Традыцыйныя раённыя спаборніцтвы санітарных дружын у бягучым годзе мелі некалькі адметнасцей. Па-першае, павялічылася колькасць удзельнікаў, і сёлетняе права на прызавыя месцы аспрэчвалі дзесяць каманд, прычым не толькі сельскагаспадарчых акцыянерных таварыстваў, але і перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Удзельнікаў спаборніцтваў на агульным пастраенні вітаў намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, які адзначыў важную ролю сандружын у забеспячэнні бяспекі персаналу прадпрыемстваў, аказання першай дапамогі ў надзвычайных сітуацыях. На гэтым фоне і роля спаборніцтваў бачыцца карыснай у плане атрымання новых ведаў і адпрацоўкі ўменняў у своеасаблівым практычным прымяненні.
Камандам неабходна было паказаць усё, што яны ведаюць, у пяці конкурсных этапах, расказаць, якім інвентаром яны забяспечаны, прадэманстраваць уменне ім карыстацца.
У выніку па колькасці набраных ачкоў перамогу зноў заваявалі сандружыннікі з ААТ «Мурава». Гэта не здзіўляе, бо апошнія некалькі гадоў ствараецца ўражанне, што каманда становіцца прафесіянальнай, што пацвярджае і другое месца мураўцаў на леташніх абласных спаборніцтвах. Другое і трэцяе месцы былі прысуджаны сандружынам з ААТ «Пружанскае» і «Агра-Калядзічы». Лепшым камандзірам сандружыннікаў стала В.А.Базыльян з Аранчыцкай птушкафабрыкі, а самыя дасканалыя веды праявіла сандружынніца з ААТ «Жураўлінае» Т.А.Шыцікава.
Сёлета было вырашана, што творчы конкурс будзе ацэньвацца асобна. І хаця спіс пераможцаў зноў узначалілі сандружыннікі з ААТ «Мурава», сваю долю славы атрымалі каманды з ААТ «Айчына» і Аранчыцкай птушка фабрыкі, якія занялі другое і трэцяе месцы адпаведна ў гэтым конкурсе.
Месцам правядзення мерапрыемстваў у асноўным стаў гарадскі парк, што паказвае больш прадуманую іх арганізацыю, у тым ліку і па стварэнні належных умоў для членаў журы.
Напрыканцы былі падведзены вынікі віктарыны аб Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа. Старшыня раённай арганізацыі Л.А.Лелікоўская ўручыла граматы камандам-прызёрам: Аранчыцкай птушкафабрыцы за першае месца, ААТ «Мурава» і «Агра-Калядзічы» за другое і трэцяе адпаведна.
Хутка ў Маларыце пройдуць абласныя спаборніцтвы сандружын, дзе гонар Пружанскага раёна зноў будзе абараняць каманда з ААТ «Мурава». Жадаем ім паказаць такі ж высокі клас тэарэтычных ведаў і практычных уменняў.
Алег СІДАРЭНКА
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)