1 красавіка 1946 года стала адметным для Пружан адкрыццём Дома сацыялістычнай культуры. У драўляным будынку, які размяшчаўся на месцы цяперашняга корпуса аграрна-тэхнічнага каледжа па вуліцы Чырвонаармейскай, ладзілі танцы і ўрачыстасці пры ўступленні ў шлюб. Па сутнасці, гэта была першая пасляваенная культурная ўстанова горада. З таго часу прайшло семдзесят гадоў — цэлае жыццё, на працягу якога ствараліся новыя творчыя калектывы, мяняліся работнікі, адбывалася станаўленне і развіццё галоўнай установы культуры раёна.
Каб успомніць усё гэта, мы запрасілі да размовы дырэктара Палаца культуры А.В.Кавалевіч.
— У 1957 годзе, — расказвае Аксана Вячаславаўна, — Дом культуры не толькі пераехаў у будынак касцёла, але і набыў статус раённага. А неўзабаве там быў створаны хор настаўнікаў горада пад кіраўніцтвам В.А.Каробкі. У 1976 годзе – гарадскі хор, узначаліў які Я.С.Малайчук. Праз некаторы час вакалісты з гэтага хору ўвайшлі ў вядомыя дагэтуль калектывы – хор ветэранаў “Чырвоны гваздзік”, якім першай кіравала Т.М.Міса, і хор “Вербніца”, які пад кіраўніцтвам І.І.Гвоздзіка публіка цёпла сустракае па сённяшні дзень. А вось першым пружанскім калектывам, які атрымаў званне народнага, быў аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам І.В.Багамолавай. Вядучыя салісты таго часу, выступленні якіх пружанцы віталі асабліва, — Ганна Місевіч і Віктар Лаўрэнаў, Галіна Гук і Марыя Казловіч, Міхаіл Гусак, які спяваў і іграў на баяне.
— Напэўна, з папулярызацыяй песні і развіццём вакальнага майстэрства сваю ўвагу культработнікі ўдзялялі і іншым відам мастацкай самадзейнасці…
— Пружанская моладзь сямідзясятых, бясспрэчна, памятае вакальна-інструментальны ансамбль “Стымул”, які быў створаны пры РДК у 1973 годзе і музыка якога грымела на танцпляцоўках горада. Прыблізна ў гэты ж час па ініцыятыве М.М.Літоўчанкі ствараецца ў раёне і драматычны калектыў. Менавіта гэтыя два калектывы прадстаўлялі Пружаншчыну на Усесаюзным фестывалі мастацкай самадзейнасці працоўных, і па іх выступленнях складвалася ўражанне аб развіцці культуры раёна.
— Каля сарака гадоў узначальваў Дом культуры Васіль Іванавіч Курачынскі. Ці таму, што ён кіраваў гэтай установай найдаўжэй за сваіх папярэднікаў, ці таму, што працаваў параўнальна нядаўна, аднак менавіта ў гэты перыяд пра творчыя калектывы Пружаншчыны даведалася нават замежжа. Як Вы лічыце, Аксана Вячаславаўна, прычына таму — абставіны ці канкрэтны чалавек?
— І першае, і другое. Хаця тое, што нашаму Дому культуры пашанцавала з такім кіраўніком, як Васіль Іванавіч, аспрэчваць ніхто не будзе. У 1976 го-дзе ён змяніў на пасадзе М.Р.Севасцьянчык. А ўжо праз тры гады восем пар танцораў нашага Дома культуры на чале з дырэктарам выступалі ў оперным тэатры Мінска з “Польскімі курпёўскімі танцамі”. Іх выступленне рэспубліканскае тэлебачанне дэманстравала некалькі разоў… Амаль што адразу В.І.Курачынскі аднавіў і дзейнасць драмкалектыву. З тэатральнымі пастаноўкамі “Сейбіты” выступаюць дагэтуль. За сваю дзейнасць Васіль Іванавіч узнагароджваўся граматамі міністэрстваў культуры і адукацыі, прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Васьмідзясятыя гады многія адзначаюць як росквіт танцавальнага майстэрства творчых калектываў раённага Дома культуры…
— Найперш гэта датычыць ансамбля танца “Завіруха”. Для культуры раёна ўзлёт калектыву быў як гром сярод яснага неба. Ансамбль, якім кіраваў Ю.С.Васілюк, сваёй творчасцю пакарыў Польшчу, Чехаславакію, Балгарыю, Іспанію і абараніў званне народнага. Побач з гэтым калектывам заўсёды грымела “Спадчына”, створаная пры заводзе радыёдэталей. Своеасаблівае творчае спаборніцтва, якое панавала ў той час паміж танцорамі гэтых калектываў, было толькі на руку гледачам. Пазней з’явіўся ансамбль эстраднага танца “Рубікон”.
— Аксана Вячаславаўна, але з часам патрабавалася мяняць і падачу культурнага “прадукта”. Як гэта было ў нас?
— Варта згадаць пачатак дзевяностых гадоў. Дарэчы, у 1993 годзе РДК перайменавалі ў ГДК, і ён пераехаў у будынак Дома афіцэраў. Першае шоу, якое арганізавалі там Алёна Лосева і Эўгеніюс Валанчус, было накшталт вядомага расійскага тэлешоу “Утренняя звезда” і мела вялікі поспех. Праз дзіцячую эстрадную студыю “Меладзін” прайшло нямала юных пружанскіх вакалістаў, некаторыя з якіх дабіліся поспеху на ўзроўні краіны. Менавіта патрабаванні часу садзейнічалі стварэнню і “Юніёр-эрудыт клуба” для падлеткаў.
А вось з пераходам пад крыло ГДК камернага хору, які ўзначаліў Я.С.Малайчук, стварэннем Ю.П.Казеем духавога і эстраднага аркестраў, прадоўжылася развіццё як духоўнага песнапення, так і эстраднай музыкі.
— Дзякуючы рэспубліканскім “Дажынкам” у 2003 годзе Пружаны атрымалі шыкоўны Палац культуры. Што змянілася ў творчым жыцці калектыву?
— Свайго прафесійнага ўзроўню дасягнуў танцавальны калектыў “Ойра” пад кіраўніцтвам В.М.Пілюціка, а папулярнасці – народная арт-група “Родники” (кіраўнік Алёна Лосева) і народны вакальны ансамбль “2+2” (кіраўнік Аляксандр Котаў). Наогул, у параўнанні з савецкім перыядам, калі нумары мастацкай самадзейнасці культработнікі Дома культуры рыхтавалі звычайна толькі ў сувязі з чырвонымі датамі календара, насычанасць нашых выступленняў вырасла непараўнальна. Цяпер у сярэднім у нас праводзіцца пяць мерапрыемстваў на тыдзень, а за мінулы год іх колькасць толькі крыху недацягнула да трох соцень. На дадзены момант у Палацы культуры працуюць 30 гурткоў, з якіх 14 – са званнем “народны” і “ўзорны”.
Гутарыла Галіна Каляда.
На здымках: 1. «Завіруха» ў першым складзе. 2. Справа — Васіль Курачынскі. 3. На некаторы час касцёл вымушана ператварыўся ў «чырвоны». 4. Дом афіцэраў, куды пазней перасяліўся Дом культуры. 5. Запіс на тэлебачанні. Віктар Лаўрэнаў і Іван Гвоздзік. 6. Такім памятае вакальна-інструментальны ансамбль “Стымул” моладзь 1970-х. 7. Дзень сённяшні. Ідзе агучванне фільма да 70-годдзя Палаца культуры.
Фота з архіваў Палаца культуры.