Среда, 19 февраля 2025

15 сентября — День работников леса

1 139

У лясной гаспадарцы Пружаншчыны працуе больш за 80 леснікоў, на чые плечы і ўскладзена выкананне прыярытэтнага накірунку галіны — ахова, абарона і аднаўленне лясоў. У кожнага з іх свой абход, які яны патрулююць, які трымаюць у парадку.


Без малога трыццаць гадоў прысвяціў гэтай рабоце Мікалай Дайнэка. Абход лесніка Пружанскага лясніцтва складае каля 845 гектараў. Вырасшы ў вёсцы, на ўлонні прыроды, Мікалай Яўгенавіч адносіцца да лесу, як да жывога арганізма: у яго баліць душа за неахайныя адносіны з боку чалавека да прыроды, яго багаццяў і прыгажосці. І невыпадкова сёлета напярэдадні прафесійнага свята лесніка знайшла ўзнагарода — медаль «20 гадоў бездакорнай службы».
У яго калегі Юрыя Плескі абход хаця і меншы па плошчы — 538 гектараў, але самы рэкрэацыйна нагружаны. Так званае ўрочышча Песчына асаблівай увагі патрабуе ў плане навядзення парадку, выканання правілаў наведвання лесу ў пажаранебяспечны перыяд. Нягледзячы на складанасці, Юрый Рыгоравіч на «выдатна» спраўляецца са сваімі задачамі, таму сёлета яго фотаздымак зойме месца на Дошцы гонару прадпрыемства.
На здымку: леснікі Мікалай Дайнэка і Юрый Плеска.

Лесанасенная плантацыя сасны веймутава і лістоўніцы еўрапейскай створана на базе Ліноўскага лясніцтва.
— Першае поле разбілі ў 2014 го-дзе. Чаму было вырашана ўвесці менавіта гэтыя пароды? Для біяразнастайнасці, — расказвае ляснічая Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк. — І выбар зроблены на гэтых пародах невыпадкова: лістоўніца, напрыклад, прываблівае тым, што хутка расце.


Ляснік Андрэй Грыцэвіч звяртае ўвагу, што стварыць прадукцыйную плантацыю няпроста: тут патрэбен не толькі разумны падыход, пры якім улічваюцца глеба, што будзе засаджвацца, непасрэдна месца, каб не было пераапылення, але і пастаянны догляд. Толькі так можна атрымаць эфектыўны вынік: мець не проста ўласны пасадачны матэрыял — насенне з палепшанымі якасцямі. Пакуль вынікамі гэтай працы карыстаюцца толькі лесаводы Пружаншчыны. У перспектыве, калі аб’ём атрымліваемага насення павялічыцца, яго плануюць рэалізоўваць іншым лясгасам краіны.
На здымку: Ганна Траццяк і Андрэй Грыцэвіч.

На сённяшні дзень матэрыяльна-тэхнічная база ДЛГУ «Пружанскі лясгас» — адна з мацнейшых на Брэстчыне. У ліпені мінулага года ў эксплуатацыю быў уведзены сучасны цэх па перапрацоўцы драўніны.
Літаральна праз пару месяцаў пасля ўводу ў эксплуатацыю вытворчасць працавала на поўную магутнасць. Як расказаў начальнік цэха Сяргей Алікевіч, тут штомесяц выпускаюць каля 1300 кубаметраў піламатэрыялаў.


Сяргей Віктаравіч зазначае:
— Штатным раскладам прадугледжана 24 працоўныя месцы. І з самых першых дзён «цякучкі» кадраў у нас няма. Цэх працуе ў дзве змены па 12 гадзін. Прадукцыя, якая вырабляецца, рэалізуецца як на экспарт: піламатэрыялы адгружаюцца ў Літву, Латвію і Германію, — так і на ўнутраны рынак: для патрэб арганізацый і насельніцтва.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).
Больш артыкулаў аб лясной гаспадарцы раёна чытайце ў нумары «Рб» за 14 верасня.