Колькі ганаровых донараў сёння жыве на Пружаншчыне, сказаць у аддзяленні пералівання крыві Пружанскай ЦРБ не бяруцца. Але запэўніваюць, што нямала. Толькі з 2015 па 2020 гады знак «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» атрымала 55 жыхароў нашага раёна.

У панядзелак, 14 чэрвеня, калі адзначаўся Сусветны дзень донара крыві, такіх людзей пабольшала яшчэ на пяць чалавек. Нагрудным знакам адрознення Міністэрства аховы здароўя ўзнагародзіла Аляксандра Вашкевіча, Максіма Вашкевіча, Віктара Віцько, Руслана Леўчука і Сяргея Сазонава.



Словы ўдзячнасці ім адрасавала і адміністрацыя Пружанскай ЦРБ. «Мы ўдзячны вам за тое, што вы дорыце часцінку сябе — сваю кроў — людзям, якім яна жыццёва неабходная», — падкрэсліў галоўны ўрач бальніцы Андрэй Пачынчык падчас уручэння заслужаных узнагарод донарам.

Медыкі падкрэслілі, што з асаблівай павагай ставяцца да людзей, якія рэгулярна прыходзяць у бальніцу, каб бязвыплатна здаць кроў.
У аддзяленне пералівання крыві раённай бальніцы людзі прыходзяць па розных прычынах. Напрыклад, Руслана Леўчука ўпершыню прывяла складаная жыццёвая сітуацыя, якая здарылася ў яго сябра: бабулі стала дрэнна і ёй тэрмінова спатрэбілася пераліванне крыві. Групы крыві супадалі, і малады чалавек выказаў жаданне дапамагчы.

Пазней дапамога спатрэбілася і маме Руслана, якая цяжка хварэла. Калі яе не стала, ён толькі яшчэ больш пераканаўся, што робіць добрую справу, калі рэгулярна прыходзіць у бальніцу. Цяпер яго сюды прыводзіць покліч сэрца і жаданне ратаваць людзям жыццё. Да слова, Руслан Ляўчук і ў сваім паўсядзённым жыцці займаецца высакароднай справай: ён — выратавальнік.
Акрамя нагрудных знакаў, мужчыны атрымалі памятныя падарункі і шэраг ільгот, сярод якіх першачарговае абслугоўванне ў медустановах, даплата да пенсіі і іншыя.

«У розных краінах стаўленне да донарства рознае. І гаворка не толькі пра тое, што шмат у якіх краінах яно пераважна бязвыплатнае, — гаворыць загадчык аддзялення пералівання крыві Іван Сямашка. — Хочацца, каб і пацыенты не былі абыякавымі спажыўцамі крыві, а ўсё-такі хаця б гаварылі шчыры «дзякуй» таму, хто ахвяраваў яму сваю кроў».
Да слова, сёння прэтэндаваць на ганаровы знак могуць толькі тыя донары, якія здалі не менш за 40 данацый крыві, а плазмы, лейкацытаў, трамбацытаў — не менш як 80 данацый.
Марына Вакульская.
Кацярына Масік (фота)