Понедельник, 16 сентября 2024

12 советов, которые облегчат жизнь молодым родителям и помогут воспользоваться льготами

1 633

Нарадзілася малое… І доказам таго, што нованароджаны з’яўляецца «падарункам усяму свету» служаць не толькі ружовыя ці блакітныя стужачкі, якімі яго перавязваюць у раддоме перад першым выхадам у свет, але і стос дакументаў, які неабходна сабраць у кароткія тэрміны, і які вызначыць правы дзіцяці і прадаставіць магчымасць карыстацца пэўнымі льготамі.7906065

«Раёнка» палічыла, што ў гэтым папяровым лабірынце неабходна зрабіць  12 крокаў.

Крок 1: дакументы з раддома

З раддома шчаслівыя бацькі павінны ўзяць два* дакументы:

  1. Астатняя частка абменнай карты – яе другі (аддаецца ў жаночую кансультацыю) і трэці лісты (у дзіцячую паліклініку).
  2. Медыцынская даведка аб нараджэнні, выпісаная акушэркай і засведчаная яе подпісам і пячаткай бальніцы (у ЗАГС / сельвыканкам).

*У выпадку ўскладненых родаў выдаецца яшчэ дадатковы бальнічны ліст на 14 дзён, які неабходна падаць у тую ж службу, якая аплачвала ліст непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах. Аднак калі маці беспрацоўная і не стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці, то бальнічны ліст ёй не выдаецца.

Гэта першыя дакументы дзіцяці, на падставе якіх бацькі змогуць атрымаць наступныя.

Крок 2: у «Белдзяржстрах» (вул. Кастрычніцкая, 10)

Калі мама стала на ўлік да 9 тыдняў цяжарнасці і мела медыцынскую страхоўку, то ў выпадку незапланаваных і ўскладненых родаў ёй  належыць страхавая выплата ад 10 да 100% ад сумы страхоўкі (у залежнасці ад ступені ўскладнення).

Тэлефон для даведак: 9-30-32.

Крок 3: рэгістрацыя ў органах ЗАГС (для сельскіх жыхароў — у сельвыканкамах)

Дакумент, які выдаецца ў   загсе/сельвыканкаме, – пасведчанне аб нараджэнні (пра што ў кнігу актаў грамадзянскага стану ўносіцца адпаведны запіс) з персанальным ідэнтыфікацыйным нумарам, які пазней будзе ўнесены ў пашпарт, і даведка аб нараджэнні дзіцяці (форма 05) для атрымання дапамогі.

Пры звароце ў ЗАГС/сельвыканкам пры сабе трэба мець:

  1. заяву аб рэгістрацыі нараджэння дзіцяці (запаўняецца па ўстаноўленай форме), у пружанскім ЗАГСе – у вуснай форме, але бываюць выключэнні (гэтыя выпадкі агаворваюцца ў ЗАГСе),
  2. медыцынскую даведку аб нараджэнні,
  3. дакументы, якія пацвяржаюць асобу бацькоў (пашпарты),
  4. пасведчанне аб шлюбе (калі ёсць),
  5. пажадана даць і пасведчанні аб нараджэнні бацькоў (для ўдакладнення нацыянальнасці).

Да часу падачы заявы бацькі павінны вызначыцца з імем і прозвішчам дзіцяці, якое можа быць запісана як па бацьку, так і па маці.

Як хутка бацькі павінны пайсці ў загс/сельвыканкам? Тэрмін падачы заявы аб нараджэнні дзіцяці вызначаны заканадаўча – не пазней, чым праз тры месяцы з дня  яго нараджэння. Аднак у любым выпадку ў рэгістрацыі не адмовяць.

У які загс/сельвыканкам трэба звярнуцца? Гэта можа быць і па месцы нараджэння дзіцяці, і па месцы жыхарства аднаго з бацькоў – як зручней.

Пры жаданні зарэгістраваць дзіця можна ва ўрачыстай абстаноўцы.

