Понедельник, 12 мая 2025

150 гадоў агульнага сямейнага стажу! Падарункі ад раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру» прымала сям’я Тронцаў, працоўны лёс якой звязаны з Аранчыцкай птушкафабрыкай

688

У майскія дні акцыю па ўшанаванні сямейных працоўных дынастый наладзіў Фонду міру.

Калі нашчадкі выбіраюць прафесію сваіх бацькоў — гэта сямейная дынастыя, калі прыходзяць працаваць на тое ж прадпрыемства, што і бацькі, — дынастыя працоўная. А ў нашым выпадку наогул гутарка ідзе не толькі пра бацькоў і дзяцей — пра працоўную дынастыю цэлага роду.

Род Тронец — адзін з нямногіх такіх на Пружаншчыне.

Старэйшы ў родзе Дзмітрый Тронец свой працоўны шлях пачынаў на Аранчыцкай птушкафабрыцы, дзе працаваў слесарам. На гэтым прадпрыемстве пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй. Іх шлюб і даў пачатак працоўнай сямейнай дынастыі.

Без малога паўстагоддзя аддаў прадпрыемству Дзмітрый Дзмітрыевіч, толькі на пару гадоў менш за яго адпрацавала Марыя Сямёнаўна. Зараз старэйшыя Тронцы знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Аднак яны змаглі ў поўнай меры сваё стаўленне да працы перадаць наступным пакаленням, падзяліцца з імі назапашаным майстэрствам і слаўнымі працоўнымі традыцыямі.

Добрасумленыя адносіны да справы выклікалі непадробны інтарэс малодшых пакаленняў. Амаль чвэрць стагоддзя адпрацаваў на тым жа прадпрыемстве сын Дзмітрый, які працягвае і зараз папаўняць агульны стаж Тронцаў менавіта на птушкафабрыцы.

Двое ўнукаў Дзмітрыя Дзмітрыевіча і Марыі Сямёнаўны таксама зараз працуюць на тым жа прадпрыемстве: Раман — галоўны інжынер, Алена — інжынер па ахове працы. Калі скласці агульны працоўны стаж, то атрымаецца, што разам Тронцы ўжо адпрацавалі на птушкафабрыцы без малога паўтара стагоддзя. Кожны з іх зрабіў важкі ўклад у развіццё вытворчасці. І маладыя Тронцы працягваюць рабіць гэта. Магчыма, у будучым працоўная дынастыя гэтага роду будзе працягвацца.

Падчас майскіх святаў з прадстаўнікамі сям’і Тронцаў сустрэліся старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі Фонд міру» Мікалай Кудравец і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якія ўручылі падарункавыя сертыфікаты, пажадалі шчырага здароўя і далейшых працоўных поспехаў.

Як зазначыла Таццяна Юр’еўна, падобныя сямейныя дынастыі, якія працуюць у адной арганізацыі, уяўляюць яе своеасаблівы падмурак:

— Ад трываласці такой асновы ў многім залежыць развіццё прадпрыемства, умацаванне яго калектыву, а значыць, можна спадзявацца на далейшыя дасягненні.

Алег Сідарэнка. Фота прадастаўлена раённай арганізацыяй ГА «Беларускі Фонд міру»