Понедельник, 12 мая 2025

113 гадоў у газавай галіне працуе дынастыя Шлебаў з Пружанскага раёна

607

Напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў газавай, нафтавай і паліўнай прамысловасці я пазнаёмілася з дзіўнымі людзьмі, чыё прозвішча на слыху газавікоў Пружаншчыны яшчэ з 1967 года.

Гэта быў звычайны працоўны дзень, у Пружанскім райгазе работа кіпіць з васьмі гадзін раніцы, усе падраздзяленні працуюць у штатным рэжыме, на кругласутачным дзяжурстве толькі аварыйна-дыспетчарская служба. Калектыў дружны і зладжаны, кожны на сваім месцы вырашае бягучыя вытворчыя пытанні, якія ў гэтай сферы не патрабуюць адкладу. Знайсці час для інтэрв’ю не так проста, але напярэдадні свята для мяне зрабілі выключэнне.

Дынастыя Шлебаў у газавай галіне бярэ свой пачатак з таго часу, калі цяперашні РГЗ яшчэ называўся канторай па газіфікацыі Пружанскага раёна пры Кобрынскім мантажна-эксплуатацыйным участку трэста «Брэстгаз». Заснавальнікам будучай дынастыі газавікоў на прадпрыемстве стаў Вадзім Антонавіч Шлеба, які аддаў галіне 31 год працоўнага стажу. Будучы сціплым чалавекам, пра свайго бацьку Аляксандр Вадзімавіч расказвае няшмат, але дакладна ведае: дзякаваць лёсу ёсць за што. Вось што ён сам гаворыць аб прафесіі, якая стала справай і яго жыцця:

Раман, Анатоль, Аляксандр і Уладзіслаў Шлебы (злева направа).

— Роўна 30 гадоў таму сюды мяне прывёў бацька, які ўзначальваў арганізыцыю з 1967 па 1995 год, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, яшчэ тры гады працаваў старшым майстрам, перадаваў вопыт маладым спецыялістам. Ён і стаў тым маяком у маім жыцці, на святло якога і пайшоў. Ніколі не пашкадаваў аб зробленым выбары, — адзначыў Аляксандр Вадзімавіч. — У прафесіі я з 1994 года, працую механікам участка транспарту і рэалізацыі газу. Зараз успамінаю, калі я толькі пачынаў працоўную дзейнасць, усё было значна складаней. Дастаўка балонаў насельніцтву звадкаванага газу патрабавала вялікіх затрат і намаганняў, для гэтага было задзейнічана 10 аўтамабіляў-клетак ГАЗ-52. Варта сказаць, што паступовая газіфікацыя раёна прыродным газам пачалася толькі ў 1992 годзе, таму і заявак было мноства. Аўтамабілі хутка зношваліся і ледзь не кожны месяц даводзілася мяняць матор, а чарга на дастаўку балонаў абанентам часам даходзіла да пяці тысяч. Цяпер парк аўтамабіляў цалкам абноўлены, больш за 10-12 гадоў машыны не затрымліваюцца. На дадзены момант засталося ўсяго дзве «клеткі», таму паміж мінулым і сенняшнім днём розніца каласальная. Замена транспарту ажыццяўляецца планамерна, усе аўтамабілі абсталяваны кандыцыянерамі, відэаназіраннем, навігацыяй.

З цягам часу на любым прадпрыемстве калектыў абнаўляецца, ветэраны ідуць на заслужаны адпачынак, прыходзяць новыя спецыялісты. Але дакладна можна сказаць, што ў гэтай прафесіі застаюцца людзі, як прынята казаць, з унутраным стрыжнем, іншыя проста не вытрымліваюць такіх тэмпаў работы і высокай адказнасці. Будні ў Аляксандра, безумоўна, напружаныя, бо сама галіна патрабуе сабранасці і павышанай увагі. Маючы важкі багаж ведаў і навыкаў, працаваць даводзіцца ў рэжыме шматзадачнасці, усё трымаць пад кантролем, каб нічога не ўпусціць. Вядома ж, 30 гадоў стажу — гэта вялізны вопыт, якім Аляксандр вырашыў падзяліцца са сваім сынам Уладзіславам. Шлебу-малодшага так натхнілі прыклад і поспехі бацькі і дзеда, што пасля арміі выбар прафесіі для яго стаў відавочны.

— Мой дзядуля, а потым і бацька часта бралі мяне на работу, таму яшчэ ў дзяцінстве я бачыў, што тут цікава, штампаваў бланкі, адказваў на званкі ў дзедавым кабінеце, — з усмешкай кажа Улад. — Пазней ужо свядома сказаў бацьку, што ёсць жаданне тут працаваць, так усё і пачалося. Спачатку прайшоў навучанне ў Брэсцкім філіяле павышэння кваліфікацыі «Газ-інстытут», потым была практыка ўжо тут, на месцы, і пачаў працаваць слесарам па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання. Самым страшным спачатку было самастойна прыступіць да работы, увесь час знаходзіўся ў напружанні, надта адказнасць была вялікая, а калі ўсё атрымалася, стаў упэўнены ў сабе, і страх прайшоў. Праз паўтара года мне прапанавалі месца аператара ЭВМ. Спачатку я доўга разважаў, бо разумеў, што зменіцца ўвогуле ўся спецыфіка, але ў выніку пагадзіўся, і вось ужо шосты год я працую ў арганізацыі. З часам прывык, асвоіўся ў новай якасці і ўжо не ўяўляю сябе ў іншай справе. Вельмі ўдзячны бацьку, што ў свой час накіраваў мяне ў патрэбнае рэчышча, таму ўсё і атрымалася.

На гэтым дынастыя работнікаў райгазу Шлебаў не заканчваецца. У канцы нашай гутаркі высветлілася, што малодшы брат Аляксандра таксама працуе ў гэтай структуры і таксама са сваім сынам. Анатоль Вадзімавіч прыйшоў у арганізацыю яшчэ раней за брата, у 1986 годзе, і зараз працуе майстрам аварыйна-дыспетчарскай службы, а яго сын Раман — слесарам па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў, і ў прафесіі ўжо 14 гадоў. Пагутарыць з імі асабіста мне не ўдалося, Раман часцей за ўсё на выездзе, таму адарваць іх ад рабочага працэсу вельмі складана. Усе ж такі агульнае фота зрабіць пашанцавала, калі яны на некалькі хвілін сабраліся разам на тэрыторыі райгазу.

Я зачаравана слухала, тое, што пра ўсіх расказваў Аляксандр, і сама сабе думала: як добра, калі кожны знаходзіцца на сваім месцы, і ўлюбёны ў сваю справу.

А цяпер давайце падлічым: агульны стаж у газавай галіне ўсёй сям’і, пачынаючы ад дзядулі, складае 113 гадоў.

Ірына Велясевіч.

Фота аўтара.