Крок 4: рэгістрацыя дзіцяці па месцы жыхарства

Для рэгістрацыі нованароджанага па месцы жыхарства неабходны наступныя дакументы:

  1. пашпарты бацькоў дзіцяці;
  2. пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці;
  3. пасведчанне аб шлюбе бацькоў дзіцяці;
  4. заява на рэгістрацыю ад бацькоў дзіцяці;

Калі бацькі зарэгістраваны па розных адрасах, то яшчэ:

  1. заява (згода) ад аднаго з бацькоў, дзе ён пацвярджае, што не супраць рэгістрацыі дзіцяці па іншым адрасе, і даведка аб тым, што ён не рэгістраваў у сябе нованароджанага.

З гэтымі дакументамі бацькі звяртаюцца ў «Жилищник» (па месцы жыхарства аднаго з бацькоў, у Пружанах – па адрасе: вул. Свабоды, д.73а) альбо ў жыллёва-будаўнічы кааператыў – ЖБК (калі пражываюць у кааператыўным доме) і на іх падставе ўносяць звесткі ў карткі рэгістрацыі па форме № 16 аднаго з бацькоў і ў пакватэрныя карткі.

Па якім адрасе можа быць зарэгістравана дзіця? Па месцы жыхарства маці або бацькі. Пры ўмове, калі бацька дзіцяці афіцыйна запісаны ў пасведчанні аб нараджэнні, то ён можа зарэгістраваць дзіця, нават калі не ўваходзіць у лік уласнікаў кватэры, у якой зарэгістраваны. Тое ж самае становішча распаўсюджваецца і на маці дзіцяці. Рэгістрацыя ніяк не ўплывае на права ўласнасці.

Дзіця можна таксама зарэгістраваць па месцы жыхарства бацькоў праз давераную асобу на падставе даверанасці (калі бацькі асабіста не могуць зрабіць гэтага, напрыклад, з-за тэрытарыяльнай аддаленасці) з дакладным указаннем адраса, па якім павінны зарэгістраваць дзіця.

Адразу можна ўзяць даведку аб складзе сям’і, неабходную для налічэння дапамогі.

Тэлефон для даведак: 9-08-21.

Крок 5: жаночая кансультацыя

Праз 10 дзён пасля выпіскі з раддома маладой маме неабходна прайсці абследаванне ў жаночай кансультацыі і ўзяць даведку, што яна стала на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці. Гэтая даведка патрэбна для афармлення дапамогі «да 12 тыдняў».

Крок 6: для атрымання дапамог

Якія дапамогі прадугледжаны дзяржавай?

  1. Дапамога ў сувязi з нараджэннем дзіцяці.

2.Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці.

  1. Дапамога па догляду дзіцяці да дасягнення ім 3-х гадоў.
  2. Дапамога на другога і наступных дзяцей, пакуль малодшаму не споўніцца тры гады.

Якія дакументы патрэбны для назначэння дапамог?

Асноўныя дакументы адразу для ўсіх дапамог, нягледзячы на тое, дзе вы іх будзеце атрымліваць, адны і тыя ж:

  1. Пашпарты бацькоў.
  2. Пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей.
  3. Даведка аб нараджэнні дзіцяці (з загса/сельвыканкама).
  4. Даведка з жаночай кансультацыі, што мама стала на ўлік да 12 тыдняў.
  5. Даведка аб месцы жыхарства і складзе сям’і (з «Жилищника» або ЖБК).
  6. Даведка з аддзела кадраў аб тым, што вы знаходзіцеся ў адпачынку па догляду дзіцяці – гэта ў тым выпадку, калі дапамогу будуць прызначаць ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Такую ж даведку трэба ўзяць для бацькі дзіцяці (для вылiчэння па падаходным падатку).

Куды несці дакументы для прызначэння дапамог?

