
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-гадоваму юбілею Ліноўскай школы, прайшло ў мінулую суботу, як кажуць, на высокім арганізацыйным узроўні. Госці ўстановы адукацыі, якія прыехалі сюды на святкаванне, адразу адзначылі грунтоўную падрыхтоўку мясцовых педагогаў і вучняў. Прыгожа аформленае школьнае фае кожнаму, хто пераступаў парог школы, паказвала, з нагоды чаго арганізавана ўрачыстасць, што падтрымлівала музычны фон, які ствараў духавы аркестр Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Асаблівую ўвагу прыцягвала юбілейная фотавыстава, створаная ў выглядзе кінахронікі — амаль з першых дзён існавання ўстановы і па сённяшні момант. Гістарычныя здымкі, школьныя падзеі і паўсядзённасць, падручнікі паўвекавой даўнасці і вучнёўскія сшыткі з адзнакамі, партфелі і нават форма, у якой сюды па веды прыходзілі бабулі і матулі. З задавальненнем многія госці знаходзілі на фота сябе маладых, пазнавалі сяброў і дзяліліся ўспамінамі, што амаль заўсёды суправаджалася ўсмешкамі.

100-гадовы ўзрост нават для школы — немалы тэрмін. Гэта — мільёны ўрокаў, мільярды адзнак. А яшчэ тысячы вучняў, а потым і выпускнікоў, многія з якіх дасягнулі значных прафесійных поспехаў у жыцці: сталі афіцэрамі, выкладчыкамі ВНУ, узначалілі прадпрыемствы і нават міністэрствы. Ім усім лёсавызначальны старт дала Ліноўская школа.

Да слова, цяперашні дырэктар адукацыйнай установы Алена Макарэвіч таксама «азы навукі» спасцігала за мясцовай школьнай партай. Тут жа атрымала атэстат сталасці, а пасля прафесійнага навучання вярнулася працаваць настаўніцай менавіта сюды. І ўжо амаль 10 гадоў кіруе педагагічным калектывам. Са словамі падзякі Алена Леанідаўна звярнулася да прысутных ва ўрачыстай актавай зале настаўнікаў, выпускнікоў, ветэранаў і іншых гасцей юбілею. Кіраўнік установы зазначыла, што дзякуючы адданай рабоце былых і цяперашніх педагогаў, тых арганізацый, што заўсёды падтрымлівалі школу, атрымалася дасягнуць такога ўзросту.

А сяброў у мясцовай установы адукацыі сапраўды нямала, многія з якіх сабраліся на ўрачыстасці. І першым слова для віншавання ўзяў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які падкрэсліў, што няправільна адлічваць узрост школы толькі гадамі.

— Настаўніцкая дзейнасць заключаецца ў падрыхтоўцы вучняў да дарослага жыцця, — патлумачыў Руслан Васільевіч. — А значыць, узрост адукацыйнай установы варта лічыць менавіта выпускнікамі, таму Ліноўскай СШ, можна смела сказаць, споўнілася ўжо не адно тысячагоддзе. Побач са слаўным мінулым у мясцовай школы не менш слаўнае сучаснае. І хочацца пажадаць, каб чакала ганаровая будучыня. Будучыня з дзіцячымі галасамі.

Намеснік старшыні райвыканкама ўручыў граматы і лісты падзякі ад раённай улады, Беларускага фонду міру лепшым работнікам і ветэранам. А яшчэ анансаваў планы аб выдзяленні ўстанове амаль 900 тысяч рублёў на рамонт і мадэрнізацыю.

«Традыцыю ўзнагароджвання» працягнулі прадстаўнікі аддзела па адукацыі, якія разам з граматамі сістэмы адукацыі ўручылі педагагічнаму калектыву ноўтбук, які дазволіць павысіць якасць адукацыйнага працэсу, а пасля іх — старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка. З падарункамі прыехалі на свята і кіраўнікі арганізацый Ліноўскага сельсавета: старшыня сельвыканкама Таццяна Мардань, дырэктар філіяла «Аранчыцкае ХПП» Ірына Замковіч, дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васілій Казмярчук. Дарэчы, ад гаспадаркі школе быў набыты відэапраектар.

Потым слова атрымалі выпускнікі розных гадоў. Дарэчы, на сённяшні дзень у школьную хроніку ўнесены імёны 58 залатых і сярэбраных медалістаў. І першым зачыталі віншавальны адрас ад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Сяргея Барташа, які ў 1991 годзе ў Ліноўскай школе атрымаў «пуцёўку ў жыццё». Сяргей Іванавіч пажадаў роднай школе і яе настаўнікам дабрабыту і працвітання, а дзеля дапамогі на гэтым шляху перадаў мультымедыйнае абсталяванне. Выпускнік 1999 года Сяргей Якута, які зараз кіруе Брэсцкай мытняй, прывёз сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару. А група выпускнікоў 1983 года сабрала «канверт» на набыццё аснашчэння для кабінета фізікі.

Падчас урачыстасці гучала нямала віншавальных слоў у адрас юбіляраў. Спагады і міру жадалі дзеткі з выхавальнікамі Ліноўскага дзіцячага садка, прадстаўнікі бацькоўскага папячыцельскага савета, замежныя выпускнікі — з Масквы, Пярмі, Познані, Маямі, Грузіі… І калі ўлічыць усе пажаданні на будучыню, то можна ўпэўніцца, што наперадзе ў Ліноўскай школы будзе яшчэ нямала юбілеяў.

Гістарычная даведка
Згодна з даведкай Дзяржаўнага архіву Брэсцкай вобласці, у в. Лінова ў 1924 годзе была адкрыта школа ў 1 клас.
У 1931 годзе — пяцікласная польская школа, у якой у 1936 годзе навучалася 413 дзяцей.
З 1939 па 1941 гады — «сямігодка», якая спыніла сваю дзейнасць на час акупацыі і аднавіла ў 1944 годзе.
З 1948 года ў Лінове працуе сярэднеадукацыйная школа, у якой у 2024 годзе навучаецца 228 дзяцей.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фатаграфій: https://vk.com/album-23306785_301977512 і https://ok.ru/budni/album/976389009800