Завяршыўся маштабны агляд таленавітых дзяцей з усёй Беларусі ў рамках тэлепраекта канала ОНТ “Я пяю”. У ім удзельнічала каля дзвюх тысяч дзяцей са шматдзетных і няпоўных сем’яў і выхаванцаў дзіцячых дамоў не старэй 14 гадоў.
У фінал выйшлі 11 удзельнікаў, сярод якіх адзін пружанец. Гэта вучань 6 “Б” класа гімназіі Набіль Зарук.
— Дагэтуль я ўдзельнічаў у праслухоўванні ў Брэсце, — расказвае Набіль. – Выступаў пад нумарам 228. Прайшоў адбор і ў ліку пяцідзесяці чалавек, якіх адабралі з абласных цэнтраў, трапіў на праслухоўванне ў Мінск. Ну, а там пашчасціла аказацца ў ліку адзінаццаці фіналістаў.
Варта адзначыць, што Набіля Зарука добра ведае пружанская публіка. Хлопец даўно і паспяхова выступае на розных канцэртах, удзельнічае ў конкурсах. Апошнія гады яго вакальныя здольнасці развівае кіраўнік эстраднай студыі ГДК Алена Лосева і педагогі харавога аддзялення Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў. Падтрымліваюць юнага спевака і ў гімназіі. Дарэчы, прыняць удзел у тэлепраекце “Я пяю” прапанавала хлопцу менавіта класны кіраўнік В.Ф.Каробка.
Цяпер Набіль Зарук актыўна праходзіць падрыхтоўку ў Мінску да фінальных выступленняў. З юнымі спевакамі займаюцца прафесійныя музыканты, харэографы і стылісты. На маючых хутка адбыцца канцэртах (яны пачнуцца з 30 студзеня ў Палацы рэспублікі) фіналісты выканаюць дзесяць песень, пяць – сольна і пяць калектыўна. Што гэта за песні, арганізатары не агучваюць, сцвярджаюць толькі, што публіку чакаюць сюрпрызы, а дзецям давядзецца спяваць з сапраўднымі зоркамі эстрады.
Тэлеверсію дзіцячага песеннага конкурсу гледачы змогуць паглядзець на канале ОНТ (верагодна, не раней чым праз месяц) і прагаласаваць за спадабаўшагася фіналіста. Спадзяемся, што землякі падтрымаюць пружанскага хлопца і прагаласуюць за Набіля Зарука. Якім чынам? Сачыце за тэлерэкламай.
Галіна Каляда.