Суббота, 23 сентября 2023

Управляющая делами Шерешевского сельисполкома Галина Карагода: «Слова благодарности — лучшая награда»

1 145

У тлумачальных слоўніках дзяржаўны служачы называецца чыноўнікам, чалавеку якому нададзены чын — ступень службовага становішча. Аднак сёння мы часцей выкарыстоўваем гэта слова, называючы так раўнадушных выканаўцаў і бюракратаў.IMG_7415

З поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што гэта ніяк не ўласціва Галіне Пятроўне Карагодзе, якая працуе кіраўніком спраў Шарашэўскага сельвыканкама: некалькі разоў нам тэлефанавалі чытачы «раёнкі» з просьбай выказаць удзячныя словы гэтай жанчыне.

— Больш за два дзясяткі гадоў працую ў сельвыканкаме,— расказвае наша суразмоўца.— Зносіны з людзьмі, вырашэнне канкрэтных пытанняў, якія хвалююць нашых наведвальнікаў, — сапраўдная школа жыцця. І ўдзячныя словы, паверце, — гэта найвышэйшая ўзнагарода для дзяржаўнага чалавека. Гэта акрыляе, надае ўпэўненасці.

За час, што Галіна Пятроўна пражыла тут са сваёй сям’ёй, настолькі параднілася з Шарашовам, што лічыць сябе карэннай жыхаркай. І гэта вельмі важна, на яе думку, для таго, каб працаваць з мясцовымі людзьмі. З кожным трэба умець размаўляць, а калі не ведаеш, чым жыве пасёлак, ці можна адчуць сябе «разам у адной лодцы»? Гэта адзін з галоўных жыццёвых прынцыпаў Галіны Карагоды. А яшчэ жанчына лічыць, што неабходна выслухоўваць чалавека ў любой сітуацыі, бо ён не дарма звяртаецца да дзяржаўных служачых, значыць, сутыкнуўся з такой праблемай, у вырашэнні якой яму патрэбна дапамога.

— Можа, здараліся такія выпадкі, калі даводзілася расчараваць наведвальніка, адмаўляючы яму ў просьбе з-за таго, што закон ніякіх выключэнняў не дапускае?

— Заўсёды трэба знайсці магчымасці для таго, каб чалавек змог ажыццявіць свае правы: на работу, на вучобу, на атрыманне зямлі пад пабудову дома або правядзенне туды зручнасцей. Гэта не азначае, што неабходна шукаць шляхі для абыходу літары закона, але можна знайсці альтэрнатыву, іншае рашэнне з разраду магчымых.

— І ўсё-такі, думаю, жанчыне працаваць дзяржаўным служачым цяжка, бо ад прыроды прыгожая палова чалавецтва больш эмацыянальная і ўсё, дрэннае і добрае, прапускае праз сваю душу.

— Мужчына стварае сямейны ачаг, а жанчына яго падтрымлівае. Таму першаму прасцей адрамантаваць або пабудаваць новы дом, а другой трэба яго трымаць у належным парадку, каб усё працавала, як гадзіннік. Так алегарычна можна назваць і маю работу, толькі «ачаг» мае большыя памеры. Магчыма, таму мне лёгка ўнікаць у  людскія праблемы, бо многія з іх клапоцяць і мяне саму. У праблемах разам шукаем выйсце, у бядзе — паратунак, у роспачы — супакаенне…

Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *