15 верасня традыцыйна адзначаецца Дзень бібліятэк. Іх у нашым рэгіёне – 26. Усе яны падпарадкоўваюцца Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Міколы Засіма. Дарэчы, заснавана яна ў далёкім 1940 годзе.
Гледзячы на кніжныя стэлажы, міжволі ўзгадваеш словы выдатнага рускага літаратурнага крытыка і публіцыста В. Р. Бялінскага, які сказаў: “Самая вялікая скарбніца – добрая бібліятэка”. Кніжны фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Пружанах вельмі нядрэнны, да паслуг наведвальнікаў прадстаўлена больш за 73 тысячы экзэмпляраў кніг. І фонд пастаянна папаўняецца. Таксама бібліятэка атрымлівае 81 найменне беларускіх і расійскіх перыядычных выданняў, што дазваляе задаволіць запыты чытачоў на любы густ.
Прывіць любоў да літаратуры і гісторыі, да краязнаўства і беларускага слова, садзейнічаць выхаванню патрыятычных пачуццяў у падрастаючага пакалення, фарміраванню эстэтычнага густу з дапамогай кнігі – вось мэты, якія ставяць перад сабою супрацоўнікі бібліятэкі на чале з дырэктарам Таццянай Рыгораўнай Гуторкінай. Дзеля іх рэалізацыі Пружанская ЦРБ падтрымлівае цесныя сувязі з аднаго боку з выдавецтвамі, з другога — са школамі горада, цэрквамі Пружанскага благачыння, Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжам, грамадскімі арганізацыямі. Сустрэчы і прэзентацыі вельмі падабаюцца нашым чытачам.
У век электронных СМІ і інтэрнэту, якія прыцягваюць да сябе значную частку чытачоў, у першую чаргу, моладзь, здавалася б, традыцыйная кніга адыходзіць. Але ж гэта не зусім так. Утульнасць і камфорт, магчымасць узяць кнігі на дом, добразычлівыя адносіны прыцягваюць у бібліятэку наведвальнікаў. Тут традыцыйна наладжваюцца літаратурна-музычныя вечарыны, прэзентацыі, выставы і сустрэчы. Бібліятэкары пастаянна шукаюць новыя формы работы з чытачамі.
Пружанская ЦРБ уносіць свой уклад не толькі ў культурнае жыццё горада і раёна. Ва ўстанове дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі. Наведвальнікі могуць скарыстацца камп’ютарнай тэхнікай і доступам да сусветнага павуціння. Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, бібліятэка перайшла на аўтаматызаванае абслугоўванне наведвальнікаў, ідзе фарміраванне электроннага каталога і электроннай краязнаўчай картатэкі, створаны свой сайт, дзе можна знайсці шмат цікавай інфармацыі. Да паслуг чытачоў наладжаны ўнутрысістэмны абмен і міжбібліятэчнае абслугоўванне. Да паслуг жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак раёна бібліятэка на колах.
За гады існавання нашай установы культуры адбылося шмат зменаў. Але бібліятэка нязменна робіць галоўнае: далучае людзей да ведаў, вучыць іх думаць, марыць, з’яўляецца цэнтрам зносін і інфармацыі. І ў гэтым несумненная заслуга ўсіх работнікаў Пружанскай ЦБС: і сённяшніх, і былых. Вялікі ўклад у развіццё бібліятэкі ўнеслі першы дырэктар ЦБС Ніна Васільеўна Паўлюковіч і дырэктар Наталля Канстанцінаўна Супруновіч. Таксама хочацца ўзгадаць ветэранаў бібліятэчнай справы: Г.У.Рэпіну, М.Ф.Барысевіч, З.С.Каралько, Н.К.Шабуню, Т.М.Ліхалетаву, А.М.Ярмушчык, Л.І.Ляўчук, Я.К.Зубко, Т.С.Жук, В.А.Белакабыльскую, В.І.Берднік, М.М.Кулецкую, М.Я.Заікіну, А.І.Фасевіч, В.Я.Матысюк, В.В.Фядун.
Пандэмія ўнесла значныя карэктывы ў наша жыццё, але ж трэба працаваць далей. Цікавых задумак і планаў у сённяшніх супрацоўнікаў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма шмат. Хочацца верыць, што бібліятэка, нягледзячы ні на якія катаклізмы, форс-мажорныя абставіны, застанецца такой жа неабходнай і даступнай.
Раіса Зінчук. Фота Кацярыны Масік