Цяжка не згадзіцца, што значная частка поспеху ў пошуках і затрыманні рабаўніка, які на вуліцах нашага горада нападаў на жанчын, належыць апошняй выбранай ім ахвяры. Жанчына не разгубілася і дала адпор напаўшаму на яе мужчыне, чым значна дапамагла следству. Дзякуючы атрыманым ад яе больш падрабязным прыкметам, следчым не спатрэбілася і паўсутак, каб высветліць асобу рабаўніка і затрымаць яго.
Несправядліва будзе, калі грамадскасць не даведаецца імя гераіні нашага часу. Гэта прадавец магазіна «Санар» Наталля Тырынава. Кіраўніцтва Пружанскага РАУС вырашыла ўзнагародзіць жанчыну граматай і грашовай прэміяй. Наталлю Мікалаеўну ўшанавалі на рабочым месцы ў прысутнасці калег і пакупнікоў, выказалі словы падзякі за актыўную грамадскую пазіцыю і садзейнічанне ўнутраным органам у раскрыцці злачынстваў.
Праўда, барані Бог яшчэ калі-небудзь садзейнічаць менавіта такім чынам.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Аляксандр МЕЛЕШ (фота).