З Ганнай Якаўлеўнай Зарэмба з вёскі Галасяціна мы пазнаёміліся на сустрэчы-прэзентацыі праекта “Вёска, што не павінна знікнуць”, якую наладжвалі летам на аграсядзібе “Стулы”. І не прамінулі, каб не заехаць да яе на падворак, клапатліва і з густам засаджаны кветкамі. «Пабачце, якая прыгажосць, — кажа бабуля. – Яшчэ б больш кветак насадзіла, ды ў калодзежы вады мала».

Нагадаем: праект, які рэалізуецца грамадскім аб‘яднаннем «ТУР» на тэрыторыі Шчарчоўскага сельсавета, мае на ўвазе работу з старымі жыхарамі ў двух дзясятках тутэйшых вёсак.
Я сказала “старымі”? А вы бачылі гарэзны бляск у вачах Ганны Якаўлеўны? Чулі яе жарты-прыгаворкі? Тры месяцы таму жанчына адзначыла 90-годдзе, але яе пачуццю гумару, аптымізму, сіле духу, радасці ад кожнага дня, кожнай мінуты жыцця, думаецца, могуць пазайздросціць і маладыя.

А жыццё было такое няпростае, напоўненае невыносна цяжкай працай.
– Як пасля вайны ў калгас нас збіралі, мы плакалі. Быў калгас наш з адною кароваю: у Камянецкім раёне рыжую Зорку купілі, — узгадвае бабуля. – Але ж выстаялі, сваімі рукамі гаспадарку паднялі. Я даяркай працавала, потым у паляводства пайшла, адтуль у свінарнік забралі, 200 свіней даглядала, вёдры цягала. Ямы пад тэлеграфныя слупы самі капалі, сцірты складвалі. Нідзе і нічога не баялася. Пасля працы зімой на кроснах ткалі, летам у ягады хадзілі… А спявалі як! Апоўначы пасля працы разыходзімся ў розныя бакі – і спяваем, ажно наваколле звініць…
Без справы і зараз бабуля Ганна сябе не ўяўляе. Гаспадарка, праўда, ужо не такая вялікая: куры ды козачка, кот ды сабачка. Ды вось прыгажосць вакол сябе стварае.
Са святам Вас, шаноўная Ганна Якаўлеўна! Здароўя Вам, бадзёрасці і сіл на ўсе задумкі.
Ірына Сядова, Сяргей Талашкевіч (фота).