У рамках святкавання стагоддзя ВЛКСМ у Новых Засімавічах былі высаджаны маладыя дрэўцы: учора на ўездзе ў вёску колішнія камсамольцы і іх пераемнікі — члены «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі» заклалі сквер.
Арганізатары добрай справы, якая нават праз гады будзе нагадваць пра сябе, — Навазасімавіцкі сельвыканкам і ДЛГУ «Пружанскі лясгас». Яны сабралі для ўдзелу ў мерапрыемстве каля шасцідзесяці чалавек. Акрамя прадстаўнікоў арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі вёскі, старшакласнікаў Параслянскай школы і навучэнцаў Пружанскага каледжа, у высадцы дрэў прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і мясцовыя дэпутаты.
Месца для сквера абралі невыпадкова. Тут была пустка, якая мела, мякка кажучы, непрывабны выгляд і патрабавала акультурвання. Зараз, калі на Пружаншчыне ідзе месячнік па навядзенні парадку і азеляненні, акцыя аказалася вельмі дарэчы. Акрамя таго, закладка сквера стала яшчэ і своеасаблівым укладам мясцовых жыхароў у добрыя справы, што ажыццяўляюцца ў рамках Года малой радзімы.
Ну, што ж?! Пачатак ёсць. Пакуль сквер да стагоддзя ВЛКСМ — гэта каля тысячы дрэўцаў: бяроз, каштанаў, дубоў, рабін, вербаў, клёнаў… А будзе яшчэ і працяг: наступнай вясной у рамках Тыдня лесу тут плануецца высадзіць яшчэ дзве тысячы саджанцаў, а таксама паставіць адпаведны памятны знак.
Марына Вакульская,
Сяргей Талашкевіч (фота).