Понедельник, 9 декабря 2024

Здесь служат настоящие мужчины

3 675

Недалёка ад вёскі Ласасіна, на мяжы трох раёнаў — Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага, на ўскрайку Ружанскай пушчы размясціўся 210 авіяцыйны палігон. Быццам асобная краіна, якая жыве па сваіх вайсковых законах…

Па лясной дарозе, што вядзе да часці, строем ішлі салдаты, якія пасля прыняцця прысягі цяпер праходзяць абучэнне па тактыцы. Разам з імі — падпалкоўнік Ставіца.
— У нас тэрміновую службу праходзяць усяго сем чалавек апошняга, зімовага прызыву, у асноўным усе хлопцы мясцовыя, з Пружаншчыны. Адборам маладога папаўнення ў райваенкамаце займаўся сам, выбіраў лепшых. Усе спакойныя, ураўнаважаныя, узровень здароўя вышэй сярэдняга, здольныя выконваць пастаўленую баявую задачу, — па-вайсковаму рапартуе Віталь Барысавіч і тут жа дае волю разважанням. — Найбольш цяжкім для іх быў пераходны перыяд да салдацкага жыцця, і не па прычыне нязвыклых фізічных нагрузак, а з-за маральнага аспекту, фарміраванне сябе як асобы ў калектыве. Але ж усе юнакі праз гэта праходзяць.

Упэўненасць у неабходнасці праходжання тэрміновай вайсковай службы выказвае радавы Максімовіч з Пружан. Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы Сяргей паспеў паўгода папрацаваць падатковым інспектарам у Гродна. Пасада адказная. Таму, як прызнаецца сам, яму цяжэй было прывыкнуць да вайсковага жыцця, чым адвыкнуць ад цывільнага.
А вось Юрый Галякевіч з Крыніцы наогул не выключае, што будзе працягваць службу на кантрактнай аснове. Яму ў арміі вельмі падабаецца. Юнак таксама згодны, па звычцы адказваючы «Так точна», з агульнапрынятым меркаваннем, што армейскую школу павінен выпрабаваць на сабе любы паважачы сябе мужчына.
Для салдат тэрміновай службы кожны дзень ідзе звыклай чарадой: пад’ём у шэсць гадзін раніцы, зарадка, умыванне, запраўка ложкаў, 6-гадзінныя заняткі… Хаця камандаванне пераконвае, што ў салдат адзін дзень усё ж не падобны на другі. Варта адзначыць, што тут ствараюць усе ўмовы, каб хлопцам служылася як мага лепш: ёсць трэнажорная зала і так званы пакой для вольнага часу і інфармацыі з музычным цэнтрам, гітарай, тэлевізарам (можна паглядзець вести), відэамагнітафонам, DVD-прайгравальнікам, ёсць бібліятэка і клуб.

Дарэчы, у дзень нашага візіту ў вайсковую часць на палігоне ішлі палёты, і нам пашчасціла пабываць за шлагбаўмам паста ачаплення, які абмяжоўвае допуск туды асоб, не прымаючых удзелу ў правядзенні стрэльбаў і забеспячэнні баявых вылетаў. Да слова, тут адпрацоўваюць навыкі баявога прымянення зброі авіятары з Засімавічаў, Росі, Бярозы, Мачулішчаў, Баранавіч. Камандзір часці А.Я.Скальзаеў расказвае:
— Палігон прыназначаны для баявога прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння, тактычнай вывучкі падраздзяленняў войскаў супрацьпаветранай абароны. Неабходная вучэбна-матэрыяльная база дазваляе практыкавацца ў бомбакіданні з паветра  бомбамі ўключна да 500 кілаграмаў, а таксама некіруемымі авіяцыйнымі ракетамі розных марак.
На рабочай плоскасці палігона размешчана 31 мішэнь, у залежнасці ад роду і характару выконваемых авіяцыйнымі часцямі задач  выбіраецца адпаведная. За дзень да палётаў авіятары павінны падаць заяўку камандаванню ваенна-паветраных сіл аб выкананні запланаваных практыкаванняў, каб ваеннаслужачыя палігона паспелі падрыхтаваць неабходныя мішэні.
У ліку прафесіяналаў, якія ведаюць толк у гэтай справе, тут называюць начальніка аддзялення сувязі прапаршчыка А.М. Ракуця і камандзіра ўзвода забеспячэння стрэльбаў старшага прапаршчыка В.М.Ярша.
На тэрыторыі 210 авіяцыйнага палігона часта праводзяцца маштабныя вучэнні, у тым ліку і з удзелам узброеных сіл дзвюх краін — Беларусі і Расіі.

Адказная работа ў пункце кіравання даручана і прадстаўніцам слабога полу: яны маюць справу з камутатарам, з дапамогай якога кіраўнікі палётаў трымаюць сувязь паміж сабой і са сваімі базамі. 16 гадоў тэлефаністкай працуе Людміла Міхайлаўна Харытонік.

Хочацца сказаць некалькі слоў і пра жыццё ў ваенным гарадку, які, як кажуць самі яго жыхары, знаходзіцца ў адрыве ад цывілізацыі: да гарадскога пасёлка Ружаны 11 кіламетраў. Жыццё ў лесе ніколькі не засмучае ваеннаслужачых, больш таго, — некаторыя пры выхадзе ў адстаўку застаюцца жыць на ўлонні прыроды. Працуе магазін, арганізаваны падвоз дзяцей у школу, побач ёсць возера, асвечаная крынічка… Жаночы савет, створаны пры часці, наладжвае культурныя мерапрыемствы і канцэрты… А ўласны машынны парк спраўляецца са снегам сёлетняй снежнай зімой не горш за дарожныя арганізацыі.

Не абыходзіцца, зразумела, і без праблем. Цяжка выбрацца, напрыклад, у Ружаны, асабліва таму, у каго няма асабістага аўто. Камандаванне часці звярталася ў аўтапарк №11 г.Пружаны, каб маршрут аўтобуса «Ружаны — Шчытна» падоўжылі і да ваеннага гарадка, бо тут жывуць і пенсіянеры, і інваліды, і цяжарныя жанчыны. Аднак прыйшоў адказ, што ўчастак дарогі ад вёскі Верчыцы да гарадка мае грунтовае пакрыццё, якое не адпавядае патрабаванням для арганізацыі руху пасажырскага транспарту. Хаця, калі разабрацца, грунтовае пакрыццё пачынаецца яшчэ ад Ружан. Падказалі толькі: маўляў, ваенны гарадок размешчаны ў радыусе трох кіламетраў ад прыпынку аўтобуса, і на павароце ў Шчытна будзе ўведзены прыпынак па патрабаванні пасажыраў.

Але гэтыя акалічнасці не перашкодзілі камандзіру часці падпалкоўніку А.Я. Скальзаеву, чалавеку тут новаму — мінулай восенню яго перавялі з Полацкай механізаванай брыгады, адразу прыкіпець да гэтых мясцін  душой.
— Прырода, — кажа Аляксандр Яўгенавіч, — тут цудоўная, столькі лясной жывёлы я больш нідзе не бачыў. І столькі славутасцей ёсць побач: палац у Ружанах, замак у Косаве…

-Сёлетні год аб’яўлены Годам якасці, — гаворыць камандзір Скальзаеў. — Таму перад падначаленымі стаяць адпаведныя задачы і ўзяты накірункі дзейнасці: увесь састаў вайсковай часці будзе адпрацоўваць і павышаць сваё прафесійнае майстэрства.

Марына Ахрамовіч, фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *