Понедельник, 2 декабря 2024

Почти через полтора века раскрыта тайна Ружанского метеорита

3 353

Пару гадоў таму на прасторах сусветнага павуціння натрапіла на вельмі цікавую інфармацыю: быццам бы на тэрыторыі раёна шмат гадоў назад упаў метэарыт, які назвалі Ружаны. Дакладнай, разгорнутай інфармацыі пра яго знайсці не ўдалося: метэарыт Ружаны — адзін з самых загадкавых. Тым не менш сабраць амаль усе вядомыя на сённяшні дзень звесткі, а затым іх сістэматызаваць і абагульніць аказалася пад сілу адміністратару інтэрнэт-партала «Усё пра Ружаны» Аляксандру Каралёву. Бясспрэчным быў адзін вывад: метэарыт Ружаны быў занесены ў даведнікі, але, парадзіўшы плойму загадак і чутак, атрымаў паметку «probably not a genuine meteorite», што адносіць яго да псеўдаметэарытаў, сумніўных, і шматлікія пошукі гэтага касмічнага госця не прыносілі поспеху. І толькі нядаўна, дзякуючы нечаканай знаходцы, святло на гэтае таямнічае адкрыццё было праліта. Але пра ўсё па парадку…bolid

А ці быў метэарыт?

У 1956 годзе ў акадэмічным польскім выданні «Acta Geophisica Polonica» быў надрукаваны артыкул Е.Пакрыўніцкага «Пра метэарыт Ружаны і з’явы, суправаджаючыя яго ў атмасферы» — напэўна, найбольш поўны збор сведчанняў пра метэарыт і найверагоднейшае апісанне з’явы. Сабраўшы надрукаваныя ў прэсе сведчанні відавочцаў і паведамленні карэспандэнтаў, у аўтара не было нават кроплі сумнення, што 7 снежня 1894 года прыкладна ў 19.30 жыхары Польшчы і Беларусі бачылі палёт баліда ў накірунку паўночнага ўсходу. Але ні пацвердзіць, ні аспрэчыць сам факт падзення і знахо-джання метэарыта Пакрыўніцкі не ўзяўся: сам метэарыт за столькі гадоў не быў знойдзены.

Дакладны шлях, які зра-біла касмічнае цела, нават знаўцам складана вызначыць: у такіх выпадках навукоўцам даводзіцца абапірацца не на вымярэнні, а на дастаткова суб’ектыўныя назіранні і статыстыку. Мяркуецца, балід з’явіўся дзесьці паміж Варшавай і Ломжай, на вышыні каля 250 кіламетраў, і, прайшоўшы шлях у 320 кіламетраў, узарваўся дзесьці ў раёне паўночней Ружан.

Дарэчы, не надта ўдалы час выбраў для свайго «выступлення» метэарыт: над большай часткай тэрыторыі, дзе можна было яго бачыць, стаяў моцны туман ці была воблачнасць. Таму большасць патэнцыяльных назіральнікаў змаглі ўбачыць усяго толькі яркае святло альбо прарывістую светлавую дарожку.   метеоріт1

Словам, метэарыт Ружаны стаў сапраўднай загадкай для многіх пакаленняў навукоўцаў ды проста цікаўных, якія задаваліся пытаннямі: дзе ж мог упасці гэты метэарыт? А магчыма, ён быў не адзін, паколькі сведчанні відавочцаў расказваюць пра выбух: можа, гэта быў дождж метэарытаў, накшталт пултускага, які мог выпасці ў радыусе 10-20 кіламетраў ад кропкі выбуху? Ды так дакладна невядомымі і засталіся каардынаты гэтага баліда…

Метэарыт знойдзены… сумніўны

У 25-гадовым узросце гэты чалавек стаў сведкам неверагоднай падзеі — падзення буйнога метэарыта непадалёк ад вёскі Азярніца, што на суседняй Слонімшчыне. Гэтая карціна засталася ў яго памяці на ўсё жыццё, але толькі праз 40 гадоў пашчасціла, як яму здавалася, знайсці некалькі кавалкаў упаўшага метэарыта.prior_catalogue

Крыху перадгісторыі. Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі, пра якога ідзе гаворка, — ураджэнец гэтых мясцін, закончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, першапачаткова звязаў свой лёс з ваеннай справай. Некаторы час ён служыў у Слабудцы, закончыў Першую сусветную вайну ў чыне палкоўніка, служыў у радах Чырвонай арміі, але ў 1921 годзе — у 50-гадовым узросце — вырашыў вярнуцца на Слонімшчыну і цалкам аддаўся археалогіі. У выніку калекцыя Слонімскага краязнаўчага музея, заснаванага І.І.Стаброўскім у 1929 годзе, і цяпер засноўваецца на яго зборы.

Але бліжэй да тэмы нашай гаворкі. У 1935 годзе Іосіф Іосіфавіч паблізу вёскі Азярніца знаходзіць нешта вельмі падобнае на каменны метэарыт, дакладней — некалькі яго фрагментаў. Гэтую знаходку ён перавёз у Слонім, дзе зарэгістраваў у матэрыялах краязнаўчага музея пад назвай «метэарыт Ружаны». Новы экспанат даследавалі спецыялісты, якія пацвердзілі, што ён мае самае непасрэднае дачыненне да хандрытаў. У музеі знаходка захоўвалася як мінімум 20 гадоў. Аднак пасля вайны, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, што знойдзеныя «камяні» сапраўды з’яўляюцца метэарытамі, Стаброўскі напісаў ліст у Камітэт па метэарытах АН СССР. Па просьбе Акадэміі ў Слонім прыехала група геолагаў, у складзе якой быў і беларускі навуковец С.І.Рынг, які пазней зазначыў у сваёй кнізе: «Наведаўшы ў 1955 годзе Слонімскі музей… мы пераканаліся, што ўзор, які захоўваецца ў музеі пад назвай «метэарыт Ружаны», уяўляе сабой валун асадачнай пароды. Наша заключэнне пацвердзілі затым шляхам мікраскапічнага аналізу». У выніку праз некаторы час большасць аўтарытэтных метэарытных каталогаў альбо цалкам выключылі ружанскі метэарыт, альбо дадалі да яго паметку «сумніўны» ці «псеўдаметэарыт».

Такой вось няўдачай абярнуліся пошукі метэарыта. Але не ўсе паспяша-ліся паставіць кропку ў гэтай гісторыі. І не дарэмна.Ружаны замок_7243

Метэарыт існуе

Калі сама верагоднасць падзення метэарыта ў канцы ХІХ стагоддзя на Ружаншчыне відавочная, то надзея на тое, што яго рэшткі знойдуцца сёння, у ХХІ стагоддзі, пасля столькіх спроб знайсці яго, была зусім мізэрнай. І хто б мог падумаць, што вось ужо больш паўстагоддзя метэарыт знаходзіцца зусім побач…

Даведацца пра каштоўную знаходку нам пашчас-ціла аднымі з першых: дырэктар музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Р.С.Кніга па сакрэту расказаў, што нябеснае цела знойдзена і сумненні ў яго сапраўднасці зводзяцца да нуля, — тым не менш справа за навукоўцамі-даследчыкамі з Акадэміі навук, якія павінны яшчэ аформіць   афіцыйнае заключэнне.

— Метэарыт Ружаны стаў сапраўднай загадкай, — расказвае Руслан Сяргеевіч, — адгадка якой, як аказалася, вось ужо каля 60-70 гадоў была зусім блізка. Справа ў тым, што ў пасляваенны час вялося будаўніцтва каменнай агароджы для Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў Ружанах. Каменне, сярод якога быў і валун-метэарыт, было прывезена з паўночнай часткі наваколля пасёлка. Так загадкавы балід аказаўся надзейна схаваным на многія гады.

І вось сёлета настаяцель храма айцец Аляксандр Сень узяўся за рамонт царкоўнай агароджы. Жалезакаменны валун адразу ж прыцягнуў яго ўвагу: у 26-кілаграмовым чорным аб’екце памерам з два футбольныя мячы супрацоўнікі музея адразу ж прызналі хандрыт.

— Гэта без сумненняў метэарыт: ён адрозніваецца ад каменняў — вельмі шчыльнай масы, чорны, утрымлівае шмат жалеза і іншых сплаваў, са слядамі гарэння, якія засталіся, калі ён праходзіў праз слаі атмасферы, — запэўнівае Р.С.Кніга. — І даследаванні пацвердзілі, што гэта метэарыт Ружаны.

Без роздуму ўнікальны артэфакт святар перадаў мясцоваму музею. Сёння любы жадаючы можа наведаць музей і ў экспазіцыі «Гісторыя мястэчка Ружаны» дакрануцца да метэарыта і адчуць яго аўру. Між іншым, прыблізны кошт метэарыту ацэньваецца ў 300 тысяч долараў. Можа, нездарма ў даўнейшыя часы метэарыты надзяляліся асаблівымі якасцямі: з іх кавалачкаў рабілі амулеты, абярэгі.

Метэарыт — не першы экспанат, які з’явіўся ў музеі дзякуючы плённаму супрацоўніцтву паміж царквой і ўстановай. Цікава, што знаходка, якая не давала спакою вось ужо столькі гадоў, была выяўлена толькі цяпер, калі ёй ёсць дзе заняць дастойнае месца.

Марына Вакульская.

На здымках: балід на малюнку відавочцы; Ружанскі метэарыт; дырэктар музея Руслан Кніга. Фота Юрыя МАЛЫШЭЎСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *