Понедельник, 9 декабря 2024

Ружанскому дому пионеров исполнилось 50 лет

3 163

2 студзеня 1960 года па рашэнні Ружанскага райвыканкама свае дзверы адчыніў Ружанскі дом піянераў і школьнікаў.

Для яго быў адведзены адзін пакой у педкабінеце раённага аддзела адукацыі. А праз некалькі месяцаў ён пераехаў у будынак па вуліцы Савецкай, што каля сквера Урбановіча. Першым дырэктарам установы стала Таццяна Сямёнаўна Мураўёва, якая з веданнем справы пачала праводзіць масава-палітычную, метадычную і гуртковую работу. У Доме піянераў адчыніліся гурткі піянерскага актыву, клуб інтэрнацыянальнага сяброўства, фатаграфіі, народных інструментаў, кройкі і шыцця. Домашний кабинет — еще одно приобретение Дома пионеров.

У маі 1962 года на возеры Паперня адбыўся першы злёт піянераў і школьнікаў, які і даў пачатак лепшым мясцовым традыцыям піянерыі: праводзіліся кастрычніцкія фестывалі ў дзень абароны дзяцей, злёты піянераў на радзіме піянера-героя Ціхана Барана, агляды-конкурсы мастацкай сама-дзейнасці, сустрэчы з цікавымі людзьмі — дзіцячымі пісьменнікамі Міхаілам Герчыкам і Галінай Васілеўскай, членамі КПЗБ-героямі кнігі «Они не стали на колени», маці Колі Гойшыка…

У верасні 1962 года калектыў узначаліла Таццяна Пятроўна Буткевіч. Час падказаў стварыць гурткі тэхнічнай творчасці, краязнаўства і прыродаахоўнага цыклу, пашырыць сетку гурткоў для старшакласнікаў. Праз два дзесяткі гадоў з моманту адкрыцця ва ўстанове працавалі 25 гурткоў, у якіх займаліся амаль 550 дзяцей.

У 1988 годзе Дом піянераў і школьнікаў пераехаў у будынак сярэдняй школы, і гаспадыняй у ім стала Раіса Іванаўна Прэдка. Дарэчы, на працягу ўсёй дзейнасці гуртковай работай была ахоплена дзятва не толькі мясцовай школы, але і сельскіх школ Ружанскай зоны. Тут з задавальненнем заўсёды спяваюць і танцуюць, шыюць і займаюцца рукадзеллем, малююць, майструюць.

Ішоў час. Назва нашай установы мянялася. Сёння мы — шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю. Але для нашых дзяцей, ды і для жыхароў усяго пасёлка, мы па-ранейшаму — Дом піянераў.

Цяпер у шматпрофільным цэнтры працуюць 24 гурткі і займаюцца больш як 400 хлопчыкаў і дзяўчынак. Як у старыя добрыя часы, пасля школы яны спяшаюцца ў наш цэнтр, дзе іх чакаюць вопытныя настаўнікі, якія любяць сваю справу: Г.А.Малышэўская — кіраўнік танцавальнага гуртка, З.С.Жук — мяккай цацкі, А.В.Казачкоў — тэхнічнай творчасці, Т.М.Маразевіч — малявальнага, Р.І.Прэдка і А.І.Солавава — дэкаратыўна-прыкладной творчасці, М.У.Кандрацьева — вакальнага, М.Б.Ляцкая — экалагічнага… Прыемна ўсведамляць, што ніводнае мерапрыемства ў пасёлку не абыходзіцца без удзелу нашых выхаванцаў. Работы юных талентаў выстаўляюцца на рознага ўзроўню выставах і конкурсах.

Добрую падрыхтоўку атрымліваюць хлопчыкі ў тэхнічных гуртках, заняткі ў якіх дапамагаюць паступленню ў тэхнічныя ВНУ і каледжы. Швачкамі працуюць многія дзяўчаты. А наведвальнікі танцавальнага гуртка выступаюць нават на прафесіянальнай сцэне: Таццяна Паўлоўская, напрыклад, стала артысткай балету. А Людміла Пянькова і Людміла Чыжык пішуць вершы і друкуюць іх у перыядычных выданнях. Братам Петраневічам у свой час дапамагло вызначыцца з прафесіяй наведванне тэхнічнага гуртка: Анатоль Васільевіч быў камандзірам самалёта ІЛ-76, а Васіль Васільевіч — доктар тэхнічных навук, працуе ў Акадэміі навук у Падмаскоўі. Народны майстар Рэспублікі Беларусь Юрый Малышэўскі вучыўся маляваць у гуртку Уладзіміра Крука, які сёння вядомы як вядучы плакатыст краіны і былы галоўны мастацкі рэдактар часопісаў «Маладосць», «Мастацтва Беларусі», «Спадчына». Лілія Ганчарова калісьці займалася ў мастацкім гуртку, а сёння працуе мастаком-дэкаратарам-афармляльнікам на тэлебачанні ў Македоніі. І гэта далёка не поўны пералік людзей, якія знайшлі сябе ў жыцці не без дапамогі нашай пазашкольнай установы. Вельмі прыемна, калі дзіцячыя захапленні гурткоўцаў потым становяцца іх асноўнай работай.
Людміла Гаргадзе,кіраўнік гуртка юных карэспандэнтаў. Фота Марыны Ахрамовіч.
НА ЗДЫМКАХ:
1. Кіраўнік гуртка «Васілёк» Р.І.Прэдка і А.Ахраменя займаюцца вышыўкай.
2. Плённай з’яўляецца работа гуртка авіяракетамадэлявання, якім кіруе В.В.Акінчыц: хлопчыкі пастаянна прымаюць удзел у раённых і абласных спаборніцтвах па авіяракетамадэльным спорце, прывозяць з іх граматы і ўзнагароды.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *