Понедельник, 2 декабря 2024

10% пружанцев пользуются банковскими кредитами, 50% имеют вклады

2 847

У рамках адзінага дня інфармавання начальнік галоўнага ўпраўлення Нацбанка па Брэсцкай вобласці І.І.Пацоўскі сустрэўся з калектывам ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Галоўнай тэмай сустрэчы стала развіццё безнаяўных разлікаў і сістэмы АРІП (адзіная разліковая інфармацыйная прастора). Гэта напрамую звязана з узроўнем фінансавай адукаванасці насельніцтва. Перш за ўсё варта адзначыць, што ў банкаўскім асяроддзі пад фінансавай адукаванасцю маецца на ўвазе ахоп насельніцтва ўсімі відамі банкаўскіх паслуг. Аказваецца, паводле вынікаў апытання, праведзенага сярод розных слаёў беларусаў, самымі адукаванымі ў гэтым плане з’яўляюцца людзі 25-45 гадоў — 40% гэтай узроставай катэгорыі карыстаецца рознымі паслугамі банка. Таму і пашырылі аўдыторыю слухальнікаў да дзіцячай.IMG_0542_3812

Што тычыцца Пружанскага раёна, то на першы погляд мы нядрэнна выглядаем на фоне астатніх: актыўных карыстальнікаў банкаўскімі паслугамі ў нас больш 37% насельніцтва. Галоўны банкір вобласці назваў яшчэ некалькі цікавых лічбаў па Пружаншчыне: напрыклад,  уладальнікамі банкаўскіх дэпазітаў з’яўляюцца 18% нашых землякоў, банкаўскія рахункі маюць крыху больш 50%, а вось крэдытамі карыстаецца не больш 10%, пры тым што пераважная іх частка — льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля.

У той час, калі амаль увесь свет аддае перавагу безнаяўным разлікам, у Беларусі яны застаюцца на вельмі нізкім узроўні. Па Брэстчыне гэты паказчык увогуле самы нізкі па краіне — 12,4%. Між іншым, у банкаўскім асяроддзі лічаць, што неблагі заробак — гэта добра, але трэба яшчэ і ўмець карыстацца гэтымі фінансавымі сродкамі. І менавіта безнаяўнае размеркаванне сваіх даходаў, на думку І.І.Пацоўскага, у плане фінансавай адукаванасці характарызуе чалавека.

— Сёння Беларусбанк прапануе патэнцыяльным кліентам больш тысячы паслуг, але далёка не ўсе імкнуцца зразумець іх карысць. Вось, напрыклад, не кожны ведае, што на астатак сумы на карт-рахунку можна атрымліваць працэнт і пры гэтым актыўна карыстацца сваёй пластыкавай карткай, — адзначыў Іван Іванавіч. — Альбо зрабіць доступ некалькіх картак да аднаго рахунка, каб доступ да сямейнага бюджэта мелі ўсе члены сям’і.

СМС і інтэрнэт-банкінг — бадай, адна з самых патрэбных банкаўскіх паслуг: яна дазваляе пазбегнуць чаргі і тым самым эканоміць наш час. Такім чынам сёння можна не толькі аплочваць тавары, купляць білеты, разлічвацца за камунальныя паслугі і многае іншае, але і распараджацца сваімі сродкамі ў рэжыме рэальнага часу нават з-за мяжы. Праўда, да пружанцаў разуменне іх выгаднасці яшчэ не прыйшло: праз інтэрнэт робяць разлікі пакуль толькі 2,5% жыхароў раёна. Тым не менш І.І.Пацоўскі перакананы: будучае — за безнаяўнымі разлікамі. Хутка і мы гэта зразумеем.

Марына Вакульская.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *