Напярэдадні Новага года — праз тыдзень пасля Калядаў — нашы продкі-славяне святкавалі Шчодры вечар, які па хрысціянскім календары яшчэ называлі днём святой Маланні або Васільевай калядой. Шчодрым вечар называлі таму, што на стол ставілі багатую куццю, якую, у адрозненне ад поснай, запраўлялі мясам і салам.
Вылучалася свята яшчэ і абрадам, які называлі Шчадрухай. Продкі лічылі: калядоўшчыкі адганяюць песнямі ды карагодамі нячыстую сілу, якая асабліва шчыруе ў гэты час.
Гэтыя народна-абрадавыя традыцыі памятаюць і сёння. На Пружаншчыне адраджальнікам абрадаў і традыцый нашых дзядоў і прадзедаў з’яўляецца калектыў Аранчыцкага дома фальклору. Сёлета вакальны гурт «Каханачка», які дзейнічае пры ўстанове, павіншаваў некалькі працоўных калектываў, у тым ліку і рэдакцыі «раёнкі»: артысты разыгралі абрад «Шчадроўкі». Як водзіцца, за шчырыя пажаданні і «пасыпанне» збожжам шчадроўшчыкаў аддзячылі пачастункамі.
На здымку: калектыў «Каханачка» Аранчыцкага дома фальклору пад кіраўніцтвам Яўгеніі Васілюк.
Марына Вакульская.