  1. У бухгалтэрыю па месцы сваёй працы.
  2. У бухгалтэрыю па месцы працы (вучобы) мужа ў выпадках, калі вы беспрацоўная.
  3. У бухгалтэрыю па месцы вучобы, калі вы – студэнтка дзённага аддзялення ВНУ, навучэнка каледжа або ліцэя.
  4. Ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне (па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 78, другі паверх, каб. 206, тэл. 2-14-08), калі: вы беспрацоўная маці-адзіночка; вы беспрацоўная і ваш муж індывідуальны прадпрымальнік (ІП) (вы самі ІП), прыватны натарыус, член сялянскай (фермерскай) гаспадаркi, фізічная асоба, якая ажыццяўляе прадугледжаныя заканадаўчымі актамі віды дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ІП, творчы работнік, асоба, якая выконвае работы па грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці і г.д.

Якія памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, выхоўваючым дзяцей?

Аднаразовыя:

  1. Дапамога ў сувязi з нараджэннем дзіцяці:

–на першае дзіця (10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, далей БПМ) – 1755 руб. (з 1 жніўня 2016 года 1 БПМ складае 175 руб. 50 кап.);

– на другое дзіця (14 БПМ) – 2457 руб.

  1. Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці (1 БПМ), – 175 руб. 50 кап.
  2. Матэрыяльная дапамога ад прафсаюза (калі гэта прапісана ў калектыўным дагаворы), для гэтага абодва бацькі павінны напісаць заяву па месцы працы.

Штомесячныя:

  1. Дапамога па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-х гадоў.

– на першае дзіця – 252 руб. 39 кап (35% ад СЗП па РБ);

– на другое і наступных дзяцей – 288 руб. 44 кап. (40% ад СЗП па РБ);

– на дзіця-інваліда – 324 руб. 50 кап. (45% ад СЗП па РБ).

  1. Дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3-х да 18 гадоў у перыяд выхавання малодшага дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў (0,5 БПМ) – 87 руб. 75 кап.

Калі шлюб паміж бацькамі дзіцяці не зарэгістраваны, то дапамога маці выдаецца па месцы працы або, у выпадку калі яна не працуе (не вучыцца, не служыць), – у органах сацыяльнай абароны, без прадстаўлення даведкі з месца працы бацькі дзіцяці аб тым, што ён аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці не атрымліваў.

Калі на момант звароту па дапамогу бацькі разведзены, то маці дзіцяці павінна прадставіць разам з іншымі дакументамі копію пасведчання аб скасаванні шлюбу.

Крок 7 (для шматдзетных сем’яў): афармленне пасведчання шматдзетнай сям’і

Для гэтага ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне неабходна прадставіць наступныя дакументы:

– пашпарты бацькоў,

– пасведчанні аб нараджэнні ўсіх дзяцей,

– пасведчанне аб заключэнні шлюбу,

– дакументы, якія пацвярджаюць статус (калі такі маецца) няпоўнай сям’і,

– даведку аб складзе сям’і (пажадана) з “Жилищника” ці з ЖБК.

Крок 8 (для шматдзетных сем’яў): у «Адно акно» для атрымання «Сямейнага капіталу»

Права атрымання «Сямейнага капіталу» маюць шматдзетныя сем’і (выхоўваюць 3-х і больш  дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў), калі малодшае дзіця нарадзілася пасля 1 студзеня 2015 года.

Для афармлення адпаведных дакументаў і атрымання капіталу неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно» па адрасе: вул. Р.Шырмы, 17, райвыканкам (I паверх, каб. 119, тэлефон для даведак: 142 або 9-09-69), але не пазней моманту спаўнення дзіцяці 6 месяцаў.

Неабходна прадставіць наступныя дакументы:

– пашпарт,

– заяву ад грамадзяніна (альбо яго прадстаўніка),

– дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка,

– пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і;

– пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які засведчвае асобу мужа (жонкі), – для поўных сем’яў;

– у выпадку няпоўнай сям’і – дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям’і.

– копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) – для усынавіцеляў (удачарыцеляў) дзiцяцi (дзяцей);

– пагадненне аб дзецях, копію (ці выпіску) рашэння суда аб скасаванні шлюбу, якія вызначаюць бацьку, з якім пражывае дзіця (дзеці).

Грамадзянін, якому прызначаны сямейны капітал, на працягу шасці месяцаў з дня прыняцця рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу звяртаецца ў падраздзяленне ААТ «ААБ  Беларусбанк» па месцы прызначэння сямейнага капіталу з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунку «Сямейны капітал».

Крок 9 (для маладых і шматдзетных сем’яў):

у «Адно акно» для атрымання фінансавай падтрымкі

ў пагашэнні запазычанасці

па крэдытах

Маладым* і шматдзетным сем’-ям, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў (альбо стаялі на гэтым уліку на дату заключэння з банкам крэдытнага дагавора), пры нараджэнні або наяўнасці непаўналетніх дзяцей у перыяд пагашэння запазычанасці па крэдытах (за выключэннем ільготных), выдадзеных банкамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, прадастаўляецца фінансавая падтрымка ў пагашэнні запазычанасці па крэдытах.

* Пад маладымі сем’ямі разумеюць сем’і, у якіх хоць бы адзін з бацькоў мае ўзрост да 31 года альбо знаходзіўся ў такім узросце на дату прыняцця на ўлік.

Крок 10: ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне для атрымання адраснай дапамогі

Гэтае пытанне разглядаецца ў індывідуальным парадку ў залежнасці ад катэгорыі і даходаў сям’і. Бясплатную кансультацыю па ім можна атрымаць штодня па тэлефоне: 2-14-08.

Крок 11: для атрымання бясплатнага харчавання на дзяцей ад 3 месяцаў да 2 гадоў

Бясплатнае харчаванне прадастаўляецца сем’ям, у якіх сярэдні даход на 1 члена сям’і не перавышае памер БПМ (175 руб. 50 кап.), і сем’ям пры нараджэнні двайнят ці больш дзяцей незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу.

Неабходна звярнуцца ў Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – ТЦСАН (па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 104 А, каб. 3, тэл. для даведак: 2-11-99) і падаць наступныя дакументы:

–даведкі аб даходах абодвух бацькоў за апошнія 12 месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу падачы заявы; пашпарты; пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей (да 18 гадоў); пасведчанне аб заключэнні шлюбу; дакумент аб статусе няпоўнай сям’і; даведку аб складзе сям’і (па магчымасці); копію працоўнай кніжкі бацькі; выпіску з медыцынскіх дакументаў дзіцяці з рэкамендацыямі ўчастковага ўрача-педыятра па рацыёне харчавання.

Крок 12: у бухгалтэрыю для атрымання дадатковага выхаднога дня

Маці (бацьку, апекуну), што выхоўвае двух дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў (або дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў), штомесяц даецца адзін дадатковы свабодны ад працы дзень з аплатай у памеры і на ўмовах, прадугледжаных у калектыўным дагаворы.

Маці (бацьку, апекуну), што выхоўвае трох і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў (дзіця-інва-ліда ва ўзросце да 18 гадоў), даецца адзін дадатковы свабодны ад працы дзень у тыдзень з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку.

Дадатковы выхадны можа атрымліваць адзін з бацькоў ці абодва па чарзе (па жаданні). Трэба падаць наступныя дакументы: заяву; копіі пасведчанняў аб нараджэнні дзяцей; даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і; інфармацыю аб непрадастаўленні вольнага дня ў тыдзень іншаму бацьку (альбо дакументы, якія пацвярджаюць, што сям’я няпоўная); для сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, – копію пасведчання дзіцяці-інва-ліда; для няпоўных сем’яў – копію пасведчання аб скасаванні шлюбу; для асоб, прызначаных апекунамі (папячыцелямі), – копію рашэння аб устанаўленні апекі (папячыцельства).

Падрыхтавала Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *