Разнастайнасцю фарбаў і багаццем ураджаю заўсёды славілася беларуская восень. Сёлетняя восень у Пружанах выдалася шчодрай яшчэ і на весялосць. Менавіта вясёлай людской гамонкай вылучаўся кірмаш, які прайшоў у райцэнтры ў мінулую нядзелю.
А пачалося ўсё святочным шэсцем працаўнікоў сяла — тых, хто прыклаў найбольш намаганняў для ўраджаю сёлетняга года. Прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў, радасныя і святочныя, вясёлым гужам пацягнуліся на цэнтральную плошчу горада, каб стаць галоўнымі героямі свята-кірмашу “Пружанская восень”. А там і іх, і шматлікіх гараджан ужо чакалі восеньскія дары — усё, што вырасла ў садах і на палях.
Ад мноства сельгаспрадукцыі, якую прадставілі на кірмаш вытворцы і перапрацоўшчыкі раёна, вочы разбягаліся. Гандаль вёўся як з машын, так і са знарок прыстасаваных для гэтага гандлёвых месцаў. Хоць і нязначна, але адрознівалася і цана на садавіну з агароднінай. Напрыклад, у залежнасці ад прадаўца, тыя ж сталовыя буракі можна было купіць па цане ад 1500 да 2050 рублёў за кілаграм, моркву – ад 1900 да 2300, яблыкі каштавалі 1350 рублёў, бульба – 800, цыбулю можна было знайсці коштам па 3000 рублёў за кілаграм. Да машын з капустай па цане 1900 рублёў, здавалася, чарга была бясконцай. Сярод мноства пакупнікоў заўважна вылучаліся маладыя і спрытныя хлопцы ў чырвоных майках з надпісам “БРСМ”, якія разносілі бульбу і капусту, іншую агародніну адзінокім і састарэлым людзям. Такім чынам пра іх паклапаціўся аграрна-тэхнічны каледж, навучэнцы якога і аказвалі людзям дапамогу.
Удзел у кірмашы прынялі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, а таксама перапрацоўшчыкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Так, кансервавы завод прадаваў соусы, кансерваваныя агуркі і памідоры новага ўраджаю. Малочны камбінат прадставіў вядомую прадукцыю ад “Шчодрай масленіцы” — сыры на любы густ і кашалёк, ад “Аляксандраўскага” па цане 43050 рублёў да “Мааздам дэ Люкс” за 67100 рублёў за кілаграм. Яйкі, хлеб, жывая рыба… Бойкі гандаль вёўся на кожным кроку. Парадавалі магазіны спажыўкааперацыі раёна, якія прапанавалі людзям самы шырокі асартымент тавараў — ад прадуктовай да прамысловай групы. А тыя, хто прыйшоў на свята галодным, мог яшчэ і смачна перакусіць. Прыемна здзівілі і прыватнікі. Напрыклад, толькі сувеніраў з выявай і сімволікай нашага горада было хоць адбаўляй. Разнастайная прыгожая драбяза з керамікі, дрэва, камянёў так і прасілася аказацца ў якасці пакупкі. Многія майстры не гублялі час дарэмна, як, напрыклад, рэзчык па дрэве з Пінска Мікалай Калько. Ён тут жа даваў майстар-клас, пераводзячы, як жартаваў, дровы на лыжкі. А мастак каменнага роспісу па дрэве з Віцебска Аляксей Шубін толькі і паспяваў, што расказваць, прадаючы карціны беларускага пейзажу з рознакаляровых камянёў. Прывезлі на кірмаш нават шарсцяныя шкарпэткі з Башкірыі, плеценыя з галін кітайскія шкатулкі і вазоны. Ад разнастайных калабкоў, дудачак, грабянёў, пацерак і ступак з самага разнастайнага матэрыялу вочы разбягаліся!
Многія вытворцы скарысталіся святам, каб не толькі прадаць, але і разрэкламаваць сваю прадукцыю. Пружанка Марыя Пятрань, напрыклад, якая вырошчвае 188 сартоў вінаграду, прапаноўвала яшчэ і пакаштаваць смачную ягаду. Былі шчодрымі і пчаляры, што прывезлі свой салодкі прадукт не толькі з нашага раёна, але і вобласці. Якую мэблю ўмеюць рабіць, паказалі РКБА і прыватнае прадпрыемства “Людміла”.
Аднак найбольшае захапленне выклікалі падворкі сельсаветаў, якія прываблівалі не толькі дурманячым пахам печыва, але і сваёй прыгажосцю. Кожны падворак быў нечым адметны. Так, напрыклад, Ліноўскі прадставіў не толькі работы майстроў “чаравальных спраў”, якія займаюцца карункапляценнем, фларыстыкай і роспісам па шкле. Сталы падворка прагіналіся пад розным смакоццем — ад каравая да самаробнай каўбасы. На Новазасімавіцкім падворку, што ўласціва вёсцы, гасцей сустракаў сабака, праўда, штучны, віталі драўляныя дзед з бабай. А вязаныя кручком жаночыя шалі нават можна было купіць у самой майстрыхі.
Ружанскі фальварак вылучаўся сваёй шляхецкасцю. Гэта было заўважна ў адзенні гаспадароў і абсталяванні фальварка. А Шарашоўская карчма — гаспадарлівасцю і прыцягвала асабліва дзятву. Ад клетак з парасятамі і “зайчыкамі” малых было не адцягнуць.
