АЛЕГ СІДАРЭНКА
Днямі ў Мокраўскай сярэдняй школе адбыўся бацькоўскі сход.
Гэту падзею нельга аднесці да разраду радавых, што пацвярджае і ўдзел у сходзе намесніка старшыні райвыканкама М.П.Кудраўца. Падставай для такога мерапрыемства стала набліжэнне да фінальнай рысы будаўніцтва ў вясковай школе басейна.
Мокраўская СШ стала першай школай у раёне, якая займела такі спартыўны аб’ект. Нават у рэспубліцы пакуль падобныя прыклады адзінкавыя. Як расказаў дырэктар школы А.Б.Бзот, будаўніцтва басейна было пачата напрыканцы 2007 года. Даводзіла аб’ект да завяршэння брэсцкая ПМК-1. Трэба прызнаць, што праблем падчас работ узнікала вельмі многа, але, дзякуючы старшыні праўлення Нацыянальнага банка РБ П.П.Пракаповічу, кіраўніку агракамбіната «Мачулішчы» А.К.Ліневічу і кіраўніцтву ААТ «Жураўлінае», перашкоды былі паспяхова пераадолены. Больш таго, спецыяльна для школы за грошы гаспадаркі набыты аўтобус для падвозу дзяцей, а маладыя спецыялісты забяспечваюцца жыллём.
— Вялікая заслуга ва ўсім гэтым і раённай улады, аддзелы адукацыі, нават саміх школьнікаў і іх бацькоў. За што ўсім вялікае дзякуй,— выказаў свае меркаванні Алег Браніслававіч.
Спартыўная частка займае толькі трэць плошчаў новага крыла школы. Разам з ёй будаўнікі падарылі ўстанове цэлы комплекс неабходных для навучальнага і выхаваўчага працэсаў памяшканняў. Тут хутка адкрые свае дзверы новая сталоўка з сучасным тэхналагічным абсталяваннем, утульнай прасторнай залай для прыёму ежы. Дагэтуль у Мокраўскай СШ не было сваёй актавай залы: у новым памяшканні і праходзіў цяперашні бацькоўскі сход. Для правядзення масавых мерапрыемстваў набыта музычнае і сцэнічнае абсталяванне. Асобную частку адвялі пад дзіцячы садок з найноўшым дыдактычным матэрыялам. Ёсць у новым крыле памяшканні для школьнай бібліятэкі, трэнажорнай і музычна-гімнастычнай залаў. Усім гэтым і хваліўся дырэктар школы падчас своеасаблівай экскурсіі для бацькоў і гасцей. Плошча школы павялічылася настолькі, што давялося правесці рэканструкцыю мясцовай кацельні.
Аднак найбольшую ўвагу, безумоўна, прыцягнуў сам басейн: 25 метраў даўжыні, тры дарожкі, глыбіня ад 1,5 да 1,8 метра. Тут дзеці будуць вучыцца плаваць, адпачываць. Дарэчы, ужо закуплены спартыўны інвентар для заняткаў водным пола.
Ёсць у школе і ўласны трэнер. Для раёна трэнер па плаванні — даволі спецыфічная спецыяльнасць. Але настаўнік фізвыхавання А.А.Пракаповіч прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі і можа справіцца з новымі абавязкамі.
— Безумоўна, нельга пакуль лічыць аб’ект адкрытым, бо яшчэ многае не зроблена,— зазначыў падчас сходу А.Б.Бзот.— Трэба ўстанавіць мэблю, абсталяванне.
Але з 1 лютага тут запланаваны першыя школьныя заняткі па плаванні. Разам з імі змогуць скарыстацца новымі магчымасцямі і дарослыя — за пэўную плату.
Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец, Мокраўская СШ стане першай у раёне, дзе ёсць басейн. Але хутка гэты спіс папоўніцца навучальнымі ўстановамі аграгарадкоў Кляпацкі і Кабылаўскі. А ў Мокрым басейн — толькі частка цэлага культурна-аздараўленчага комплексу: у будучым тут з‘явяцца футбольнае поле, лёгкаатлетычная, валейбольная, тэнісная, баскетбольная і ўніверсальная хакейна-міні-футбольная пляцоўкі.
— Сродкі, якія ўкладваюцца сёння раёнам у выхаванне, вырашэнне праблем маладога пакалення, значна перавышаюць сумы, затрачаныя на правядзенне ў 2003 годзе ў Пружанах рэспубліканскіх «Дажынак»,— гаворыць Мікалай Пятровіч.— Але гэта апраўдана: за моладдзю — будучыня нашай Беларусі.