». Гэта ўжо новае, маладое пакаленне гледачоў.
Цяпер мяркуем, якім чынам прыцягнуць увагу сталых людзей, якія памятаюць савецкае кіно: цяперашнія сеансы ім не падабаюцца.
— Ці ёсць сэнс адраджаць мінулае?
— Сучасныя распрацоўкі не аб’ядноўваюць людзей, кожны становіцца не столькі індывідуалістам, колькі адзіночкай. У выніку мы адвучваемся суперажываць, рабіць дабрыню навакольным. А кіно не толькі вучыць, але і непрыкметна прымушае да аб’яднання. Так, многае залежыць ад рэжысёра, пастаўленай ім мэты. Нядаўні прыклад. Мы дэманстравалі дакументальную стужку пра Караткевіча: у адным з эпізодаў ён сказаў, што яго кнігі прачытаюць нямногія, а вось фільмы, знятыя па іх, пабачаць некалькі пакаленняў. Таму ён актыўна падтрымліваў экранізацыю. І яго словы так паўздзейнічалі на пружанскіх школьнікаў, што пасля заканчэння сеансу многія пыталі, ці будзем мы паказваць фільмы па кнігах Караткевіча.
— Кожная прафесія накладае свой адбітак на чалавека. Чым адметная Ваша спецыяльнасць?
— Увогуле не магу глядзець фільмы па тэлевізары, нават з добрай выявай, добрым гукам. Таксама, як і работнікі культуры, кінамеханікі рэдка бываюць дома ў выхадныя, святы. Асноўны працоўны час — па вечарах. Не заўсёды дамачадцы могуць вытрымаць такі рэжым, а жанчына ж мае шмат хатніх абавязкаў. Хаця памятаю, з якім гонарам мая дачка гаварыла сяброўкам, што гэты фільм паказвала ім яе мама. Яна і зараз з ахвотай ходзіць у кіно, але цяпер больш у сталічныя кінатэатры. Хаця, калі бывае ў Пружанах, адзначае неблагі ўзровень нашага «Спадарожніка».
— Пасля рамонту давялося вучыцца працаваць на новым абсталяванні?
— Тэхніка з кожным удасканаленнем становіцца больш простай у карыстанні. Адышлі ў мінулае цяжкія бабіны з кіламетрамі стужак, іх замянілі лазерныя дыскі. Памятаю, калі летам уключалі кінапраектары, то аператарская ператваралася ў парылку. Цяпер гэтыя «дыназаўры» засталіся, як музейныя экспанаты.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота Аляксандра Мелеша.