— Устаць раненька, пакуль муж і дзеці яшчэ спяць, хуценька прывесці сябе ў парадак — не люблю хадзіць неахайніцай, згатаваць сняданак. Тут ужо трэба пастарацца паспець, бо пачынаюць прачынацца дзеці. І ўсё, увесь астатні час аддадзены ім: пераапрануць, памяняць памперсы, пакарміць, пагуляць на свежым паветры, зноў пакарміць, пакласці спаць, а ў гэты час, пакуль малыя адпачываюць, памыць посуд, прыбраць у кватэры, уключыць мыйную машынку… Ну вось, і муж прыйшоў з работы! Вечар…
Дзіўна, але ўсё гэтыя старанні робяцца дзеля аднаго з нічым на свеце непараўнальнага адчування душэўнай цеплыні і радасці, калі раптам аднойчы, яшчэ ледзь вымаўляючы словы, сынок ці дачушка ціха табе скажуць: «Мама, я цябе так люблю!», «Мама, ты самая лепшая ў свеце!»
Расказваючы пра сваю сям’ю, Святлана Стэпусь ажно свеціцца.
Праўда, пажаніўшыся, яны з Міхаілам не планавалі і нават не думалі, што будуць шматдзетнымі бацькамі. Нарадзіўся Дзімка, потым — Юлька. Калі праз 15 гадоў пасля дачкі з’явіўся на свет Сава, сяброўкі па рабоце (Святлана Ульянаўна працуе настаўніцай пачатковых класаў Кляпацкай сярэдняй школы) здзіўлена паціскалі плячыма: «У гэты час акружаць сябе дзецьмі можа толькі зусім непрактычны чалавек!..»
Толькі праз два гады Святлана зноў зацяжарыла. Не, сумнення наконт таго, нараджаць ці не нараджаць, у яе не было. Але жанчына сабрала сямейны савет: хацелася пачуць словы падтрымкі ад самых блізкіх людзей. Калі яны прагучалі, шчаслівая мама ў адказ засмяялася:
— Што ж, прыйдзецца падцягваць рамяні!
Напэўна, перш за ўсё гэта тычылася старэйшых — Дзімы і Юлькі, на той час ужо студэнтаў адпаведна медыцынскага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў. Хаця абодва яны вучацца на бюжэтнай аснове, аднак аднаго татавага заробку (як намесніка загадчыка лабараторыі РУП НДІ меліярацыі і лугаводства і ў дадатак фермера-агародніка) наўрад ці хапіла б, каб пракарміць вялікую сям’ю і вывучыць дзяцей. Трэба было неяк выкручвацца. Дапамагаў свёкар (ён — пенсіянер, але яшчэ працуе). Сама Святлана, пакуль магла, па выхадных гандлявала на рынку дзіцячымі рэчамі. Дзіма ў вольны ад вучобы час пачаў працаваць санітарам у адной са сталічных бальніц…
У жаночай кансультацыі шчаслівай маме паведамілі, што яна чакае двойню. Гэта былі Злата і Серафіма.
Цяпер вялікай сям’і Стэпусяў цесна ў трохпакаёвай кватэры. Таму калі яшчэ толькі нарадзіўся Сава, яны атрымалі ў банку льготны крэдыт і пачалі будаваць у Пружанах дом. Праўда, наваселле крыху затрымалася. Але па натуры Святлана — аптыміст. І ў такіх людзей усё атрымліваецца, як пажадаюць.
— Мне вельмі падабаецца тут, у Клепачах. Люблю лес, люблю збіраць ягады і грыбы, возера побач… Таму мы і вырашылі не кватэру будаваць у горадзе, а дом. Каб была свая паляна,— смяецца яна, абняўшы сваіх двайнятак.
Дарэчы, Святлана нарадзіла іх у 41 год. У гэты час, упэўнена жанчына, жыццё толькі пачынаецца і яшчэ вельмі многае ў ім можна памяняць. Бо дзеці прыходзяць на зямлю для таго, каб дарослыя, якія жывуць побач, сталі хоць крыху дабрэйшымі…
Ганна Хадаровіч, Аляксандр Мелеш (фота).