У Пружанах у восьмы раз прайшла цырымонія ўручэння прэмій адораным дзецям «Дараванне». Звыш за сто школьнікаў і 24 калектывы былі адзначаны ў мінулую суботу штогадовай прэміяй «Дараванне». І хаця гэта традыцыйнае для нашага раёна мерапрыемства не было юбілейным, але пачалося яно так, што стварылася ўражанне асаблівай значнасці падзеі. Было бачна, што арганізатары шоу даволі сур’ёзна папрацавалі над яго сцэнарыем, у выніку ў зале Палаца культуры, дзе праходзіла цырымонія, з першых хвілін дзеі не засталося абыякавых гледачоў.

Урачыстасць пачалася з захапляючага тэатра ценяў, пастаўленага даволі прафесійна: з дапамогай спецэфектаў акцёры здолелі перадаць тэматыку канцэрта і прыцягнуць увагу да далейшага разгортвання сюжэта. Усе часткі мерапрыемства былі ўмела ўвязаны паміж сабой, прыцягваючы ўвагу літаральна да «апошняга гонга». Змена дэкарацый і выступоўцаў, цырымонія ўручэння ўзнагарод і музычнае суправаджэнне — усё было дакладна разлічана і сінтэзавалася ў адзіную стужку, якая глядзелася на адным дыханні.

Уразіла прысутных у зале і выступленне старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуна, дакладней, лічбы, якія ён прывёў.

— Уявіце сабе, што сёння мы будзем уручаць сертыфікаты і прэміі больш чым двум сотням дзяцей,— зазначыў Юрый Юр’евіч.— Гэта толькі крыху пераўзыходзіць колькасць прэміраваных падчас мінулагодняй цырымоніі, але ў некалькі разоў больш, чым на самым першым мерапрыемстве, якое адбылося на гэтай сцэне ў 2012 годзе. Лічу, што гэта — яскравы доказ не толькі вялікага патэнцыялу падрастаючага пакалення, але і высокага прафесіяналізму пружанскіх настаўнікаў, а таксама значнага ўкладу бацькоў.

Кіраўнік раёна адзначыў, што для далейшага росту колькасці ўзнагароджаных наш рэгіён мае належныя ўмовы ў плане духоўнага і фізічнага развіцця.

Нават падобная цырымонія, якая з’яўляецца ўнікальнай для Брэстчыны, таксама можа лічыцца дадатковым стымулам для юных талентаў.

Далейшае ўзнагароджанне пацвердзіла, што патэнцыял «таленавітасці» нашымі дзецьмі на працягу бягучага года быў выкарыстаны не да канца. На міжнародным узроўні маладое пакаленне Пружаншчыны вызначылася ў культурных і спартыўных конкурсах: адпаведныя сертыфікаты атрымлівалі самадзейныя калектывы раённых школ мастацтваў і выхаванцы спартыўных школ.

На рэспубліканскім узроўні пружанскія дзеці добра праявілі свае інтэлектуальныя здольнасці: атрымалі перамогі рознай ступені ў алімпіядах, творчых конкурсах і канферэнцыях.

Трэба сказаць, што такіх лаўрэатаў, якіх Ю.Ю.Бісун узнагародзіў адпаведнымі сертыфікатамі і прэміямі, была трэць ад агульнай колькасці адзначаных.

Але асноўная маса прызёраў вызначылася на абласным узроўні — у навуцы і тэхніцы, у працы і творчасці, у спорце і творчых конкурсах. Усім ім адпаведныя прэміі ўручыў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. Х

очацца спадзявацца, што для іх такая цырымонія — першая прыступка да новых вяршынь, а ў наступным годзе мы зноў пачуем іх прозвішчы побач з больш высокімі дасягненнямі.

Варта адзначыць і даволі стракаты ўзрост лаўрэатаў: сярод узнагароджаных былі не толькі навучэнцы старэйшых класаў і выпускнікі, на сцэну выклікаліся і дзеці, якім няма і дзесяці гадоў. Яны толькі пачалі заваёўваць свае вяршыні.

І маюць у запасе яшчэ шмат часу, каб развіваць свае таленты і ў далейшым «прагучаць» не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

Тое, што пружанцы маюць такі вопыт, са сцэны Палаца культуры пацвердзіў бурмістр г.Быхавы Януш Урбан, які спецыяльна прывёз з Польшчы каштоўныя падарункі для танцавальных калектываў «Рубікон» і «Круцёлачкі», творчасць якіх добра вядома і ў суседняй краіне
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).
Больш здымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_268993213