Пяшчоту, святло і дабро нясе слова “мама”. Вось чаму тройчы мама Юлія Аляксандраўна Жытко, гледзячы на свой скарб – Данііла, Ганначку і Ваньку, ласкава кажа: “Гэта такое шчасце — дзеці”.
На пытанне, ці думала калі, што будзе шматдзетнай маці, Юлія шчыра прызнаецца:
— Я сама вырасла ў сям’і адна і нават не ўяўляла, як жыць побач з братам ці сястрой. А атрымалася так, што яшчэ і за сваіх бацькоў “план” выканала. І цяпер ведаю, як цудоўна, калі маеш вялікую сям’ю.
Асноўнае, што вылучае сям’ю Жытко — гэта сяброўства. Тут, як кажуць, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Разам мама з татам нават на выступленнях сваёй юнай танцорачкі стараюцца быць, — васьмігадовая Ганначка займаецца харэаграфіяй з чатырох гадоў. Частыя наведвальнікі яны і трэніровак старэйшага Даніка, які захапляецца хакеем. Ну і, вядома, усе разам займаюцца выхаваннем галоўнага гарэзы ў сям’і – Ванечкі. Нягледзячы на тое, што двухгадовы хлапчук з настойлівым пастаянствам пакідае свае “аўтографы” ў сшытках старэйшых брата і сястры і на шпалерах кватэры, яго любяць і пра яго клапоцяцца асабліва.
— Мы стараемся выхоўваць дзяцей на ўласным прыкладзе, — гавораць мама Юлія Аляксандраўна і тата Ігар Анатольевіч. – У нас, напрыклад, няма падзелу працы на мужчынскую і жаночую. І такі клопат у паўсядзённым жыцці адчуваюць усе члены нашай сям’і, не кажучы ўжо пра любоў, якой акружаны кожны з нас.
Нягледзячы на тое, што пражывае сям’я ў горадзе, бацькі і дзеці знаходзяць час, каб і на прыроду з’ездзіць, і бабулі з дзядулем у вёсцы дапамагчы.
Пабываўшы ў гэтай сям’і, у чарговы раз пераканаліся, што цёпла і ўтульна ў доме можа быць ад шчырай і добрай атмасферы. У сям’і Жытко дзеці ніколі не бачылі скандалаў, затое ведаюць, што такое бацькоўская любоў. А гледзячы на сваю прыгожую і ласкавую маму – не толькі ўмелую гаспадыню і ўважлівага чалавека, але і стыльную жанчыну, дружна зазначаюць:
— Яна ў нас самая лепшая!
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).