Для прапрымальных шчарчоўцаў заходзілі пераважна з грашовым інтарэсам. Абутак ад “Уніформы” здаваўся прыцягальным і якасцю, і коштам. А вось да шаняўцоў проста нельга было не зайсці. Бо адмовіць на запрашэнне гасцінным Паўлу Рыбачку і Аляксандру Станкевічу было не магчыма. Завітаўшых на падворак там здзіўлялі прыгожымі кашамі і вышыўкай, забаўлялі, паказваючы на дзеда з бабай, якія ляглі адпачыць…
А вось з “цыганскага” ўжо Сухопальскага падворка і выходзіць не хацелася. Завадная Кармеліта ўсіх запрашала ў боўлінг пагуляць. І многія не адмаўляліся: вельмі ўжо вабіў супер-прыз — пацалунак самога цыганскага барона! Весялосці там было не займаць. “Цыгане” адрозніваліся не толькі пачуццём гумару, але і незвычайнай шчодрасцю. Ружамі з цеста і блінамі частавалі ўсіх, хто прыходзіў да іх з адкрытай душой. А некаторых нават адорвалі — цёплымі тапачкамі ад мудрай і заслужанай “цыганкі” Лідзіі Гарэйкі.
“Хто нас мінае, той смаку не знае!” — заклік Хараўскога фальварка, можна смела заявіць, адпавядаў усім без выключэння фальваркам, створаным знарок да свята. Таму хацелася зайсці і на Велікасельскі, Мокраўскі і Пружанскі падворкі. А на Зеляневіцкім, здалося, так і засталася б. Ну, вельмі ўжо прываблівала цуда-печ!
Варта адзначыць, што сельскія працаўнікі не толькі парадавалі на кірмашы вырашчаным ураджаем, сваёй артыстычнасцю таксама. Чаго толькі варта было выступленне ліноўскіх весялух. Так званы “Бульбафэст”, на якім гаспадары падворкаў сваталі сваіх жаніхоў, раптам пераўтварыўся ў імправізаванае вяселле, гасцямі на якім сталі ўсе пружанцы. Думаецца, надоўга запомніцца прысутным “Вялікасельскі флэшмоб”, аты-баты новазасімавіцкіх салдатак, шарашоўскія прыпеўкі, парады маладой ад зеляневіцкіх артыстаў і інтэрнэт-сваха з Мокрага. Да слёз рассмяшылі хараўскія рознанацыянальныя жаніхі, уразілі Леў Сапега, які нечакана заспяваў, і шаняўская гаспадынька. Шчарчоўская “лада-каліна”, конік з пружанскага падворка, сухопальскія цыганы з мядзведзем, які ўмее лупіць бульбу, — такое не забываецца! Гледзячы на рэакцыю публікі, так і хацелася крыкнуць: “Брава, дарагія нашы вяскоўцы!”
Дарэчы, адпачыць на свяце-кірмашы пружанцы і госці горада маглі ўдосталь. Працавалі атракцыёны і бяспройгрышная латарэя — жадаючыя нават выстраіліся ў чаргу. Памерацца сілай маглі і мясцовыя асілкі. Так, 16-кілаграмовую гіру ажно 250 разоў падняў навучэнец каледжа Ілья Труцько. А ў спаборніцтвах па армрэстлінгу не было роўных студэнту Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пружанцу Яўгену Міхайлічэнку.
І вось хвалюючы момант — падвядзенне вынікаў свята-кірмашу. У намінацыі “Бульбафэст” было прысуджана адразу два трэція месцы — спевакам і танцорам Пружанскага і Мокраўскага падворкаў. Другое месца занялі артысты Хараўскога, а першае — Велікасельскага падворкаў. Вызначылі адразу трох лепшых гаспадынь так званых фальваркаў — Аляксандру Дзешка (Шчарчова), Станіславу Фасевіч (Шарашова) і Людмілу Каляду (Шані), якія занялі першае, другое і трэцяе месцы. У ліку лепшых, былі адзначаны Новазасімавіцкі і Зеляневіцкі падворкі. А перамогу святкаваў Сухопальскі падворак. Другое месца было прысуджана Ліноўскаму, трэцяе — Ружанскаму падворкам.
Таксама на свяце былі падведзены вынікі выставы “Цудоўны волат градкі”, у якой прынялі ўдзел гаспадары, якія вырасцілі вялікую агародніну ці садавіну. Другое месца было прысуджана Неаніле Несцеравай з Пружан, якая вырасціла вялізны арцішок, а першае — Алене Голуб за проста гіганцкі агурок, які хутчэй нагадваў касу. Нечаканасцю было з’яўленне на свяце пенсіянеркі з в.Шані Валянціны Смецюх з цуда-яблыкамі, вагой за кілаграм кожнае. На жаль, жанчына спазнілася на свята, таму ў конкурсе не паўдзельнічала. Хаця шанцы на перамогу, відаць, мела. Як, бясспрэчна, заслугоўвае і слоў захаплення — сёлета здала на перапрацоўку на завод чатыры тоны яблыкаў з уласнага саду, сярод якіх і славуты сорт “Алеся”.
Свята, якое пачалося раніцай, закончылася толькі пад вечар. Людзі, якім дапазна спявалі і танцавалі самадзейныя пружанскія артысты і вучні школ мастацтва, не хацелі разыходзіцца. А выступленне народнага хору “Сузор’е” са Свіслацкага РДК выклікала сапраўдную буру авацый. І публіка не скупілася на кветкі.
Галіна Каляда, Аляксандр Мелеш (фота).