Для кожнага з нас, хто жыццё сваё не ўяўляе без кнігі, гэтае свята не можа прайсці незаўважаным… 15 верасня наша краіна адзначае Дзень бібліятэк. Пра тое, як яны жывуць і якія яны, бібліятэкі XXI стагоддзя і іх гаспадары, мы вырашылі пагаварыць с сапраўдным энтузіястам сваёй справы – Ірынай Дулько. Гэтая жанчына працуе бібліятэкарам ужо больш за дваццаць гадоў. Цяпер яна – загадчыца Ружанскай дзіцячай бібліятэкі.
– Ірына Мікалаеўна, каб выбраць гэтую прафесію, трэба, напэўна, вельмі любіць чытаць. Любоў да кніг у Вас з дзяцінства?
– Я не магу сцвярджаць, што чытала больш за іншых дзяцей. Проста я вельмі любіла і люблю размаўляць з людзьмі, а бібліятэка ў поўнай меры задавальняе мае патрэбы.
– Якая кніга аказала на Вас самы моцны ўплыў, нават перавярнула светапогляд?
– Магчыма, не буду арыгінальнай – «Авадзень» Этэль Ліліяны Войніч. Яна адкрыла для мяне жыццесцвярджальную сілу кахання. «Счастливой мошкою летаю, живу ли я, иль умираю», – гэтыя словы сталі лейтматывам усяго майго жыцця.
– Дзе спасцігалі азы прафесіі?
– Я вучылася па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства і бібліяграфія» ў Беларускім універсітэце культуры. А ўсё астатняе даводзілася асвойваць ужо ў працэсе працы. Асаблівых складанасцяў я не адчувала. Было цікава і займальна.
– Якую кнігу Вы парэкамендавалі б прачытаць маладым людзям, якія толькі-толькі ўступаюць на жыццёвы шлях?
– «Маленькага прынца» Экзюперы. Яе варта чытаць і перачытваць, і ўсё жыццё прытрымлівацца запавету: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі».
– А кнігі якіх аўтараў цяпер найбольш папулярныя сярод чытачоў?
– Усё залежыць ад узросту і адукацыі. Цікавасць сёння да кніг Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, у прыватнасці, «У вайны не жаночы твар».
– А ці карыстаецца попытам класічная беларуская літаратура і менавіта на беларускай мове, а не ў перакладзе на рускую?
– На вялікі жаль, не. Хоць у нас дастаткова прадстаўнічы беларускамоўны фонд, дзеці бяруць толькі хрэстаматыйныя творы школьнай праграмы. Таго ж Івана Шамякіна імкнуцца чытаць па-руску.
– Ці шмат наведвальнікаў прыходзіць да Вас у бібліятэку, ці ёсць сярод іх пастаянныя?
– Можа, канешне, і не так шмат, як раней, але ўсё ж нямала. У нашай бібліятэцы два аддзелы: абанемент і чытальная зала. Абслугоўваем каля 900 чытачоў, у распараджэнні якіх звыш 14 000 кніг, 5 найменняў газет і 20 — часопісаў.
Самыя актыўныя наведвальнікі – тыя дзеці, якія не толькі чытаюць, але і прымаюць удзел ва ўсіх масавых мерапрыемствах. Вось неўзабаве будзе падвядзенне вынікаў конкурсу «Лета і кніга», у лік пераможцаў увойдуць і нашы пастаянныя сябры Жышко Дар’я і Віка, Горбач Маша і Шуманская Валерыя. Адзначу, што больш за ўсіх чытаюць дзеці з першага па шосты клас.
– Як Вы заўважылі, цяпер усё больш людзей аддаюць перавагу электроннай кнізе. Як Вы ставіцеся да гэтай навізны і ці карыстаецеся ёй?
– Магчыма, гэта зручна, чаму б і не? Дзякуючы ёй, у выпадку адсутнасці папяровага варыянту заўсёды можна хутка знайсці электронную замену. Але я не карыстаюся. Мне лепей жывыя зносіны са старонкамі. Толькі гартаючы і цярэбячы іх, я адчуваю паўнату аўтарскай задумы.
– Ірына Мікалаеўна, напэўна, Ваша бібліятэка з’яўляецца пляцоўкай для розных мерапрыемстваў, раскажыце, калі ласка, аб гэтым.
– Я ўжо згадвала штогадовы конкурс «Лета і кніга», нядаўна сумесна з гарпасялковай бібліятэкай, адукацыйнай і музычнай школай шырока адзначылі Дзень беларускага пісьменства. У маладзёжным асяроддзі стала папулярная сакавіцкая акцыя «Тыдзень дзіцяча-юнацкай кнігі», у красавіку заўсёды ўздымаем тэму чарнобыльскай трагедыі, шэраг мерапрыемстваў прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Таксама з дзецьмі размаўляем на тэму курэння і СНІДу.
У мінулым годзе прынялі ўдзел у конкурсе «Па-за фарматам: новае пакаленне Пружаншчыны», з прэзентацыяй «Маладыя таленты Ружан» занялі другое месца. Дарэчы, для дзяцей у бібліятэцы працуе клуб па інтарэсах «Эўрыка», які быў арганізаваны ў сакавіку 2006 года з мэтай пашырэння іх кругагляду. Для таго, каб зацікавіць маладое пакаленне, запрашаем вядомых людзей, пісьменнікаў. За 8 месяцаў гэтага года правялі ўжо 36 падобнага роду мерапрыемстваў.
– Якой Вы ўяўляеце сабе бібліятэку будучыні?
– Я ўпэўнена, што бібліятэка не перастане існаваць. Нават у віртуальнай прасторы, у абсалютна камп’ютэрызаванай сістэме людзі пакінуць месца для жывой гутаркі.
– А для сучаснай бібліятэкі што, на Вашу думку, з’яўляецца найбольш сур’ёзнай праблемай?
– У нашым спажывецкім грамадстве страчана цікавасць да кнігі, да чытання, і гэта сумна. Цяпер нам, бібліятэкарам, даводзіцца запрашаць людзей, раней такога не было.
– Калі кнігі сталі працай, то што для Вас захапленне?
– Спевы. З задавальненнем спяваю ў вакальнай групе «Ваколіца» Ружанскага ЦДКіА, вяду розныя масавыя мерапрыемствы, якія праходзяць у пасёлку. Люблю таксама вязаць і выразаць выцінанкі.
– З Вашага дазволу адкрыю чытачам сакрэт: заўтра Вы будзеце адзначаць свой дзень нараджэння — відаць, лёсам Вам было наканавана стаць бібліятэкарам. Карыстаючыся выпадкам, перадаю ад нашых чытачоў светлыя пажаданні невычэрпнай радасці, шчасця, здароўя і дабрабыту!
Гутарыла Алена Зялевіч