Другі год запар у «Пружанскага палацыка» ў літаральным сэнсе «зносіць дах». Не дзіўна, фестываль эксперыментальнага мастацтва «Рэха ДАХу», які сёлета другі раз ладзіўся ў музеі-сядзібе, зноў паказаў, што мастацтва вымяраецца двума пазіцыямі: «таленавіта» і «халтура». А ўжо потым можна разважаць аб напрамках, стылях, жанрах…
На жаль, як і ў мінулым годзе, гледачоў на фестывалі сабралася не больш, чым удзельнікаў. Магчыма, пружанцы спалохаліся мудрагелістых слоў «саверсізм» і «ігдрасілізм»? Дык нічога недазволенага: у кантэксце фестывалю першае азначае сеянне «разумнага, добрага, вечнага», а другое сімвалізуе дрэва жыцця — сувязуючыя карані мінулага з будучыняй (гэта я так расшыфравала).
Як і ў мінулым годзе, фестываль прысвячаўся Тадэвушу Рэйтану — нацыянальнаму герою, незаслужана забытаму на многія гады. Нагадаю, што падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1773 годзе гэты ўраджэнец цяперашняга Ляхавіцкага раёна паказаў сябе сапраўдным патрыётам і нават у сваім пройгрышы аказаўся героем.
Калі да леташняга «Рэха ДАХу» Зміцер Юркевіч — адзін з арганізатараў фестывалю — падрыхтаваў сціплую газетную публікацыю пра гэтую знакавую асобу, то на гэты раз нас парадавалі ажно двума відэафільмамі — «Тадэвуш Рэйтан. Беларускі Дон Кіхот», знятым тэлеканалам АНТ у рамках гістарычнага праекта «Зваротны адлік», і дакументальнай кароткаметражкай «Апошняя з роду Рэйтанаў» рэжысёра Алёны Ясінскай. Майстар эксперыментальнага мастацтва і перформанса Алесь Родзін прадставіў графічны цыкл, прысвечаны роду Рэйтанаў.
Наогул у гэты дзень у палацыку выстаўлялася нямала прыгожых і дзіўных карцін і фатаграфій, перформансары нешта прадстаўлялі, гучала музыка самых розных напрамкаў. Не ўсё з гэтага набору было звыклым, але ўсё — яскравым, таленавітым, захапляльным.
***
У рамках фестывалю госці з Баранавічаў парадавалі прэзентацыяй сучасных курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Вясёлыя заняткі, праводзімыя ў гульнявой форме, з выкарыстаннем мультымедыйных дапаможнікаў і нават мульцікаў, зацікавілі і бабуль, і ўнукаў. І, спадзяюся, сталі першым зярняткам моўнага навучання, кінутым у пружанскую — дагэтуль не вельмі ўрадлівую — глебу.
Я зацікавілася, што сабой наогул уяўляе «Мова нанова». Аказваецца, пачатак гэтым бясплатным курсам для тых, хто «ведае не зусім добра ці зусім нядобра» родную мову, паклалі толькі ў сёлетнім студзені мінскія філолаг Алеcя Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. За кароткі час суполкі «Мова нанова» з‘явіліся ў шэрагу буйных і не вельмі гарадоў Беларусі і Польшчы. А тыя, хто зацікавіўся і хоча вывучаць мову нанова самастойна ці арганізаваць сваю суполку, могуць скарыстацца распрацоўкамі, выкладзенымі на сайце www.movananova.by.
На здымках: пад імправізацыі Івана Гвоздзіка і Рамана Яраша ногі самі пускаліся ў скокі; фільм пра Т.Рэйтана прадстаўляе Зміцер Юркевіч; радавод Рэйтанаў у графіцы Алеся Родзіна; мова нанова — інтэрактыўная гульня, якая дае грунтоўныя веды.
Фота аўтара.
Ірына Сядова.