
Удзел у мерапрыемстве прыняло больш за 140 дзяцей і падлеткаў з розных аздараўленчых лагераў раёна, а таксама навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.
Пачалася падзея з тэарэтычнай часткі, падчас якой супрацоўнікі раённага ТВВОД, дзяржаўтаінспекцыі, бальніцы, аддзела ўнутраных спраў і райаддзела па надзвычайных сітуацыях нагадалі малым аб правілах бяспечных паводзін падчас летніх канікулаў. Варта адзначыць, што лекцыя атрымалася ў форме дыялога, гэта зрабіла яе больш «жывой» і запамінальнай. Было відаць, што дзеці і падлеткі нядрэнна валодаюць тэарэтычнымі ведамі аб тым, як неабходна сябе паводзіць у месцах, дзе ёсць рызыка для жыцця і здароўя чалавека.
Вядома ж, падобныя падзеі не праходзяць і без практычнай часткі. На гэты раз была імітавана сітуацыя, пры якой грамадзянін, апынуўшыся ў вадзе, пачаў тануць. У гэты момант яму на дапамогу на выратавальнай лодцы аператыўна паспелі работнікі РАНС, якія дасталі чалавека з вады і даставілі на бераг. А там ужо першую медыцынскую дапамогу аказалі фельчары хуткай медыцынскай дапамогі.
— Адзіны дзень бяспекі паказаў, як важна ведаць і прымяняць на практыцы правілы паводзін на вадзе. Дзеці і падлеткі актыўна ўдзельнічалі ў размове, задавалі пытанні і атрымлівалі разгорнутыя адказы ад спецыялістаў. Практычная частка з імітацыяй выратавання пацярпелага прадэманстравала, што рашучасць і зладжанасць дзеянняў выратавальнікаў — ключ да паспяховага аказання дапамогі. Такія мерапрыемствы фарміруюць культуру бяспекі і дапамагаюць пазбегнуць трагедый. «Веданне правілаў — залог спакойных канікулаў», — адзначыў старшыня раённай арганізацыі ТВВОД Юрый Амельянчук. Таксама Юрый Міхайлавіч нагадаў, што кантроль за летнім адпачынкам павінны несці і бацькі. Калі ж яны прыходзяць на бераг возера, то павінны сачыць за гульнямі малых. Толькі так баўленне часу каля вады будзе бяспечным.
Руслан Басак
Фота Кацярыны Масік
