Среда, 6 ноября 2024

Ямы на дорогах: отсудить деньги за ремонт или держать в голове «карту ям»?

2 362

Апошнія зімы адметныя тым, што змяненне тэмпературнага рэжыму адбываецца не паступова, а вельмі рэзка. Змена марозаў адлігай і наадварот прыводзіць да разбурэння асфальтавага пакрыцця вуліц і дарог. Рызыка трапіць колам у яму і гэтым нанесці значны ўрон свайму аўтамабілю застаецца. Што рабіць у такім выпадку?

Безумоўна, вопытныя вадзіцелі раяць трымаць у галаве «карту выбоін» і па магчымасці абмінаць небяспечныя ўчасткі. Але такія арыенціры даводзіцца абнаўляць, і добра, калі не на ўласным горкім вопыце. У выпадку, калі не ўдалося абмінуць выбоіну, у выніку чаго аўтамабіль атрымаў «траўму», трэба ведаць, што падобныя сітуацыі таксама рэгулююцца беларускім заканадаўствам.яма

Кожная выбоіна рэгламентуецца

Напрыклад, паводле дзеючага ў нашай краіне СТБ 1291-2007, памеры ям не павінны быць больш 0,09 квадратнага метра па плошчы (30х30 см) і 5 см у глыбіню. Усе выбоіны, большыя хаця б па адным параметры, павінны агароджвацца тэхнічнымі сродкамі арганізацыі дарожнага руху ў адпаведнасці з СТБ 1300.

Дарэчы, у рэспубліцы паспяхова дзейнічае інтэрнэт-праект «БелЯма». Карыстальнікам прапануецца дабаўляць інфармацыю аб дэфекце, адправіць заяву ў мясцовую ДАІ, чакаць 35 дзён з моманту рэгістрацыі заявы, і калі за гэты час дэфект не адрамантаваны, накіроўваць скаргу ў суд. Шматлікія наведвальнікі байнэту ацанілі такі сэрвіс, і на сённяшні дзень «калекцыя»            «БелЯмы» налічвае амаль тысячу дэфектаў, некалькі заяў знаходзяцца на разглядзе ў ДАІ, ёсць і статыстыка выкаранення недахопаў.

Як адзначаюць дарожнікі, у сувязі з рэзкімі перападамі тэмпературы ямачнасць на дарогах краіны імкліва набліжаецца да крытычнай адзнакі. На галоўнай магістралі краіны (траса М1)  штодня працуюць некалькі брыгад, кожная з якіх у дзень можа падлатаць 30-40 квадратных метраў дарожнага палатна. Гэтага, відавочна, вельмі мала, асабліва пры тым фінансаванні, якое прадугледжана ў апошнія гады.

Свой уклад робяць і «ліхія» аўтамабілісты, з-за якіх за дзень выбоіна шырынёй у два сантыметры можа «вырасці» ў дзесяць разоў.

Калі ў яму колам…

А між тым, з-за калдобін на дарогах пакутуюць, у першую чаргу, аўтамабілі, бо кошт іх рамонту намнога вышэйшы за аднаўленне дарог. Тым больш, што ўскладваецца ён не на плечы дзяржавы, а іх уладальнікаў. Пракол або, што яшчэ горш, парыў пакрышкі падчас руху можа прывесці да страты кантролю над аўтамабілем і, адпаведна, да дарожна-транспартнага здарэння. Пагнутыя пласціны ўяўляюць меншую небяспеку, але ўсё роўна патрабуюць замены, бо зніжаюць манеўранасць аўтамабіля пры яздзе на высокай хуткасці.

Яшчэ адна бяда — дэфармацыя рулявых цяг з прычыны трапляння ў яму. Пасля такой паломкі машына, вядома, працягне ехаць. Праўда, не зусім у тым накірунку, у якім жадае кіроўца: кручэнне руля ў гэтым выпадку будзе абцяжарана, таму візіту на СТА ўжо не пазбегнуць.

Што ж рабіць, калі патрапіў у такую «засаду»? Пагодзімся, што далёка не заўсёды рамонт дарожнага палатна, адчынены люк, велізарная яма своечасова абазначаюцца адпаведнымі знакамі. І калі вы трапілі ў такую пастку, то гэта ўжо парушэнне закона з боку дарожнай службы, абслугоўваючай дадзены ўчастак дарогі. Іншая справа, што не ўсе вадзіцелі ведаюць аб сваіх правах.

Рамантуй за свой кошт

Менавіта таму важна выконваць наступны алгарытм дзеянняў у такой сітуацыі:

— адразу жа спыняем рух і глушым рухавік;

— уключаем аварыйную сігналізацыю і выстаўляем знак аварыйнага прыпынку;

— робім фотаздымкі з месца ДТЗ і заўважныя пашкоджанні аўтамабіля (цяпер на мабільніках ёсць камеры);

— калі ёсць сведкі ДТЗ, запісваем іх прозвішчы і тэлефоны;

— выклікаем ДАІ для афармлення ДТЗ.

Пасля прыезду супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі важна самому асабіста ўдзельнічаць пры складанні схемы. Абавязкова засяродзьце ўвагу на дакладным памеры ямы і на адсутнасць паведамляючых аб небяспецы дарожных знакаў і агародж. Імкніцеся самі ўдзельнічаць падчас складанняў схемы!

На жаль, бывае і так, што пасля «спаткання» з ямай выяўляецца пашкоджанне картэра рухавіка. Як вядома, без масла рухавік працаваць не можа. Без змазкі частак, якія труцца, рухавік зак-ліньвае за лічаныя хвіліны, несучы свайму ўладальніку дадатковыя расходы на дарагі рамонт. Пры прабоіне ў картэры масла пачне выцякаць з сістэмы. Дасведчаны вадзіцель адразу зразумее, у чым справа, па індыкатары маслянага ціску. Але вось пачаткоўца можа не звярнуць увагі: ці мала якая лямпачка міргае на прыборнай панэлі.

І так, калі пры руху на аўтамабілі вы адчулі моцны ўдар, варта неадкладна спыніцца, заглушыць рухавік і аглядзець аўтамабіль. Калі пацярпела толькі абарона або іншыя неадказныя элементы, масла і іншыя вадкасці не выцякаюць, то можна акуратна працягнуць рух.

Падставай для клопату стане з’яўленне кропель масла. Нават калі іх няшмат, працягваць рух або заводзіць аўтамабіль забаронена! Пашкоджаны падшыпнік пераграваецца: чым большымі будуць абароты, тым мацней знос, і гэта працягваецца да таго моманту, пакуль шатун не абарвецца і не праб’е блок цыліндраў. У такім разе рамонт рухавіка ўжо  бессэнсоўны, яго можна адразу здаць ва ўтыль. Калі ж рызыкнуць даехаць да СТА сваім ходам, то перасоўвацца трэба на мінімальных абаротах. Аднак пасля такога прабегу можа спатрэбіцца замена каленвала.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *